Жніво пакрысе падбіраецца да “экватара”. Яшчэ дзень-другі сухога надвор’я, і палова плошчаў будзе ўбрана.
— Калі дождж не падмочыць, то за дзесяць дзён на 1373 гектарах уборку завяршым, — гаворыць дырэктар гаспадаркі Рыгор Панасюк. — У нас сем экіпажаў камбайнераў, хлопцы не першы год працуюць, сваю справу ведаюць на выдатна. У дзень, калі нішто не замінае, убіраюць да 90 гектараў плошчаў. Усіх рупліўцаў на жніве забяспечваем гарачымі абедамі, якія гатуюцца ў нашай сталоўцы. Дарэчы, “падраслі” расцэнкі за абмалочаныя і перавезеныя тоны.
У выхадныя дні завяршылі ўборку рапсу: сабралі 733 тоны. Парадаваў сёлета ракітчукоў азімы ячмень — аддзячыў хлебаробам за клопат ураджайнасцю ў 62 цэнтнеры з кожнага гектара. Нядрэнна ўрадзілі азімая пшаніца, яравы ячмень і трыцікале: да 36 цэнтнераў на круг. Усяго намалацілі звыш дзвюх тысяч тон збожжа.
— У агульным караваі роднай гаспадаркі ёсць і мой унёсак, — крыху саромеючыся, кажа самы малады ўдзельнік уборачнай кампаніі ў «Ракітніцы” Дзіма Кавальчук.
Ён сёлета атрымаў атэстат аб заканчэнні школы і спадзяецца восенню слухаць лекцыі ў чыгуначным каледжы — марыць стаць памочнікам машыніста. Ну, а зараз, другі год запар, ён — памочнік камбайнера.
— Летась я ўпершыню працаваў з бацькам на камбайне. Моцна стамляўся, раніцай цяжка было расплюшчыць вочы. Затое ганарыўся, калі да нашага жалезнага “карабля” спяшаліся машыны, і я падлічваў, колькі бункераў збожжа за дзень “выдавалі”. Асабліва хваляваўся, калі колькасць абмалочаных тон даходзіла да запаветнай тысячы! Калі аб’явілі, што мы з татам сталі “тысячнікамі”, хацелася заспяваць ад радасці.
— Не менш радаваўся сын, калі атрымаў зарплату, — падхоплівае Дзіму яго бацька Мікалай Кавальчук. — Круціў купюры ў руках і падлічваў: гэта — на новы тэлефон, гэта — на веласіпед, а гэта — на абноўкі. Ён проста ззяў ад шчасця, што на свае “хацелкі” не трэба прасіць грошы ў нас, хаця мы яму не часта адмаўляем, бачым, што хлопец сур’ёзны расце, заўжды дапамагае з хатнімі справамі. Затое і цаніць грошы стаў — на ўсялякую драбязу не патраціць. А сёлета, яшчэ задоўга да выпускных экзаменаў, заявіў, што зноў на жніво хоча пайсці, маўляў, гонар — працаваць на хлебнай ніве. Што ж, міласці просім у кагорту рупліўцаў!
Старэйшы Кавальчук расказаў, што сам устае на працу ў пяць гадзін раніцы, а сына шкадуе, падымае каля сямі: “У маладых раніцай сон самы салодкі”. Задача Дзімы як памочніка — падрыхтаваць камбайн да выхаду ў поле. “Кемлівы хлопец расце, тэхніку любіць і працу сялянскую паважае. Мне як бацьку за яго не сорамна, — кажа Мікалай Мікалаевіч і дадае: — Вельмі хоча і сёлета тысячную планку ўзяць. Будзем старацца. Толькі б камбайн не псаваўся і надвор’е спрыяла”.
Хвала і гонар вам, хлебаробы!
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара
