ГАЗЕТАМ — ЖЫЦЬ, СЕЦІВУ — МНОЖЫЦЦА

Напярэдадні шматлікіх святаў, на якія багата памежжа красавіка і траўня, у Мінску ладзіўся традыцыйны медыяфорум сродкаў масавай інфармацыі, арганізаваны сумесна Федерадыяй прафсаюзаў і Міністэрствам інфармацыі краіны.

Дзень першы:
НЯЗГАСНАЯ ПАМЯЦЬ,
або Чый раён лепшы?

Ёсць месцы намоленыя, што кранаюць да слёз. Адно з такіх — у сталіцы. Гэта Храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню Айчыны нашай. З розных куткоў прыехалі на форум каля 130 прадстаўнікоў журналісцкай сябрыны. У кожным горадзе-раёне свае адметнасці, а тут знайшлося ва ўсіх агульнае — нязгасная памяць, што гарыць, быццам агонь, і праз стагоддзі пасля войнаў, якія наваламі каціліся па беларускай зямлі.
…Расчыняюцца ў крыпту цяжкія дзверы. На іх — барэльефы з выявамі знакавых падзей: ГРУНВАЛЬД, СМАРГОНЬ, САЛАЎКІ, ХАТЫНЬ, ТРАСЦЯНЕЦ, ЧАРНОБЫЛЬ. За кожным з гэтых слоў — трагічныя старонкі мінулага, частка нацыянальнага коду, які фарміраваў беларускую нацыю. Экскурсавод расказвае, як 2 лі-пеня 2010 года ў крыпце адбылася цырымонія пахавання астанкаў трох невядомых салдат, што загінулі ў бітвах трох войнаў: 1812 года, Першай сусветнай, Вялікай Айчыннай. Дзесяць гадоў таму каля Усясвяцкай царквы быў адкрыты помнік патрыярху Алексію II, які асвяціў храм, а сёлета (ужо пасля нашага форуму) побач паўстала і скульптура Героя Беларусі мітрапаліта Філарэта.
У крыпце захоўваецца глеба з многіх месцаў, палітых крывёю беларусаў: з палёў баёў, канцлагераў, спаленых вёсак… Нездарма гаворыцца: “Кроў — не вадзіца”. Кожны, хто завітаў сюды, найперш шукаў зямлю, прывезеную са сваёй мясцовасці. Перад тварам бяды няма раёнаў лепшых ці горшых, бо не існуе ніводнага куточка Беларусі, які не зведаў пакут. У святле лампад і я адшукаў надпіс “Жабінкаўскі раён”. Глеба, узятая з нашых пахаванняў, захоўваецца ў трэцяй секцыі, уверсе пад № 5. А калі стаяў каля надпісу “Хатынь”, міжволі падумаў, што сёлета тут павінна з’явіцца і зямля з Драмлёва.
Затым адбылася вельмі змястоўная і даверлівая размова з протаіерэем Фёдарам ПОЎНЫМ і намеснікам старшыні ФПБ Аленай МАНКЕВІЧ. Гэтак адкрыўся медыяфорум, напоўнены яркім эмацыянальным зместам.

