Хто мацнейшы, вызначыла… мова

У нядзелю, 5 верасня, у Капылі ўслаўлялі роднае слова і майстроў прыгожага пісьменства, а наступным днём у Жабінцы ў кінатэатры “Юбілейны” прайшла віктарына, прымеркаваная да гэтай падзеі.
Арганізатарамі спаборніцтва юных інтэлектуалаў з гарадскіх школ і ліцэя выступілі аддзелы па адукацыі, ідэалагічнай рабоце і справах моладзі райвыканкама, раённы камітэт БРСМ. Медыйную падтрымку мерапрыемства забяспечыла “СП”.
Віктарыну праводзіў сябра дыску-сійнага клуба пры гістарычным факультэце Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна Ілья Цяльпук.
Каб высветліць, хто лепш ведае айчынную гісторыю, родную мову і літаратуру, удзельнікам давялося прайсці праз тры этапы. У выніку менавіта мова вызначыла, хто мацнейшы.
Па-першае, для перамогі патрабавалася адказаць на 14 пытанняў, якія ахоплівалі часы ад Еўфрасінні Полацкай да ХХ стагоддзя. Гэта рабілі ўсёй камандай. Як гаворыцца, адзін за ўсіх і ўсе за аднаго.
А вось у другім туры, дзе было неабходна беспамылкова напісаць пад дыктоўку урывак з Караткевічава “Дзікага палявання караля Стаха”, кожная каманда вылучала са сваіх радоў па адным прадстаўніку. Дыктоўка, заўважым, далася няпроста, але і яна прынесла ўдзельнікам пэўныя балы ў агульнакамандную скарбонку.
Нарэшце, на трэцім завяршальным этапе перад канкурсантамі стаяла задача закончыць вядомыя выслоўі беларускіх творцаў і пры магчымасці назваць аўтараў вершаваных цытат.
Выніковыя месцы размеркаваліся наступным чынам.
Чацвёртымі сталі вучні другой гарадской школы. На бронзавай прыступцы размясціліся ліцэісты. “Серабро” аказалася ў скарбонцы школьнікаў з СШ № 3. А перамогу ў інтэлектуальнай віктарыне на гэты раз святкавалі прадстаўнікі першай гарадской школы.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Дар’і НІКАНЧУК
На здымках: падчас віктарыны.