Алёна НІКАНЧУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
Калі скласці гады працоўнага стажу Ганны Лось і яе сына Сяргея, атрымаецца лічба 70. Сімвалічна, што юбілей з такою датай адзначае сёлета і роднае прадпремства – ААТ “Арэпічы”. Амаль 40 гадоў адпрацавала ў ім Ганна Міхайлаўна: спачатку паляводам, потым даяркай. Прадаўжальнікам працоўнай дынастыі стаў сын Сяргей, які больш за тры дзясяткі гадоў рупіцца тут трактарыстам. Як прызнаўся сам, дзе нарадзіўся, там і згадзіўся, таму застаецца верным свайму прадпрыемству і шчыра працуе на яго карысць.
Васьмігодку Сяргей Лось скончыў у родных Арэпічах, затым вучыўся ў Пелішчанскай сярэдняй школе і наведваў заняткі ў вучэбна-вытворчым камбінаце ў Камянцы. Разам з атэстатам атрымаў і правы трактарыста-машыніста. З імі пайшоў уладкоўвацца на працу ў калгас “Перамога” (на той час такую назву мела ААТ “Арэпічы”). Праз некалькі месяцаў хлопца прызвалі ў армію. Трапіў у ракетныя войскі і на працягу двух гадоў нёс службу спачатку ў сталіцы Марыйскай АССР Іашкар-Але, потым у Мірным. Дадому Сяргей Лось прыехаў у званні сяржанта. Толькі месяц дазволіў сабе адпачыць і вярнуўся ў родны калгас. З тае пары – са студзеня 1986 года – ягоная працоўная дарога звязана з адным сельгаспрадпрыемствам. За гэты час Сяргей Уладзіміравіч шчыраваў на рознай тэхніцы: МТЗ-50, Т-40, МТЗ-80, цяпер – за рулём МТЗ-82. Займаўся ворывам, сеяў, саджаў і апрацоўваў бульбу, прасаваў і скірдаваў салому, выконваў шмат іншай работы. Апошнія пяць гадоў Сяргей Лось заняты на кармленні жывёлы – развозіць кармы рагулям і цялятам. З шасці гадзін раніцы ўжо на працы, за дзень даводзіцца рабіць дванаццаць рэйсаў – абслугоўвае кароўнікі і цялятнікі ў Арэпічах, Налезніках і Вярхах. У размове Сяргей Уладзіміравіч прызнаўся: ніколі не шкадаваў, што калісьці прыйшоў на працу ў калгас, застаўся ў вёсцы. Заўсёды рупіўся ў дружным згуртаваным калектыве, адчуваў падтрымку і разуменне калег. На працягу трох дзясяткаў гадоў ён годна прадаўжае працоўную дынастыю сваёй сям’і. Дарэчы, паляводам у гаспадарцы рупіцца і жонка Валянціна, з якою Сяргей у шлюбе 31 год. Разам выхавалі дзвюх дачок, маюць трое ўнукаў.
На адной вуліцы з сынам ва ўтульным доме ў Арэпічах жыве і Ганна Міхайлаўна. Нягледзячы на шаноўны ўзрост, жанчына трымае гаспадарку: каня, парсючка, курэй, даглядае агарод, завіхаецца ў садзе. Даўно на заслужаным адпачынку, але сядзець без справы не прывыкла. З усімі хатнімі клопатамі стараецца спраўляцца сама – чацвёрты год без мужа Уладзіміра Пятровіча, які адышоў у іншы свет (дарэчы, ён некалі таксама працаваў у гаспадарцы). Калі ж патрэбна дапамога, прыязджаюць дачка Ніна, сын Васіль, унукі, праўнукі, дый заўсёды побач сын Сяргей, якому ад бацькоў перадалася любоў да працы на зямлі.
