У рэдакцыю раённай газеты прыйшоў ліст з пагранічнай часці, дзе служыць наш зямляк Вадзім Міхалевіч з вёскі Рудка.

Прыемна чытаць добрыя словы у адрас маладога чалавека, напісаныя падпалкоўнікам Яўгенам Гечам, які параўноўвае Вадзіма Міхалевіча з “сапраўдным асілкам, падобным да першых памежнікаў на Русі”.
Бацькі з дзяцінства прывучылі сына да працавітасці і клопату аб сваіх блізкіх. У вольны ад вучобы час Вадзіму было цікава корпацца ў старых радыёпрымніках, што і прывяло яго да будучай прафесіі. Пасля дзевяці класаў Хмелеўскай школы юнак паступіў у Белаазёрскі дзяржаўны каледж электратэхнікі. Вучоба давалася лёгка, а іспыты ставіліся “аўтаматам”. Аднойчы пагранічнікі праводзілі прафарыентацыйныя заняткі ў каледжы. Гэта зацікавіла Вадзіма і выклікала ў яго жаданне пайсці служыць у органы памежнай службы. Яшчэ з дзяцінства ён лічыў такую службу прэстыжнай. Бо з ёй быў звязаны нават кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. У выніку Вадзім Міхалевіч апынуўся на 2-й пагранічнай заставе імя Рыгора Кафанава.
“Служба Вадзіма праходзіць лёгка, з самага пачатку ён пачаў вывучаць воінскі і страявы статуты, – піша Яўген Геч. – На заставе ў юнака з’явілася шмат таварышаў, з якімі кожны дзень ён праводзіць не толькі ў побыце, але і на ахове граніцы. Адукацыя дапамагае яму якасна абслугоўваць тэхнічныя сродкі рубяжоў Айчыны. За час службы Вадзім не раз удзельнічаў у затрыманні парушальнікаў Дзяржаўнай граніцы, за гэта мае заахвочванне”.
Бацькі Вадзіма рады за сына, паколькі служба ў памежных войсках – гэта гонар для кожнага грамадзяніна Беларусі.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота прадастаўлена 2-й пагранічнай заставай імя Р.І. Кафанава
