У цэнтральнай частцы Жабінкі пераплятаюцца вуліцы Базанавай і Філіпука. Гэтак 75 гадоў таму перапляліся і лёсы людзей, у гонар якіх гэтыя вуліцы носяць імёны.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
ЛЕГЕНДАРНАЯ РАЗВЕДЧЫЦА старшы сяржант Лідзія Андрэеўна БАЗАНАВА (1920–1944) нарадзілася ў сяле Пушкіна Калінінскай (зараз Цвярской) вобласці.
Як выбухнула вайна, дзяўчына з гарачым сэрцам не магла сядзець без справы, калі Радзіма захлыналася ў агні, і 4 мая 1942 года прыйшла ў ваенкамат з просьбай узяць яе на фронт. Ліду прызвалі і накіравалі ў разведупраўленне. Неўзабаве дзяўчыну пасля падрыхтоўкі закінулі за лінію фронту. Дзейнічаць давялося ў акупаваных Бабруйску і Асіповічах. Напрыканцы 1943-га раптоўна сувязь перарвалася. У камандавання ўзнікла падазрэнне, што разведчыцу арыштавала гестапа. Аднак высветлілася, яна прыпыніла дзейнасць “па тэхнічных прычынах”: рацыі не ставала сілкавання. Тэрмінова з Вялікай зямлі ў партызанскі атрад імя Чарнака былі дастаўлены патрэбныя батарэі. Іх перадаў сувязны, нараджэнец вёскі Шчэглікі Іван Дзмітрыевіч ФІЛІПУК (1908–1944). Так яны ўпершыню сустрэліся.
10 сакавіка 1944 года сувязь аднавілася. Цяпер Базанава дзейнічала ў раёне Брэста. Ужо ў адным з першых эфіраў разведаддзел паведамляў: 4 лютага Лідзія ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені. Ёй таксама надаваўся новы пазыўны — “Горліца”.
Аднак у самым пачатку красавіка сувязь з Базанавай зноў абарвалася. Цяпер ужо назаўсёды.
Што ж адбылося? Летам сорак чацвёртага пасля вызвалення Беларусі СМЕРШ пачаў расследаванне таго, якім чынам добра замаскіраваная група Базанавай была раскрыта немцамі. Следства хутка зайшло ў тупік. Толькі праз дзесяцігоддзі сталі вядомы падрабязнасці гэтай справы.
Напрыканцы сакавіка 1944 года агент абвергрупы “Відэр” Дзмітрый Замоцін і следчы Васіль Пагажаеў выйшлі на след арганізацыі, што рыхтавала дыверсіі ў Бабруйску. Шпікі, пачуяўшы здабычу, хутка дакапаліся да ісціны. Першым арыштавалі бургамістра пасёлка Ясень Асіповіцкага раёна Канстанціна Хаўстовіча. Пад катаваннямі той выдаў родную цётку і яшчэ двух рэзідэнтаў савецкай разведкі. Немцы кінуліся па названых адрасах, дзе знайшлі дзвюх радыстак з рацыямі. Тыя згадзіліся ўдзельнічаць у радыёгульні на баку ворага. Далей арышты пакацілі як снежны камяк. Між іншымі, абвераўцы прыхапілі настаўніцу Ганну Левановіч-Папову. Ад яе ўпершыню пачулі прозвішча Базанавай.
У Брэст вылецеў спецыяльны самалёт з Пагажаевым і Замоціным, якія і правялі затрыманне кіраўніка арганізацыі. Яна маўчала, развязаліся языкі ў іншых. (Хоць дзеля справядлівасці зазначым, Ліду не білі, да іншых прымяняліся “сродкі фізічнага ўздзеяння”). У выніку за кратамі апынуліся ўсе, хто хоць ускосна быў звязаны з “Горліцай”. У тым ліку — брэсцкі сувязны Спірыдон Сяргеевіч СІДАРУК, яго жонка На-дзея і дачка Ніна, Марыя Паўлаўна КАЛЕНІК з дачкой Лідай, Мікалай Кандратавіч КІРЫЛЮК. Спецыяльная каманда тайнай палявой паліцыі расстраляла Лідзію Базанаву і звязаных з ёю людзей у канцы красавіка 1944 года ў адным з бастыёнаў Брэсцкай крэпасці.
Яшчэ раней абарвалася жыццё Івана Філіпука. Вопытны падпольшчык быў забіты 14 красавіка ў перастрэлцы ў родных Шчэгліках (ягоную сціплую магілу дасюль можна пабачыць на мясцовых кладах).
І апошняе. Разгром савецкай рэзідэнтуры фашысты адзначылі вялікім банкетам у Бабруйскім лялечным тэатры. За выдатнае выкананне задання начальнік абвергрупы “Відэр” уручыў Замоціну медаль І-га класа ў золаце, а Пагажаеву — ІІ-га
класа ў срэбры.
Пры гэтым ніхто з савецкіх патрыётаў, што паклалі жыццё на алтар агульнай Перамогі, не быў узнагароджаны нават пасмяротна. Таму мы з гонарам павінны гаварыць: Жабінка — гэта адзіны горад на Зямлі, дзе перапляліся вуліцы сапраўдных Герояў — Лідзіі Базанавай і Івана Філіпука. Пры жыцці яны змагаліся разам, пасля смерці таксама побач.
