Ганаровы абавязак

Дзень 5 лістапада, несумненна, запомніцца Аляксандру Куліку, Аляксею Скачыкоўскаму, Уладзіславу Малчанаву і яшчэ больш чым сарака маладым людзям Жабінкаўшчыны, якім у той памятны аўторак урачыста ўручылі позвы ў армію.
Начальнік адасобленай групы (Жабінкаўскага раёна) ваеннага камісарыята Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў падпалкоўнік Аляксей Пятроў зачытаў Указ Прэзідэнта нашай краіны аб прызыве грамадзян на тэрміновую воінскую службу. Юнакі слухалі ўважліва, засяроджана, мабыць, думаючы пра перамены, якія іх чакаюць.
Словы на дарогу будучым абаронцам Айчыны сказалі намеснік кіраўніка нашага раёна, старшыня прызыўной камісіі Ала Ануфрыюк і старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” падпалкоўнік запасу Сяргей Візнер. Выступоўцы заўважылі, што служба ва ўзброеных сілах — важны этап у жыцці кожнага мужчыны. Армія — сапраўдная школа жыцця, дзе юнакі стануць больш моцнымі фізічна і духоўна, набудуць сапраўдных сяброў, правераных вайсковымі выпрабаваннямі.
Ала Сцяпанаўна пад-крэсліла, што прызываюцца маладыя людзі ў знамянальны для нашай краіны год — 75-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, служаць яны на тэрыторыі роднай дзяржавы, і пажадала прызыўнікам годна несці высокае званне абаронцы, сумленна выконваць воінскі абавязак на карысць Радзімы і прымяняць атрыманыя навыкі толькі ў мірным жыцці.
Як заўважыў падпалкоўнік Аляксей Пятроў, падчас сёлетняга восеньскага прызыву жабінкаўскія юнакі папоўняць шэрагі воінскіх часцей органаў пагранічнай службы, унутраных войскаў МУС і Дэпартамента транспартнага забеспячэння. Ён выказаў спадзяванне, што прызыўнікі станоўча зарэкамендуюць сябе падчас службы, іх бацькі атрымаюць пісьмы падзякі з воінскіх часцей, а хтосьці з абаронцаў Айчыны застанецца служыць і далей ва Узброеных Сілах Беларусі. Але пакуль яны на парозе дарослага жыцця з сур’ёзнымі выпрабаваннямі на сілу, вынослівасць, строгую дысцыпліну. Аляксандр Кулік, да прыкладу, працаваў да прызыву майстрам у Жабінкаўскай ПМК-10, Аляксей Скачыкоўскі — газаэлектразваршчыкам у Брэсцкай ПМК-17. Саша будзе служыць у войсках МУС у Гомелі, Лёша — у пяхоце ў Слоніме. Настрой у хлопцаў баявы, бадзёры. Іх ніколькі не засмучае, што зусім хутка яны развітаюцца са сваімі пышнымі шавялюрамі і прыбудуць на прызыўны пункт, адкуль пачнецца адлік новага і вельмі адказнага этапу іх жыцця. Служылі бацькі, дзяды і прадзеды гэтых юнакоў. Цяпер прыйшла іх чарга выканаць ганаровы абавязак перад Радзімай. Служыце годна, землякі!
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота аўтара