Хай жывуць доўга-доўга Лясоты

Ёсць у Жабінкаўскім раёне невялічкая вёсачка Лясоты. Тут жывуць усяго тры чалавекі, і ўсе — доўгажыхары: 97-гадовы Казімір Церпілоўскі, 94-гадовая Сальвіна Лясота і 90-гадовы Эдмунд Лясота.
Яны цудоўна памятаюць той час, калі ў вёсцы жылі больш за чатыры дзясяткі чалавек (згодна статыстыкі, у 1999 годзе Лясоты насялялі ўжо 22 чалавекі, у 2010-м — восем).
— Калісьці жылі ў нашай вёсачцы надта працавітыя і зусім не бедныя людзі, — кажа Сальвіна Міхайлаўна Лясота, ці Сальвінка, як завуць яе суседзі. — Кожны трымаў добрую гаспадарку, мелі, як кажуць, хлеб і да хлеба. Але чалавечы век кароткі — большасць жыхароў адышлі ў вечнасць, а нашчадкі, на жаль, не ва ўсіх засталіся. Сёння Лясоты прымаюць іншых жыхароў — дачнікаў. Людзі ахвотна набываюць тут хаты, каб хоць на кароткі час вярнуць тое, што адышло: заняцца агародам, пабыць сам-насам з прыродай, палюбавацца на нашы цудоўныя краявіды.
У сілу шаноўнага ўзросту Сальвіне Міхайлаўне патрэбна дапамога, якую аказвае сацыяльны работнік Жабінкаўскага ТЦСАН Галіна Мікуц. Яна для сваёй падапечнай як родная дачка. Бабуля Сальвінка заўсёды чакае сустрэчы, расказвае Галіне Іванаўне пра сваё жыццё-быццё. Успаміны пра былое льюцца ракой, а на душы настае супакой. Сацыяльны работнік і выслухае, і навіны раскажа, і прадукты прывязе ды лекі. А яшчэ печку растопіць, каб у хаце было цёпла і камфортна.
Апошнія два месяцы Сальвіна Міхайлаўна прыкаваная да ложка: упала і зламала шыйку бядра. Таму Галіне Іванаўне даводзіцца наведвацца да бабулі штодзённа.
Сацыяльны работнік не скардзіцца на цяжкасці, яна жыве справай, якой займаецца ўжо два дзясяткі гадоў. Галіна Мікуц абслугоўвае дзевяць чалавек — жыхароў Хмелева, Падлесся і Лясотаў. У апошняй вёсачцы пайшло з жыцця найбольш яе падапечных.
— Два крыжы — вялікі ката-ліцкі і маленькі праваслаўны — ахоўваюць супакой гэтага куточка зямлі, — кажа Галіна Іванаўна. — Спыняючыся каля іх, я прашу Бога і Маці Божую аб міласэрнасці для маёй сям’і і ўсіх маіх бабулек-дзядулек, якіх абслугоўваю. Хай жывуць доўга-доўга спадары Церпілоўскія-Лясоты, каб не вымерла аднайменная вёсачка.
Наталля СНЕЖАНЬСКАЯ