Ганаровае трэцяе месца

На базе Брэсцкай раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ адбыўся абласны этап рэспубліканскага моладзевага конкурсу “Аўталэдзі-2018”. Арганізатарамі спаборніцтваў выступілі Брэсцкі абкам ГА “БРСМ”, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама, Брэсцкая ААС ДТСААФ.
Дзевяць удзельніц — пераможцаў раённых этапаў — змагаліся ў пяці конкурсах. Ад нашага раёна ў абласным этапе прымала ўдзел Юлія Вакуліна-Хведарэц.
Першым выпрабаваннем для ўдзельніц стала прэзентацыя сябе і аўтамабіля ў творчым жанры. Да гэтага конкурсу кожная прадстаўніца прыгожага полу рыхтавалася загадзя, узброіўшыся крэатывам і фантазіяй. Напрыклад, Вікторыя Падмазка з Баранавіцкага раёна ўпрыгожыла свайго “жалезнага каня” каласкамі, ручнікамі і васількамі, прымеркаваўшы прэзентацыю да Года малой радзімы. А Валянціна Крываш, удзельніца ад Брэсцкага раёна, прыбрала свой аўтамабіль у камсамольскім стылі. Прадстаўніца нашага раёна Юлія Вакуліна-Хведарэц склала верш, прыбралася прынцэсай з каралеўства ПМК-19 і нават на сваё аўто надзела карону.
Затым удзельніц чакалі заданні на веданне Правілаў дарожнага руху, выкананне розных элементаў кіравання на аўтадроме і нават замена кола! На заключным этапе конкурсу кожная аўталэдзі прэзентавала прыдуманы ёй дарожны знак, з якім жыць было б лягчэй (ці хаця б весялей).
Па выніках конкурсу перамогу і званне “Аўталэдзі-2018” заваявала ўдзельніца з Кобрына Наталля Семянюк. А наша Юлія Вакуліна-Хведарэц заняла ганаровае трэцяе месца!
Валерыя МАРКОЎСКАЯ, в.а. першага сакратара РК ГА “БРСМ”.