Хто ў вёсцы ўладар?

Вось ужо дзесяць гадоў у Беларусі ладзіцца рэспубліканскі сельскагаспадарчы праект “Уладар сяла”, арганізатарам якога выступаюць ГА “БРСМ”, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання краіны, ААТ “Белаграпрамбанк”. Яго ўдзельнікі — маладыя сем’і, якія жывуць і працуюць у сельскай мясцовасці.
Абласны этап “Уладара сяла” ў выхадныя сабраў 12 сем’яў з дзецьмі з усёй Брэстчыны ў гістарычным месцы — Ружанскім палацавым комплексе Сапегаў. Жабінкаўшчыну ў праекце прадстаўлялі Сяргей і Святлана Чыбрысавы з аграгарадка Вежкі з сынам Расціславам і дачушкамі Ангелінай і Сняжанай. Каб набраць паболей балаў для перамогі, Чыбрысавым давялося прайсці некалькі іспытаў і прадэманстраваць таленты, спрыт і зладжанасць. Напрыклад, у першым выпрабаванні трэба было прадставіць сваю сям’ю. Чыбрысавы праявілі фантазію ды паэтычныя здольнасці: расказалі пра сябе вершаванай байкай і дапоўнілі інсцэніроўку-прэзентацыю відэа-ролікам. У другім конкурсе Святлана і Сяргей пілавалі бервяно, а потым калолі дровы. Затым жонцы давялося забіваць цвікі ў палена, а галаве сям’і — узгадаць маладосць і пад секундамер спавіць ляльку. Выгадаваўшы траіх дзяцей, гэта аказалася для таты зусім не праблемай! Намнога складаней было касіць перарослую сенажаць: звонкія косы даўно замянілі трымеры — аднак і тут Сяргей не падвёў! Нават моцны лівень не змог збіць з роўнага пракосу ўдзельнікаў конкурсу. У апошнім — жартоўным — туры мужчыны хуценька дастаўлялі да фінішнай прамой жонак на …тачцы, а тыя спрытна разбіралі мех з гароднінай па вёдрах.
Чыбрысавы пакарылі журы пірагамі, якія Святлана пякла напярэдадні з дачушкамі, мяснымі далікатэсамі з гусяціны і трусяціны, вышыванымі карцінамі, а таксама каванымі ўпрыгажэннямі — тут ужо Сяргей, як газаэлектразваршчык ААТ “Вазнясенскі” і загадчык мехмайстэрні, пастараўся! Шматдзетны тата яшчэ і песню выканаў уласнага сачынення. Дарэчы, Чыбрысавы неаднойчы ўдзельнічалі ў розных конкурсах — напрыклад, усёй сям’ёй зімою ў раённай “Снежнай лыжні”. Мама Святлана двойчы брала ўдзел у абласным і рэспубліканскім спаборніцтвах сярод аператараў машыннага даення, сын — у раённых па футболе, а дачушкі — па маляванні. Сям’я Чыбрысавых дружная і актыўная.
— Шкада, што нам зусім крыху не хапіла да перамогі, — кажа Сяргей. — Вельмі хваляваліся перад конкурсам, асабліва дачушкі, баяліся падвесці наш раён. Вярнуліся дадому стомленыя, але задаволеныя — з дыпломамі і падарункамі. Столькі эмоцый і пазітыву атрымалі ад “Уладара сяла” — словамі не перадаць!
…Пераможцай абласных спа-борніцтваў стала сям’я Кулеш з Баранавіцкага раёна, якая будзе прадстаўляць Брэстчыну на рэспубліканскім этапе. Ён адбудзецца падчас святкавання “Купалля” ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці.
Святлана КІСЛАЯ
На здымках: моманты абласнога праекта “Уладар сяла”.