Годна служаць сыны Беларусі!

Апошнім часам Людміла ГРЫЦУК нярэдка ў сваіх думках у вайсковай часці, дзе служыць яе старэйшы сын Арцём. Да вяртання дамоў яму застаецца некалькі месяцаў: ужо ў маі матуля спадзяецца абняць і прытуліць пасталелага, загартаванага вайсковым жыццём сына-салдата. Па тэлефоне хлопец дзеліцца з мамай армейскімі навінамі, плануе, што купіць малодшым, куды пойдзе працаваць.
У сераду Людміла Мікалаеўна атрымала прыемную навіну пра сына. Аказваецца, яе Арцём за час праходжання службы камандзірам гарматы зарэкамендаваў сябе са станоўчага боку. Камандаванне 841-й Чырванасцяжнай, Чарнавіцкай, ордэнаў Багдана Хмяльніцкага і Чырвонай Зоркі групы артылерыі, дзе служыць гвардыі сяржант Арцём АЛАСЮК, вырашыла перадаць яго маці Пісьмо падзякі. Выканалі прыемную місію старшыня райвыканкама Вадзім Краўчук і выконваючы абавязкі начальніка адасобленай групы Жабінкаўскага раёна капітан Уладзіслаў ЖАЛЕЙКА.
— Годна служыць мой сынок, — расчуленая жанчына не хавае слёз гонару за сына, пачуўшы ў свой адрас шмат цёплых слоў за добрае выхаванне сапраўднага абаронцы Айчыны, годнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. — У Арцёма шмат узнагарод у розных сферах. Ён вельмі адказны і справядлівы. Дзякуй вялікі!
Святлана КІСЛАЯ. Фота аўтара