Святлана БЯЛЯК.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
У мікрараёне цукровага завода, ля храма Пакроваў Прасвятой Багародзіцы, работнікі КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” на працягу некалькіх дзён высаджвалі дрэўцы. Прыхаджане храма нарадавацца не могуць, любуючыся радамі статных бярозак. Усяго тут з’явілася некалькі соцень дрэўцаў — цэлы гай! Пустыр, шчыра кажучы, меў непрывабны выгляд — некалі тут людзі садзілі бульбу, а апошнія гады ён выкарыстоўваўся як выган для хатняй жывёлы. А побач — храм, і хочацца, каб навокал яго было прыгожа і чыста, тым болей, насаджваюцца дрэўцы ў трэці раз: то засохнуць, то жывёлы папсуюць.
А далей? Пэўна нейкі час дрэўцы будуць паліваць, каб прыжыліся. Толькі не хацелася б, каб кволыя насаджэнні не пацярпелі ад рагоў і зубоў коз і кароў, якіх яшчэ трымаюць жыхары на суседніх вуліцах. Мо, ёсць сэнс устанавіць у маладзенькім парку таблічку, што выгул хатняй жывёлы тут забаронены (для гэтага ёсць выпас ля возера), а парушальніка-гаспадара чакае штраф (штрафныя санкцыі часта самая надзейная і даступная форма данясення пэўнай інфармацыі). Хочацца, каб парк побач з самотным месцам — могілкамі — прыжыўся і радаваў вока.

