Харчаванне выхаванцаў і навучэнцаў пад кантролем

Год таму на Жабінкаўшчыне створана пастаянна дзеючая міжведамасная камісія, якая кантралюе арганізацыю харчавання ва ўстановах адукацыі. У яе склад уваходзяць у тым ліку прадстаўнікі райвыканкама, праваахоўных органаў, спецыялісты цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Штотыднёва, у адпаведнасці з зацверджанымі графікамі маніторынгаў, камісія праводзіць кантрольна-наглядныя мерапрыемствы за арганізацыяй харчавання навучэнцаў у адукацыйных установах Жабінкаўскага раёна. Вынікі абследаванняў разглядаюцца на пасяджэннях камісіі пад кіраўніцтвам намесніка старшыні раённага выканаўчага камітэта Алы Ануфрыюк, прымаюцца адпаведныя рашэнні. За перыяд са снежня мінулага года па лістапад сёлетняга адбылося восем пасяджэнняў.
Камісія ацэньвае якасць харчавання навучэнцаў школ і выхаванцаў ясляў-садоў, у тым ліку выкананне яго нормаў, прыкладнага двухтыднёвага рацыёну харчавання, ажыццяўляе вытворчы, лабараторны кантроль гатовых страў, правярае выкананне іншых патрабаванняў санітарных нормаў і правілаў да якасці і бяспекі дзіцячага харчавання на харчаблоках устаноў адукацыі.
Члены камісіі надаюць увагу і арганізацыі дзяжурства адміністрацыі і педагогаў школ раёна ў сталовых падчас прыёму навучэнцамі ежы.
Станоўчай ацэнкі заслугоўвае фарміраванне ў навучэнцаў культуры харчавання ў абедзенных залах Маціевіцкай базавай школы, Крыўлянскай сярэдняй і Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната.
Неабходна адзначыць: усе прадукты, якія паступаюць на харчаблокі, суправаджаюцца дакументамі, што сведчаць пра іх якасць і бяспеку. Выкананне грашовых нормаў па харчаванні кантралюецца аддзелам па адукацыі райвыканкама.
Сярод асноўных парушэнняў, выяўленых падчас маніторынгаў, — незахаванне санітарна-супраць-эпідэмічнага рэжыму, парушэнні ў частцы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і іншыя.
Работнікі цэнтра гігіены і эпідэ-міялогіі правялі ацэнку прыкладных двухтыднёвых рацыёнаў харчавання навучэнцаў на адпаведнасць дзейсным санітарным нормам і правілам, у якіх улічаны патрабаванні па энергетычнай каштоўнасці, збалансаванасці, разнастайнасці, рэкамендуемаму аб’ёму страў.
Падчас маніторынгаў фактаў крадзяжу прадуктаў харчавання, прызначаных для прыгатавання ежы, не выяўлена.
Па выніках праверак за дапушчаныя парушэнні да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты тры кіраўнікі ўстаноў адукацыі Жабінкаўшчыны.
Наталля УРБАН, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, сакратар камісіі.