Сустрэчу, якая адбылася ў Жабінкаўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі
8 лютага, цяпера-шнія другакласнікі СШ № 2 дакладна запомняць надоўга. У гэты дзень яны даведаліся шмат новага і сталі сапраўднымі акця-братамі!
Каб атрымаць гэта ганаровае званне, дзецям давялося выканаць займальныя заданні і даказаць, што яны насамрэч сумленныя, добрыя і працавітыя.
Дарэчы, 8 лютага адзначаецца Дзень памяці юных герояў-антыфашыстаў. Вядучыя мерапрыемства расказалі другакласнікам пра подзвігі і ахвяры Даніэля Фяры, Фадыла Джамаля і Марата Казея, якія былі не нашмат старэйшыя за жабінкаўскіх школьнікаў, калі ім давялося сутыкнуцца з жорсткасцю і несправядлівасцю.
Дзеці ўспомнілі словы ветлівасці падчас вясёлай паэтычнай гульні і лёгка адказалі на ўсе пытанні пра родную Беларусь. З дапамогай вядучых школьнікі вывучылі правілы акцябрат і, нарэшце, прамовілі ўрачыстую клятву.
З усёй шчырасцю малышы паабяцалі добра вучыцца, дапамагаць тым, хто побач, быць чулымі і спагадлівымі, прыносіць карысць сям’і, школе, гораду і Радзіме, быць сумленнымі і справядлівымі і расці сапраўднымі патрыётамі роднай Беларусь.
Вясёлыя і актыўныя, другакласнікі супакойваліся і з усёй важнасцю ішлі да стала, дзе дырэктар музея Дзіяна Дубіна прымацоўвала да іх адзення значкі акцябрат. Застаецца спадзявацца, што школьнікі не забудуцца пра дадзеныя абяцанні і вырастуць сумленнымі, добрымі людзьмі.
Крысціна СЕМЯНЮК.
Фота аўтара.


