Хмелеўскі край — бульбяны рай

У ААТ “Хмелева” вось ужо дванаццаты год займаюцца вырошчваннем “другога хлеба”. Таварыства з гонарам завецца насенняводчай гаспадаркай на Жабінкаўшчыне. Пачыналі тут з дваццаці гектараў і паступова павялічылі плошчы ў дзевяць разоў! За гэты час на хмелеўскіх палях раслі самыя розныя гатункі бульбы з мілагучнымі назвамі “Лілея”, “Вектар”, “Скарб”, “Рэд Скарлет”, “Молі”, “Брыз”, “Атлант”, “Крыніца”, “Здабытак”, “Журавінка”, “Маніфест” і іншыя, аднак заставаліся самыя ўраджайныя і смачныя, найбольш запатрабаваныя ў спажыўцоў.
Сёлета бульба ў ААТ “Хмелева” заняла 100 гектараў. Уборка “другога хлеба” ў гэтыя дні набліжаецца да лагічнага завяршэння. У сярэднім аддача палёў — 200 цэнтнераў з гектара.
А пакуль увесь светлавы дзень бульбаўборачны камбайн павольна падкопвае радкі, і клубні спорна накіроўваюцца па транспарцёрах на прыёмны стол. Сарціроўшчыкі, што стаяць наверсе: Таццяна Саўрас, Паліна Герасімук, Сяргей Кулікоў і Сяргей Кірылюк спрытна выкідваюць некандыцыйныя бульбіны і камяні. Праз некалькі хвілін накапляльнік паўнюткі — час высыпаць клубні ў грузавікі, што чакаюць на ўскрайку поля. Апошнія дастаўляюць ураджай у сховішча для агародніны. Там бульба праходзіць яшчэ адзін адбор — па памерах, загружаецца ў вялізныя адсекі па гатунках на захоўванне і ў сеткі — на продаж. Некандыцыйная бульба адпраўляецца на корм жывёле. Дарэчы, у гароднінасховішчы, якое разлічана на 3400 тон і пабудавана па сучасных патрабаваннях, падтрымліваецца неабходная тэмпература паветра і вільготнасць, таму клубні трымаюць тургар і маюць таварны выгляд да позняй вясны. Цяпер тут увіхаюцца сарціроўшчыкі, прыязджаюць гаспадары свойскай жывёлы, каб набыць “некандыцыю” на корм, а таксама тыя, хто хоча абнавіць сорт бульбы на сваім прысядзібным участку. З кожным днём гароднінасховішча запаўняецца “другім хлебам”. Як запэўніў дырэктар гаспадаркі Барыс Парафянюк, клубняў хопіць і сабе, і на продаж. А вы запасліся бульбай?
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара