Дар’я НІКАНЧУК. Фота аўтара.
Дзе б чалавек ні быў, яго заўсёды цягне на малую радзіму, успаміны трывожаць сэрца, прыходзяць у снах. На Століншчыне нарадзіліся мае бацькі, у самім Століне на свет з’явілася і я, але праз некаторы час мы пакінулі гэтую мясцовасць. Часта думаю: “Навошта?” Не-не, я не шкадую, проста разважаю. Гэты край дарагі і ўтульны, тут такія добрыя і шчырыя людзі, а яшчэ тут здаўна жыве і захоўваецца старажытны промысел ганчарства…
На Століншчыне ў вёсцы Гарадная, адкуль пайшла не адна дынастыя ганчароў, у шосты раз адбыўся міжнародны пленэр майстроў гэтай справы. За ўвесь час ён збіраў на гараднянскай зямлі прадстаўнікоў Расіі і Украіны, Польшчы і Латвіі, Даніі і Швецыі, Грузіі і Малдовы, іншых краін, а таксама ўмельцаў з розных куточкаў Беларусі. Пра гэта сведчыць багатая экспазіцыя вырабаў у Цэнтры ганчарства, які запрашае на цікавую экскурсію ўсіх гасцей вёскі. Нарэшце сюды завітала і я. Канечне, у дзяцінстве часта бывала ў Гарадной у бабулі з дзядулем, але на пленэр ганчароў трапіла ўпершыню.
Экспазіцыя ў Цэнтры ганчарства сабрала лепшыя работы. Сярод іх як традыцыйны гараднянскі посуд, так і арыгінальныя вырабы замежных майстроў, якія перадаюць асаблівасці гэтага промыслу на іх роднай зямлі. Таму што падчас кожнага пленэру госці спачатку спрабуюць зрабіць элемент аўтэнтычнага гараднянскага ганчарства, а пасля дэманструюць тэхніку сваёй мясцовасці. У гэты раз майстры з Беларусі і Расіі, Украіны і Польшчы знаёміліся з “банькай” – пасудзінай шаравіднай формы з вузкім горлам.
Шэсць дзён на базе цэнтра 30 ганчароў “чаравалі” над сваім кругам і “вялі размову” з глінай. А яна ў Гарадной асаблівая: лёгка падымаецца і добра трымае форму, але ж дае вялікую ўсушку – працэнтаў дзесяць. Многія госці на пленэры не ўпершыню, таму ведаюць, як знайсці агульную мову з матэрыялам. Так, чацвёрты раз удзельнікамі сталі Таццяна Галаванава з Расіі, Павел Пяхоўскі з Польшчы і беларускі майстар Віталь Шапялевіч. У Ганцавічах у Віталя вялікая сям’я – сямёра дзяцей. На жыццё ён зарабляе рамяством і заўважае, што гліна прыцягвае. А вось Іван і Надзея Ільіны з украінскага Ізмаіла ў Гарадной упершыню. Сям’я керамістаў атрымала асалоду ад сустрэчы з аднадумцамі і пераняла вопыт, які спатрэбіцца ў далейшай працы. Мясцовыя традыцыі працягваюць маладыя майстры Сяргей і Іван Шэлесты. Калі Іван паехаў вучыцца ў Пінск, то вырашыў пакінуць ганчарную справу, але праз некаторы час усё ж вярнуўся да рамяства і стаў ім зарабляць. Раней у вёсцы кожны мужчына быў ганчаром. Традыцыйныя гаршкі гараднянцаў – “мамзэлька”, “сямак”, “глечык”, “злівач”, “пададзінец” ды іншыя – прадавалі ў суседніх вёсках, акуратна на вазах вазілі ў Столін, Пінск, нават у Кобрын. Тады ганчары зараблялі нядрэнна. Гарадная ж мела статус мястэчка, валодала Магдэбургскім правам і ўласным гербам.
На жаль, зараз вялікая вёска вымірае. У той час, калі ў мясцовай школе вучылася матуля, тут атрымлівалі веды больш за сем соцень вучняў, зараз жа іх колькасць ледзь перавышае паўсотні. Безумоўна, улетку школьныя калідоры становяцца зусім маўклівымі, ажываюць толькі падчас пленэру – на базе ўстановы для майстроў створаны ўсе ўмовы для камфортнага знаходжання. Увечары ў вёсцы таксама спакойна і ціха, толькі чуваць, як каля былога настаўніцкага доміка насупраць школы гутараць і спяваюць ля вогнішча ганчары. Калісьці ў ім жылі і мае бабуля з дзядулем, якія амаль усё жыццё прысвяцілі Гараднянскай школе. У дзяцінстве мне здавалася, што гэты домік так далёка ад яе, але зараз заўважыла, што рукой падаць. Падчас вячэрняй прагулкі сустрэла толькі ваеннага з сабакам: у вёсцы размешчана пагранічная застава, бо зусім блізка ўкраінская мяжа. А перад Гарадной дзейнічае пункт, дзе ў вас абавязкова правераць дакументы. Але гасцям тут рады, прывыклі, што іх асабліва многа збіраецца ў апошні дзень пленэру, калі ладзіцца “Гараднянскі кірмаш” і свята вёскі.
На сёмы дзень сустрэчы, у нядзелю, мясцовыя і замежныя майстры прапаноўвалі свае вырабы на кірмашы. Ганчар стаў цэнтральнай фігурай свята, а самым хадавым таварам – гліняны посуд. Можна смела браць, калі ён звініць, а гараднянскі ўвесь звініць! Гэта пакупнікам адразу прадэманстравалі патомныя ганчары Рыгор Кавалька і Васіль Гмір (на здымку). Цікавіліся госці і вырабамі замежных керамістаў – бойка ішоў торг! Яно і зразумела: наступны ганчарны пленэр чакаць яшчэ два гады, таму трэба было не ўпусціць магчымасць набыць усё неабходнае на святочным кірмашы. Да яго прымеркавалі і юбілей вёскі – Гарадной споўнілася 570 гадоў.
Той, хто ўжо спаўна патаргаваўся і напоўніў сумку рознымі чароўнымі глінянымі вырабамі, мог адправіцца ў Музей-сядзібу ганчара, якая размясцілася непадалёк. Яе абстаноўка вяртала наведвальнікаў у тыя часы, калі жылі і працавалі нашы продкі, зараблялі на жыццё тым, што маглі з простай гліны зрабіць карысныя і арыгінальныя рэчы. На разві-танне ў альбоме пажаданняў пакінула словы ўдзячнасці за магчымасць дакрануцца да гэтага старадаўняга промыслу, які з ХV стагоддзя бярэ пачатак у вёсцы і перадаецца, як вялікае багацце, маладому пакаленню беларусаў і зараз прыцягвае ў Гарадную людзей са ўсяго свету і дазваляе ёй заставацца незабытай і ўнікальнай.

