Хто ведае больш пра Жабінку?

Анатоль РОСТАЎ.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

На такое галоўнае пытанне давялося адказаць вучням 8-9 класаў трэцяй гарадской школы падчас краязнаўчага спаборніцтва.

ПАДСТАВА ДЛЯ ГУЛЬНІ ўзнікла нечакана. Справа ў тым, што ў верасні мінулага года ў школу завітаў жыхар Магілёва Віктар Абрамовіч. Не адно дзесяцігоддзе ён шчыльна займаецца горным турызмам і вывучэннем роднага краю. Прынамсі, цікавіцца мінулым населеных пунктаў, што завуцца (або некалі насілі назву) Абрамавічы ці Абрамовічы. Таму краязнаўцу вельмі захацелася даведацца паболей пра мінулае колішняй вёскі Абрамавічы, якая ў 1970 годзе ўвайшла ў гарадскія межы Жабінкі. Наталіўшы свой інтарэс, ён з’ехаў дамоў, а ў сёлетнім лютым раптоўна зноў напомніў аб сабе, калі даслаў у школьную бібліятэку кнігу сваёй паэзіі “Дарога ў горы” і важкую пасылку з саладосцямі.
З гэтай нагоды і было вырашана правесці невялічкі кра-
язнаўчы турнір сярод на-вучэнцаў 8 і 9 класаў, якія займаюцца мінулым Жа-бінкаўшчыны. Арганізатарамі конкурсу і складаль-нікамі разнастайных заданняў сталі дырэктар школы Святлана Каменева, настаўнікі гісторыі Арцём Серада і Анастасія Ляўковіч. Паўдзельнічалі чатыры каманды: “Зубраняты”, “Вогненная зорка”, “Дваране” і “Сяляне”. Каб выявіць найлепшых, давялося ў чатырох турах адказаць ажно на 40 пытанняў. Яны былі пабудаваны па прынцыпе ад простага да складанага і тычыліся як гісторыі самога раёна, так і ўсёй Беларусі. Прыемна, што вучні амаль без цяжкасцяў адказвалі пра герб Жабінкі, лёс Тадэвуша Касцюшкі, вызваленне Брэста з-пад акупацыі, прыгадалі таксама і Брэст французскі, дакладна ведаюць назву мясцовай футбольнай каманды ды тое, пры якіх абставінах узнік цукровы завод і чым славіцца завод камбікормавы. Так, юныя знаўцы роднага краю паказалі неблагія веды, за што і атрымалі цалкам заслужаныя падарункі, дасланыя з Магілёва. Але ж усялякае спаборніцтва не застаецца без пераможцаў. На гэты раз лепшымі сярод лепшых сталі ўдзельнікі каманды “Вогненная зорка” Варвара Папковіч, Аліса Плужнікава, Ксенія Сысоева, Аляксандра Нагар, Іван Япішка і Ягор Цыбульскі.
Віншуем пераможцаў, зычым усім глыбей вывучаць багатае мінулае роднай зямлі!