Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота Святланы КІСЛАЙ.
Упэўнена, пад гэтымі словамі падпісаўся б кожны, хто прыйшоў на ўрачысты мітынг, прысвечаны галоўнаму святу нашай краіны — Дню Незалежнасці — і 75-м угодкам вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Традыцыйна ён ладзіўся ля помніка загінулым воінам і партызанам на цэнтральнай вуліцы Жабінкі.
Эстафету слаўных спраў пераняло пакаленне нашчадкаў
— Гэты ўрачысты дзень пранізаны пачуццём гонару за сваю Айчыну і бязмежнай удзячнасцю тым, хто мужна, не шкадуючы ўласнага жыцця, змагаўся за незалежнасць роднай зямлі, — заўважыў у сваім выступленні старшыня райвыканкама Віталь Кулак. — Доўгачаканы дзень вызвалення каштаваў нашай рэспубліцы неймаверных намаганняў і каласальных ахвяр. Але беларусы не скарыліся нямецкім акупантам і разам з іншымі народамі Савецкага Саюза здабылі Вялікую Перамогу.
Кіраўнік раёна нагадаў, што з кожным годам усё менш і менш становіцца відавочцаў ваеннага ліхалецця. Таму так важна зараз, пакуль яшчэ не позна, сказаць ім дзякуй і нізка пакланіцца.
Эстафету слаўных спраў у ветэранаў вайны пераняло пакаленне нашчадкаў.
Стваральная праца
беларусаў, падкрэсліў старшыня райвыканкама, іх дасягненні і вынікі ў розных галінах эканомікі, спартыўныя і творчыя перамогі выклікаюць пачуццё гонару ў суайчыннікаў.
Сваю лепту ў развіццё суверэннай Беларусі ўносіць і наш Жабінкаўскі раён. Працоўныя заслугі нашых калектываў годна ацэнены на высокім узроўні. Віталь Уладзіміравіч заўважыў, што Жабінкаўская ПМК-10 заняла першае месца ў рэспубліканскім конкурсе, што праводзіў Саюз будаўнікоў Беларусі. Другое месца ў абласным спаборніцтве за дасягненні ў 2018 годзе найлепшых вынікаў у выкананні паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод арганізацый аграпрамысловага комплексу належыць ААТ “Вазнясенскі” (дырэктар Надзея Кандрацюк). Працоўны калектыў гаспадаркі занесены на абласную Дошку гонару.
Кіраўнік раёна падкрэсліў, што ў бліжэйшай будучыні будзе працягнута работа па стварэнні новых прадпрыемстваў і працоўных месцаў, прыцягненні замежных інвестыцый, будаўніцтве далявога будаўніцтва жылля і ўмацаванні здароўя насельніцтва.
На абароне краіны і народа
Ва ўсе часы абарона Айчыны была і застаецца найвышэйшай праявай любові і адданасці сваёй Радзіме. Наша армія заўсёды стаяла на абароне інтарэсаў сваёй краіны і народа. І зараз у Беларусі робіцца ўсё, каб яна стала яшчэ больш сучаснай і моцнай. Аб гэтым гаварыў у сваім выступленні начальнік адасобленай групы (Жабінкаўскага раёна) ваеннага камісарыята Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў падпалкоўнік Аляксей Пятроў.
— Дзень Незалежнасці нагадвае, што мы нашчадкі тых пакаленняў, якія вякамі марылі пра суверэнную дзяржаву. Мы ўсімі сіламі будзем берагчы і абараняць незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі, — сказаў Аляксей Анатольевіч.
Ён выканаў пачэсную місію — уручыў медалі, прымеркаваныя да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Юбілейныя ўзнагароды атрымалі падпалкоўнікі міліцыі Андрэй Лагота, Ілля Хвалько, Яўген Самускевіч, Дзмітрый Галаванчук, маёр міліцыі Віталь Ануфрыюк, падпалкоўнік унутранай службы Алег Бутрым, маёр унутранай службы Аляксандр Батуля, падпалкоўнік юстыцыі Юрый Юркевіч, падпалкоўнікі запасу Сяргей Візнер і Аляксандр Яўстратаў, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Анатоль Старыцкі і старшыні сельвыканкамаў.
Па традыцыі, да помніка воінам-вызваліцелям і мармуровых пліт былі ўскладзены вянкі, карзіны, кветкі ад прадстаўнікоў працоўных калектываў і шматлікіх арганізацый Жабінкаўшчыны.
Дата, якую трэба шанаваць, свята, якое трэба ярка адзначаць
Урачыстая частка прадоўжылася святочнымі мерапры-емствамі ў гарадскім Доме культуры. Жабінкаўцы і госці райцэнтра з цікавасцю спыняліся каля выставы-экспазіцыі “Мінулых гадоў жывая памяць”, арга-нізаванай бібліятэкарамі раёна, прымалі ўдзел у акцыі “Пад мірным небам Беларусі”, дзе кожны мог пакінуць пажаданні роднай Жабінцы, і ў віктарыне “Мой горад”. Прыемна, што старшыня райсавета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк не толькі адказаў, што Жабінка стала сталіцай абласных “Дажынак” у 2007 годзе, а першым кіраўніком партызанскага атрада ў Старасельскім лесе быў Сяргей Шыканаў, але і прыгадаў, што наша “Сельская праўда” першапачаткова мела назву “Ленинский путь”.
Сапраўдным упрыгажэннем святочнай праграмы стаў канцэрт духавога аркестра галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама — заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь. Яго салісты Ірына Вярковіч і Сяргей Кудрачоў проста “запалілі” залу цудоўнымі спевамі. А харызматычная і абаяльная Ірына, якая да таго ж вяла праграму канцэрта, улюбіла ў сябе з першых хвілін. Яна заўважыла, што аркестру сёлета споўніцца 55 год і геаграфія іх выступленняў з кожным годам усё пашыраецца. Удзельнікі калектыву асабліва ўразілі выкананнем інструментальных кампазіцый і папуры на тэмы з фільмаў Гайдая.
Але не толькі пра дарослых паклапаціліся арганізатары свята. Для малечы працаваў дзіцячы гарадок з батутамі і горкамі, попкорнам і салодкай ватай, а гандлёвыя палаткі прапаноўвалі цацкі-забаўкі, вырабы ручной работы і бяспройгрышныя латарэі. Юныя жыхары Жабінкі спаборнічалі ў футболе, удзельнічалі ў паказальным выступленні па каратэ кёкусінкай, спявалі, танцавалі хіп-хоп і расквечвалі сябе і адзін аднаго рознакаляровымі фарбамі. Яркім і запамінальным атрымалася святкаванне Дня Незалежнасці ў Жабінцы, якая 75 гадоў жыве пад мірным небам сінявокай Беларусі.





