Хто ж мацнейшы: Дзед ці Санта?

Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фотакалаж Святланы БЯЛЯК.
Усё ж святкаваць мы ўмеем — па любым стылі, ад Новага года ажно да Старога
(і нават крыху па-кітайску)! Мабыць, тлустую кропку ў гэтым феерычным марафоне паставілі 14 студзеня зоркі беларускага спорту, якія завіталі ў госці да выхаванцаў Жабінкаўскай школы-інтэрната.
ГОД, ШТО НАСТУПІЎ, будзе шчодрым на святочыя падзеі, у тым ліку спартыўныя. Вяршыняй іх стануць ІІ Еўрапейскія гульні, якія ў чэрвені прыме беларуская сталіца. Пра тое нагадаў у прывітальным слове дырэктар школы-інтэрната Аляксандр Кавальчук.
— Сёння ж тыя, каму ўжо пакарыліся алімпійскія вяршыні, хто стаў прызёрам Свету і Еўропы ў розных спартыўных відах — сярод нас! — зазначыў з радасцю Аляксандр Андрэевіч.
Пагэтаму нядзіўна, што цудоўная святочная феерыя для вучняў з аслабленым зрокам, арганізаваная абласным цэнтрам падтрымкі спорту, таварыствам “Дынама” і Брэсцкім цэнтрам алімпійскага рэзерву па грэблі, мела назву “Спартыўны Новы год”.
Перад юнымі гледачамі разгарнулася сапраўднае відовішча, у якім “спрачаліся” галоўныя навагоднія героі — Дзед Мароз ды Санта Клаус. Што толькі не выраблялі гэтыя гаспадары зімы, каб узняць настрой малечы, якая актыўна адгукалася на кожны конкурс! Дзядуля з Сантам і на руках высвятлялі, хто мацнейшы, і спявалі, і танчылі, далучаючы да сваіх спаборніцтваў дзятву, — словам, стваралі Свята з вялікай літары. Прычым без усялякай магіі, калі не ўлічваць магію спорту, што прымушае моцна “хварэць” як малых, так і дарослых!
Толькі дзеці з ахвотай адказалі, чым адрозніваюцца Дзед Мароз і Санта Клаус, як у танцы закружыліся юныя гімнасткі-сняжынкі і сваё майстэрства паказалі эльфы-таэквандзісты. Да іх, каб падзякаваць за прыгожыя выступленні, узнялася сапраўдная мегазорка айчыннага і сусветнага спорту Юлія Несцярэнка.
Алімпійскія чэмпіёны не бываюць былымі. Аднойчы ўзышоўшы на вышэйшую ступеньку п’едэстала, алімпіёнік з часоў Старажытнай Элады застаецца там назаўжды. Ах, як мы ўсе перажывалі за нашу Белую стралу тым памятным летнім днём 2004 года, калі наша Юля выйшла на старт у атачэнні Чорных пантэр з Ямайкі і ЗША! Яе фантастычныя секунды на 100-метроўцы сталі цудам! Сімвалічна, што адбывалася гэта ў Афінах — на радзіме алімпіяд. І вось цяпер, амаль праз 15 гадоў, Юлія Віктараўна гэтак проста з чароўнай усмешкай дзякавала маленькім спартсменам і зычыла здароўя ды шчасця навучэнцам Жабінкаўскай школы-інтэрната.
Пасля гарэзлівых конкурсаў “Бег у валёнках”, “Хто хутчэй перадасць шары?”, “Вясёлы армрэслінг”, юныя ўдзельнікі атрымлівалі ўзнагароды не толькі ад бронзавых прызёраў Алімпіяды ў Атланце (1996 года) вяслярак у акадэмічнай грэблі Тамары Самахвалавай і Яраславы Паўловіч ці прызёра чэмпіянату свету, трохразовага чэмпіёна Еўропы на байдарцы Алега Юрэвіча, але й больш маладых спартсменаў Берасцейшчыны, якія падаюць надзеі: прызёра першынства Еўропы сярод моладзі ва ўзросце да 23 гадоў, што ладзілася летась у горадзе над Бугам, вясляркі Таццяны Масальскай ды сапраўдных юных волатаў Дзмітрыя Карпука і Данііла Перапяліцы.
Кожны знаходзіў безліч цёплых слоў дзецям, якім, нібыта сапраўдным спарт-сменам, даводзіцца штодня пераадольваць жыццёвыя цяжкасці і спадзявацца, безумоўна, на перамогу. Усе без выключэння выхаванцы атрымалі навагоднія падарункі. А самыя актыўныя яшчэ й белага мядзведзіка з блакітным шалікам (гэтыя колеры сімвалізуюць спартыўнае таварыства “Дынама”).
Вядома, не засталіся без узнагарод і тыя, хто паспрыяў, каб свята прыйшло ў гэты дом. У іх ліку — таленавітыя сёстры-спявачкі Насця і Мілана Цімафяевічы ды кіраўнік Брэсцкага абласнога цэнтра падтрымкі спорту Алена Белаконенка.
Фінальным акордам прагучала ўсім вядомая навагодняя песня. Калі свята, як сказалі б у спорце, перасягнула фінішную рысу, доўга не верылася, што амаль двухгадзінная казка стала яшчэ адной гісторыяй сяброўскага спаткання на жабінкаўскай зямлі.