Зараз вядома 40 жабінкаўцаў, якія вызначыліся на навуковай ніве. Час прыгадаць яшчэ адно імя: Аляксей Міканоравіч Катовіч (1879–1942). Абараніўшы магістарскую дысертацыю, ён стаў вядомым гісторыкам. Да слова, раней ступень магістра адпавядала сённяшняму кандыдату навук.
Ён нарадзіўся 17(30) лістапада 1879 года ў Рагозне, дзе тады святаром служыў яго бацька Міканор Катовіч, вядомы заснавальнік Крупчыцкай царквы.
Першапачатковую адукацыю юнак атрымаў у 1890-1894 гадах у Жыровіцкім духоўным вучылішчы, працягнуў яе ў Літоўскай семінарыі. Як лепшы студэнт, у 1900-м быў рэкамендаваны для паступлення за казённы кошт у Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію, дзе сур’ёзна захапіўся царкоўнай гісторыяй. Курсавое сачыненне на тэму “Стан духоўнай цэнзуры ў Расіі ў першай палове XIX ст.” Аляксей Катовіч пачаў пісаць у 1903 годзе пад кіраўніцтвам Антона Карташова — будучага міністра ў Часовым урадзе.
Навуковы кіраўнік высока адзначыў працу студэнта: “Сачыненне пана Катовіча дае нам не проста рэестр архіўных выняткаў, не груду разрозненых фактаў, а жывы ланцуг падзей, цесна аб’яднаных паміж сабой суцэльным законам прычыннасці, гэта значыцца дае тое, што можа прынесці толькі дастаткова прадуманы і прапрацаваны гістарычны твор. Свае архіўныя набыткі аўтар непрыкметна для чытача растварае ў жывым, сціслым, літаратурна-апрацаваным пераказе, гэта прыдае досыць выгадную лаканічнасць і лёгкасць усяму сачыненню”. Не дзіўна, што курсавая была абаронена паспяхова, а яе стваральнік атрымаў імянную стыпендыю.
Шматпакутная дысертацыя
Закончыўшы акадэмію, Аляксей Міканоравіч быў пакінуты прафесарскім стыпендыянтам пры кафедры рускай царкоўнай гісторыі. Восенню 1906 года паступіў на службу да обер-пракурора Свяцейшага Сінода, а ў сакавіку 1909-га — у канцылярыю Дзяржаўнай Думы.
І ўвесь гэты час малады вучоны рыхтаваўся да абароны магістарскай дысертацыі. З ёю аказалася ўсё вельмі няпроста. Пярэчанні, найперш у высокіх царкоўных колах, выклікала ўжо сама тэма: “Духоўная цэнзура ў Расіі ў першай палове XIX ст.”. Аднак 600-старонкавая праца, напісаная за два з паловаю гады, мела станоўчыя водгукі прафесараў Мікалая Нікольскага і Аляксандра Панамарова. Таму 3 мая 1907 года савет акадэміі дазволіў пасля выпраўлення пэўных заўваг апублікаваць рукапіс Катовіча. За кнігу аўтар атрымаў прэмію імя графа Дзмітрыя Талстога, якая складалася з 1000 рублёў і ганаровага залатога медаля. Нарэшце,
16 мая 1910 года Аляксей Катовіч паспяхова абараніў дысертацыю.
І тут у справу ўмяшаўся рэктар духоўнай акадэміі епіскап Феафан, вядомы кансерватыўнымі поглядамі. Прынамсі, у сваім водгуку той заявіў: гэтае сачыненне па асноўных поглядах на духоўную цэнзуру і апублікаваных фактах не адпавядае царкоўна-іерархічным інтарэсам. У выніку ўжо абароненую дысертацыю адхілілі, а затым большасцю ў адзін голас Сінод адмяніў пастанову духоўнай акадэміі аб прысуджэнні Катовічу звання магістра багаслоўя.
Усё радыкальна змянілася ў 1917 годзе. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі саветы духоўных акадэмій атрымалі права канчаткова прысуджаць навуковыя ступені. І ўжо 20 мая шматпакутная дысертацыя Аляксея Міканоравіча была нарэшце зацверджана.
А яму пашчасціла
Катовіч уваходзіў у “Заходнерускае таварыства” і пасадзейнічаў, каб з Пецярбурга ў Крупчыцы, дзе служыў яго бацька, даслалі так званы “чароўны ліхтар” з серыяй светлавых карцінак для правядзення народных чытанняў у мясцовай царкоўна-прыходскай школе.
Калі надарылася Кастрычніцкая рэвалюцыя, вучоны з Рагозна не змяніў месца жыхарства. Яно проста стала звацца інакш: замест ранейшага горада Пятра — горадам Леніна. З 1926 года Аляксей Катовіч працаваў старшым архівістам Ленінградскага абласнога архіва, быў членам-сакратаром і інструктарам паверачнай камісіі тамтэйшага архіўнага бюро. У навуковым плане Аляксея Міканоравіча па-ранейшаму цікавіла гісторыя цэнзуры, грамадскія рухі ў дарэвалюцыйнай Расіі, найперш — паўстанне дзекабрыстаў.
22 снежня 1933 года Алексея Котовіча арыштавалі па справе так званых “яўлогіеўцаў”, падазравалі ў шпіянажы на карысць панскай Польшчы. Усяго за краты патрапілі тады больш за паўтары сотні асобаў. Праз два месяцы Катовіча выпусцілі, абвясціўшы яму ўмоўнае заключэнне без накіравання ў лагеры. Яму пашчасціла, бо сталінская рэпрэсіўная машына яшчэ не пачала свой шалёны разгон, якога яна дасягне праз тры-чатыры гады. Больш за тое, Аляксею Міканоравічу нават дазволілі часова выехаць за мяжу, каб наведаць у Крупчыцах хварэючага бацьку.
Напрыканцы 30-х Катовіч працаваў старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мовы і мыслення імя Мікалая Мара Акадэміі навук СССР, уваходзіў у групу стваральнікаў “Старажытнарускага слоўніка”, узначаленую вядомым лінгвістам Барысам Ларыным.
Наканаваны лёс
Цяпер крыху пра сямейнае жыццё Аляксея Міканоравіча. Ён ажаніўся з Антанінай Вастокавай, дачкой пскоўскага свяшчэнніка (цесць — айцец Уладзімір — быў арыштаваны і расстраляны ў трыццаць дзявятым). Катовічы мелі трох дзяцей. Трагічна склаліся лёсы іх сыноў.
Старэйшы, Валерыян, прысвяціў сябе геалогіі. Праводзячы палявыя работы на Заходняй Дзвіне, малады вучоны быў арыштаваны па даносе мясцовага жыхара, які палічыў яго шпіёнам. Пратэстуючы супраць несправядлівасці, малады вучоны абвясціў галадоўку і памёр за кратамі ў 1941 годзе. Гэты год стаў апошнім і ў жыцці яго малодшага брата. Калі вораг падышоў да Ленінграда, Анатоль Катовіч выправіўся на фронт і загінуў праз пару месяцаў, абараняючы родны горад.
Блакада загубіла і іх бацькоў. Першая зіма выдалася самай страшнай. Катовічы яе не перажылі. У лютым сорак другога ад голаду і холаду памёр Аляксей Міканоравіч, у сакавіку — Антаніна Уладзіміраўна. Пахаваны яны на Серафімаўскіх могілках — сярод дзясяткаў тысяч іншых ахвяр ленінградскай блакады.
Анатоль БЕНЗЯРУК
