Хай памяць зашуміць зялёнаю лістотай

На Жабінкаўшчыне прайшла міжраённая экалагічная акцыя да 75-годдзя Вялікай Перамогі.
Прадстаўнікі Жабінкаўскага і Камянецкага раёнаў сустрэліся недалёка ад населенага пункта Палявая Рэчыца. Наш раён прадставілі дырэктар Хмелеўскай школы Ілья Шалягейка, педагогі, вучні 8 і 9 класаў установы, а таксама першы сакратар РК ГА “БРСМ” Яўген Мацюшын. Усе разам пасадзілі некалькі тысяч маленькіх сосенак, якія выдзеліла Пелішчанскае лясніцтва.
Спачатку з дзецьмі правялі інструктаж па тэхніцы бяспекі. Захавалі меры перасцярогі ў сувязі з няпростай эпідэміялагічнай сітуацыяй: удзельнікі мелі пальчаткі і медыцынскія маскі.
— Пасаджаныя дрэвы — знак памяці пра загінулых дзядоў і прадзедаў, якія гераічна абаранялі нашу Радзіму, — адзначыў дырэктар школы Ілья Шалягейка. — Гэта таксама даніна подзвігу нашых ветэранаў, якіх, на жаль, з кожным годам становіцца ўсё менш. Я ўдзячны калегам, навучэнцам, райкаму БРСМ за ўдзел і неабыякавасць. На месцы правядзення акцыі мы ўсталявалі памятную таблічку. Няхай дрэўцы дужэюць, растуць толькі пад мірным небам і слухаюць спевы птушак.
Дарэчы, у межах экалагічнай акцыі старшакласнікі першай гарадской школы пасадзілі алею бярозак на тэрыторыі ўстановы, а таксама саджанцы елачак на прышкольным участку.
Дар’я НІКАНЧУК
На здымках: падчас экалагічнай акцыі “І памяць зашуміць зялёнаю лістотай”.