Год 1969-ы: “СП” размаўляе па-беларуску

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.

Вядома, ніхто “Сельскую праўду” паўвека таму не называў “СП”. Аднак сённяшняя наша газета ў значна большай ступені правапераемніца той раёнкі, што нарадзілася пасля адраджэння ў 1966-м Жабінкаўскага раёна, чым рускамоўнага “Ленинского пути”. Гэта выражаецца і ў змесце, і ў афармленні, і ў мове. Прычым, выключная беларускамоўнасць “Сельскай праўды” ўзору 1969 года ніякім чынам не ўплывала на тырыжы выдання.
ТАДЫ, 59 ГАДОЎ назад, наклад газеты даходзіў да 3200 асобнікаў. Гэта дасягалася, між іншым, з дапамогаю райкама партыі, раённага Савета дэпутатаў і, вядома ж, самога калектыву рэдакцыі.
Ля вытокаў “Сельскай праўды” стаялі каменчукі, журналісты тамтэйшай раёнкі “Ленінец” Барыс Брэўдо (прызначаны рэдактарам у Жабінку) і яго намеснік Віталь Канавалюк (у будучым ён таксама “дарос” да рэдактарскага крэсла). Адказны сакратар Васіль Астапюк перайшоў з Кобрына. Да іх далучаліся і больш маладыя, у тым ліку яшчэ адзін будучы рэдактар “СП” Іван Міцковіч.
Пра тое, як шмат увагі аддавалася газетнаму слову, яскрава сведчыць заметка пра святкаванне ў Жабінцы 5 мая Дня друку. Яно праходзіла ў зале пасяджэнняў райкама КПБ (сёння там, між іншым, месціцца загс). На сход прыйшлі каля сотні чалавек: сельскія карэспандэнты ды распаўсюджвальнікі друку. Лепшыя насценныя газеты з цукровага завода, калгаса “Прамень”, КБА, райспажыўсаюза, чыгуначнай станцыі, міліцыі, трох жабінкаўскіх школ, размешчаныя ў фае, былі ўзнагароджаны.
Як заўсёды, “Сельская праўда” старалася быць на “хвалі часу”, расказваючы пра падзеі і цікавых людзей. Такіх, як выдатны медык, былы франтавік Васіль Ігнатавіч Самборскі. Па просьбе чытачоў пра яго ў сваёй нататцы “Рукі хірурга” расказаў Сцяпан Кажадуб. Рэпартаж “Жменька зямлі”, напісаны Віталем Канавалюком, распавядае пра гістарычную падзею, што адбылася напрыканцы чэрвеня 1969 года. 3 ліпеня, роўна праз чвэрць веку пасля вызвалення беларускай сталіцы, пад Мінскам адкрываліся два знакавых помніка: Курган Славы і мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Сярод іншых памятак пра ліхалецце ў “Хатыні” паўстаў адзіны ў свеце могільнік вёсак, спаленых ушчэнт карнікамі і не адроджаных пасля вайны. У іх ліку — наша Драмлёва. Напярэдадні, як распавядае раёнка, на месцы “вогненнай вёскі” адбыўся мітынг-рэквіем і урна з драмлёўскай зямлёй была адпраўлена ў Хатынь.
Аднак большасць матэрыялаў газеты ўсё ж прысвячалася мірнай працы. Прычым, журналісты былі дзейснымі на гэтым “фронце”. Так, 19 ліпеня “Сельская праўда” на першай паласе змясціла фотаздымак і зварот камбайнера калгаса “Запаветы Ільіча” Іосіфа Кучко да ўсіх земляробаў раёна “Правядзём жніво хутка і без страт”. А ніжэй — прыпіска ад рэдакцыі: “Таварышы камбайнеры, убяром азімыя збожжавыя за 7 рабочых дзён! Выходзьце на выклік Іосіфа Кучко”. І гэта яшчэ не ўсё. Для лепшых земляробаў, “якія вызначацца на ўборцы, устаноўлены тры прэміі. 1-я — гадавая падпіска на “Сельскую праўду” і каштоўны падарунак, 2-я і 3-я — каштоўныя падарункі”. 31 ліпеня падвялі вынікі, і пераходны чырвоны вымпел раёнкі першымі атрымалі той самы таварыш Кучко, які клікаў іншых на спаборніцтва, ды яго памочнік Валерый Глушкоў. Пазней гэты знак ад “Сельскай праўды” перахапілі і трымалі да канца жніва механізатары Мікалай Дземядзюк і Іван Мушынскі са “Світанку”.
Як было патрэбна, журналісты не маўчалі і пра недахопы, што сустракаліся ў жыцці. Крытычныя ноткі, часам вельмі колкія кпіны ад “Жабінкаўскага вожыка” заўжды траплялі ў яблычак. Чаго толькі вартыя назвы артыкулаў: “Бракаробы”, “Фотаабвінавачанне”, “Дарошчваць, а не заморваць”, “Пасля запоін”, “Расхлёбвай” ды многія іншыя. Распаўсюджанай з’явай былі рэйды “Сельскай праўды”, ладзіліся і “круглыя сталы”, на якіх узнімаліся актуальныя пытанні.
Аднак часцей месца на старонках раённай газеты знаходзілі поспехі жабінкаўцаў, напрыклад тых, хто патрапіў на Дошку гонару. У 1969 годзе такіх аказалася 36 чалавек. Чацвёра — трактарыст калгаса імя Куйбышава А.С. Старун, даярка з “Радзімы” В.Х. Серафімовіч, старшыня калгаса “Беларусь” В.М. Лецка
і брыгадзір з “Перамогі” А.Ф. Шорах — 12 лістапада накіраваліся ў Мінск, каб у якасці дэлегатаў паўдзельнічаць у ІІІ з’ездзе калгаснікаў Беларусі.
Галоўнай палітычнай падзеяй ужо наступнага года ў Савецкім Саюзе было набліжэнне сотых угодкаў з дня нараджэння Уладзіміра Леніна (1870-1924). Да “ленінскай даты” рыхтаваліся загадзя, змяшчаючы ў газеце матэрыялы на працягу ўсяго 69-га года.
На здымку: “Сельская праўда” сённяшняя і паўвекавой даўніны.