Людміла Дошчык: «Хор – другая сям’я»

Людміла Дошчык: «Хор – другая сям’я»

Чым дольш сваёй дарогай крочыць чалавек, тым больш мае права праспяваць: “Мае гады, маё багацце”. У поўнай меры гэта адносіцца да сённяшняй юбіляркі Людмілы Дошчык. Людміла Васільеўна здаўна моцна сябруе з музыкай і песняй, таму нездарма бадзёра гаворыць: “Радуюць родныя ды хор, які для мяне другая сям’я!”

Людмілу Дошчык выдатна ведаюць у Жабінцы. Тут яна жыве вось ужо 55 гадоў, а хутка адзначыць свой шаноўны юбілей.

– Не веру, не ўспрымае мая душа, што хутка адзначу восемдзесят! – гарэзліва гаворыць наша гераіня і гучна смяецца.

Яна сапраўды “людзям мілая”. А яшчэ мае жыццё, што нагадвае бясконцы канцэрт, дзе музыка яднае пакаленні. Вось і нядаўна выступаў народны хор “Тонус”, які ўзначальвае Людміла Васільеўна, у школе-інтэрнаце. Дзеці слухалі, падтрымлівалі, суперажывалі, а як змоўклі апошнія ноты, падарылі людзям залатога веку такія гарачыя апладысменты, што хацелася ад шчасця і радавацца, і плакаць адначасова! У такія імгненні воляй-няволяй згадваеш дарогу, па якой давялося прайсці.

Адразу пасля школы Людміла паступіла ў Брэсцкае музычнае вучылішча на харавое дырыжыраванне. На апошнім курсе дзяўчына сустрэла сваё шчасце, калі стварыла выдатны сямейны дуэт з Аляксеем Дошчыкам. Разам прыжылі 55 гадоў. Калісь пяцёрка была выдатная ацэнка, дык Дошчыкі атрымалі іх ажно дзве, бо кожны з іх па жыцці выдатнік. Партрэт Аляксея Раманавіча, які год назад пакінуў, на жаль, гэты свет, і зараз на самым пачэсным месцы ў гожым доме, што асірацеў раптоўна без клапатлівага гаспадара.

Другі дом, да якога заўжды цягнецца Людміла Васільеўна, –Жабінкаўскі ГДК. Яна ўспамінае:

– Тут здаўна вяла шматлікія хоры, былі і дарослыя, і дзіцячыя калектывы – сіл на ўсіх хапала ў гады маладыя. Працягваю цяпер кіраваць хорам, што завецца з глыбокім сэнсам “Тонусам”, бо нам, пажылым, патрэбна не ўзнімаць рукі перад гадамі, трымацца адзін за аднаго, мець энергію жыцця. Мы сапраўдная каманда – амаль сорак чалавек, аб’яднаных адным захапленнем і ў горы, і ў радасці. Вельмі люблю верш “Чысціня”, які стаў песняй. Верш напісаны нашым земляком Васілём Сахарчуком. Там ёсць такія словы: “Усё на свеце выпадкова, апроч дарогі той, што стала сэнсам і асновай, і сутнасцю маёй”. Даўно заваражылі гэтыя радкі, бо яны і мая сутнасць. Бачу, як іншыя мітусяцца, а я ціха іду сваёй сцяжынкай. І ўслед вяду многіх сваіх вучняў, а сярод іх была, напрыклад, сённяшяя дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Вольга Абрамчук, іншыя выкладчыкі музычнай установы. За маладых вельмі перажываю, каб не памыліліся, выбралі дарогу па душы.

Летась хору “Тонус“ споўнілася трыццаць. Людміла Васільеўна ўзначаліла яго ў маі 2008-га, і ўжо праз чатыры гады калектыў пад яе кіраўніцтвам з дапамогай акампаніятара Івана Пішчука атрымаў званне “народны”. Гэта быў цудоўны тандэм. Удзельнікі хору выдатна адзначылі 90-годдзе Івана Ісаакавіча і дасюль, калі яго ўжо няма на зямлі, з удзячнасцю згадваюць добрага чалавека. Яму на змену прыйшлі сённяшнія акампаніятары Уладзімір Палоска і Яўген Лесік.

– Ім каля 70 гадоў, а ў нас у хоры ёсць і тыя, хто размяняў дзявяты дзясятак. Таму часам жартуем: Уладзімір Уладзіміравіч ды Яўген Іванавіч – гэта наша моладзь! Увогуле, нехта разумны зазначыў: “Жыццё даецца ўсім, а старасць – абраным”, таму жадаю кожнаму жыць доўга і без хвароб, заставацца ў патрэбным тонусе.

Людміла Дошчык прыгадала, як калектыву выбіралі імя. Варыянты былі розныя: “Ветэран”, “Надзея”, нават “Сівізна”. Ды ўсё неяк не падыходзіла, гучала песімістычна. Раптам, быццам маланка бліснула, і Людміла Васільеўна выгукнула: “А давайце назавёмся “Тонус”!”

Цяпер пад гэтым яркім імем хор з Жабінкі ведаюць паўсюль. З задавальненнем іх слухаюць, напрыклад, тыя, хто прыязджае з усёй Беларусі і нават замежжа на адпачынак у санаторыі “Надзея” ды “Белая Вежа”. У “Тонуса” шмат узнагарод. У тым ліку яго ўдзельнікі станавіліся лаўрэатамі фестывалю “Не старэюць душой ветэраны”. А апошнім па часе стаў дыплом IV Каляднага фестывалю “Чароўнае святло Раства Хрыстова”, што адбываўся ў гэтым годзе.

Сваё 80-годдзе Людміла Васільеўна спачатку плануе адзначыць з любімым хорам, які стаў другой сям’ёй. А затым атрымаць віншаванні ад родных людзей – сыноў Дзмітрыя ды Аляксея, нявестак Святланы і Наташы, якіх шануе, быццам сваіх дочачак.

– Яны ж мне столькі радасці прынеслі. І найперш – чатырох унукаў: Ігара і Вікторыю, Дзіму і Кацю. Лічу нават крыху сімвалічна: 30 мая 2025 года памёр мой муж, а роўна праз месяц прыйшла на свет першая праўнучка Верачка. Аляксей Раманавіч ведаў, што будзе дзяўчынка, ды не дачакаўся, каб на руках патрымаць ды пагушкаць маленькую. Мы за яго гэта робім, бо жывём з Вераю ва ўсіх сэнсах гэтага слова.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота аўтара