Дзень другі,
АСНОЎНЫ,
эмоцыямі поўны

Гэты дзень выдаўся вельмі насычаным, бо абмяркоўваліся пытанні, актуальныя для СМІ. У адкрытым дыялогу ў Доме прафсаюзаў паўдзельнічалі старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл ОРДА і міністр інфармацыі Уладзімір ПЯРЦОЎ.
— Інформацыя павінна быць аб’ектыўнай, аператыўнай, праў-дзівай, а ваша праца — выніковай і прыкметнай, — звярнуўся да журналістаў Уладзімір Барысавіч, які лічыць, што сучасныя газеты павінны дапамагаць чытачам вырашаць іх праблемы і “разабрацца ў тым, што адбываецца”. — Гэты медыяфорум на базе нацыянальнага прафцэнтра ладзіцца ўжо ў пяты раз, што сведчыць пра яго важнасць. Падабенства Федерацыі прафсаюзаў Беларусі і Міністэрства інформацыі ў тым, што мы разам абараняем лю-дзей працы, прынамсі, сваімі публікацыямі, даследаваннямі і неабыякавасцю да чалавека, які часам проста не ведае, куды звярнуцца па дапамогу. І толькі ад нас залежыць, як будзе вырашана праблема працаўніка. І як у выніку яго калектыў, а мо й цэлы раён будзе ставіцца да сродкаў масавай інфармацыі і прафсаюзаў, якія не засталіся ўбаку.
Са свайго боку, лідар айчынных прафсаюзаў падкрэсліў, што падобныя сустрэчы вельмі патрэбныя, паколькі ў інфармацыйнай прасторы шмат фейкаў, з якімі змагацца прасцей разам. Міхаіл Орда падрабязна распавёў пра тое, чым займаецца ФПБ. Прынамсі, у забеспячэнні аховы працы, узаемадзеянні з сацыяльнымі партнёрамі, супрацьдзеянні санкцыям, маніторынгу цэнаў. Міхаіл Сяргеевіч расказаў і аб мерапрыемствах, прымеркаваных да Года гістарычнай памяці.
Удзельнікі форуму скарыс-таліся магчымасцю задаць пытанні старшыні ФПБ і мініс-тру інфармацыі. Напрыклад, журналістаў цікавіла, ці выжывуць раённыя друкаваныя СМІ без датацый, наколькі праўдзівыя чуткі пра блакіроўку сацыяльных сетак? Карэспандэнты таксама ўносілі свае прапановы, якія можна рэалізаваць у Год гістарычнай памяці.
Працягнуўся журналісцкі форум пазнавальнымі лекцыямі і майстар-класамі ад вядучых прадстаўнікоў прафесіі: намесніка начальніка інфацэнтра выдавецкага дома “Праф-Прэс” Вольгі АЛІНОЎСКАЙ, рэдактара аддзела інтэрнэт-партала 1prof.by Іі ПАЛІКАРПАВАЙ, дацэнта Інстытута журналістыкі БДУ Аляксандра ГРАДЗЮШКІ, гендырэктара ангенцтва “Мінская праўда” Ларысы КОРШУН, галоўнага рэдактара выдавецкага дома “Беларусь сегодня” Івана СІНІЧКІНА, бізнес-трэнера па інтэрнэт-маркетынгу Сяргея КУЗЬМЕНКІ, ды інш. Сярод агучаных тэм — узаемадзеянне з людзьмі і пошук патрэбнай інфармацыі, сучасныя тэхналогіі дзейнасці рэгіянальных вы-данняў у лічбавым асяроддзі, медыяметрыя для СМІ і прэс-службаў, работа ў недружалюбнай інфармацыйнай прасторы. Агульны лейтматыў выступленняў: “Газетам — жыць, сеціву — развівацца. Ім патрэбна арганічна суіснаваць”.
Адным словам, у гэты насычаны дзень было дастаткова падзей, якія жыва абмяркоўвалі ўдзельнікі форуму.

Дзень трэці,
“СПАДЧЫНА БЕЛАРУСІ”,
якою ганаруся

Здаўна маю асаблівыя адносіны да ўсяго роднага і народнага. Таму з захапленнем наведаў рэспубліканскі Палац культуры прафсаюзаў, дзе адкрываўся турыстычны форум “Спадчына Беларусі”.
На ім свае праграмы прэзен-тавалі ўсе без выключэння рэ-гіёны краіны. Цікавасць міжволі прывяла на трэці паверх. Тут разгарнуліся выставы з роднай Брэстчыны. Наша вобласць прапанавала маршруты “Запаведны напеў” і “Палеская скарбонка”, “Шляхецкія куточкі” і “Пінскія эцюды”, “Брэст гасцінны” і “Яны змагаліся за Ра-дзіму”, “Гэтых дзён не змоўкне слава…” і “Няскораная Беларусь”.
Спецыяльна для форуму былі распрацаваны маршруты, якія ўключаюць туры, пры-
свечаныя Году гістарычнай памяці”. Ёмістая “Калекцыя захапляльных падарожжаў — 2022”, выдадзеная “Беларустурыстам”, уключае 250 экскурсій. З асаблівай цікавасцю шукаў згадкі пра жабінкаўскія мясціны. У раздзеле “Патрыятычны турызм” — апісанне маршруту “Сцежкамі, што аб’ядналі лёсы двух генералаў”. Ён пачынаецца ў Мінску, завяршаецца таксама ў сталіцы. На шляху падарожных — Малыя Сяхновічы, колішняе Здзітава, Залуззе, Кобрын са шматлікімі згадкамі пра Тадэвуша КАСЦЮШКУ і Аляксандра СУВОРАВА.
Яшчэ адна вандроўка, апісаная ў раздзеле “Папулярныя экскур-сійныя туры па Беларусі”, называецца “Святыні Берасцейскай епархіі”. Сярод сакральных мясцін гасцям прапануецца наведаць Хмелева, каб адчуць сілу веры ў манастыры і храме, дзе зберагаецца цудадзейны абраз Божай Маці Чанстахоўскай.
Міжволі да лозунгу “Беларустурыста”: “Падарожнічайце з тымі, хто рады Вам заўсёды”, — хочацца дадаць: “І сярод тых, хто радуецца сустрэчам з Вамі, — Жабінка з наваколлямі!”
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара