У ААТ “Жабінкаўскі” поўным ходам ідзе жніво. Камбайны накіроўваюцца на палі, як толькі спадае раса і можна малаціць. Убрана ўжо амаль палова плошчаў. Маглі б і больш, ды дажджлівае надвор’е стрымлівае. Таму механізатары выкарыстоўваюць кожную “сухую” хвіліну.
Камбайны дружнай чародкай абмалочваюць спелыя ўчасткі. За сераду, напрыклад, змаглі абмалаціць 90 гектараў (столькі ж, як і ў ААТ “Ракітніца”), што складае 5 % прыросту.
– Нічога, хутка палова ўборкі будзе, – кажа намеснік дырэктара па вытворчасці Ганна Плытнік. – Ураджай радуе: сёлета 40,2 цэнтнера на круг маем (летась – 33,7 ц/га). – Па гэтым паказчыку мы другія пасля хлебаробаў з “Вазнясенскага”. Зразумела, што гэтая лічба яшчэ будзе мяняцца. У засекі засыпалі ўжо 3200 тон збожжа, і за ўчарашні дзень намалацілі 390 тон. Паралельна звозім з палёў салому, праводзім лушчэнне сцярніны. Усё арганізавана, сур’ёзных праблем не адчуваем. Адзінае, што стрымлівае тэмпы – дождж. Няхай бы дзянёчкаў пяць пачакаў.
На здымку: хлебаробы ААТ “Жабінкаўскі” Сяргей Андраюк, Уладзімір Угляніца, Сяргей Крывалевіч, Юрый Карняйчук, Канстанцін Шульгач, дырэктар ААТ Міхаіл Вячорка, Сяргей Главацкі, Андрэй Валасюк, Сцяпан Данілюк, Сяргей Свіціч, намеснік дырэктара Ганна Плытнік.
Тэкст і фота Святланы БЯЛЯК.
