На Жабінкаўшчыне яго вытрымалі годна
Перагорнута апошняя старонка жніва. У хлебаробаў ёсць час падвесці вынікі, прааналізаваць прой-дзенае.
Сёлетнюю ўборачную кампанію нельга назваць лёгкай. Сухая вясна і частка лета (асабліва ліпень), дажджлівы, нават ліўневы жнівень, які расцягнуў тэрміны заканчэння ўборкі, — усё гэта стала няпростым экзаменам-выпрабаваннем для працаўнікоў хлебнай нівы. Нашы аграрыі вытрымалі яго годна.
Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Кучынскі расказаў, што сёлета на Жабін-каўшчыне намалочана 50 тысяч тон збожжавых — на дзве тысячы тон больш, чым летась. Гэта самы высокі валавы збор збожжа за апошнія дзесяць гадоў, што стварае сур’ёзныя перадумовы для далейшага развіцця жывёлагадоўлі. У раёне атрымалі нядрэнную ўраджайнасць збожжавых, якая склала больш за 41 цэнтнер з гектара. Гэта на адзін цэнтнер ніжэй за леташні ўзровень, але, улічваючы капрызныя ўмовы надвор’я, жабінкаўскія аграрыі справіліся з пастаўленымі задачамі. А планку самай высокай ураджайнасці традыцыйна трымае ААТ “Вазнясенскі”, дзе сёлета сабралі 67,7 цэнтнера з гектара.
— Уборачная кампанія патрабавала значных фізічных і маральных намаганняў, — адзначыў Аляксандр Яўгенавіч. — Зменлівае надвор’е ў чарговы раз паказала, што не ўсё залежыць ад хлебаробаў, аднак для атрымання добрага ўраджаю было зроблена ўсё магчымае. У гэтым вялікая заслуга рупліўцаў сельгасарганізацый раёна. Дапамагала нашым аграрыям і Жабінкаўская сельгастэхніка. На базе прадпрыемства праводзіўся рамонт зернеўборачных камбай-наў, была арганізавана бесперабойная пастаўка неабходных запчастак. Арганізацыя таксама дапамагала сваім транспартам дастаўляць збожжа на прыёмныя пункты і вывозіць салому з палёў. Раён выканаў дзяржзаказ па збожжы на 95 працэнтаў, па рапсе і півавараным ячмені — на ўсе сто. Азімы рапс пасеяны на плошчы 1800 гектараў.
Сярод працоўных калектываў на ўборцы зерневых і зернебабовых найлепш спрацавалі хлебаробы адкрытага акцыянернага таварыства «Ракітніца», якое ўзначальвае Рыгор Панасюк. Другое месца ў спаборніцтве занялі азятчукі пад кіраўніцтвам Святаслава Аляшкевіча, трэцяе — у працаўнікоў ААТ “Вазнясенскі”. Гаспадарка — нязменны ўдзельнік штогадовай тройкі лідараў на чале з Надзеяй Кандрацюк.
— Асобных слоў падзякі, безу-моўна, заслугоўваюць нашы камбайнеры, — кажа Аляксандр Кучынскі, — перад якімі стаяла задача з мінімальнымі стратамі сабраць вырашчаны ўраджай. На жабінкаўскіх нівах шчыравалі 54 экіпажы. Прафесіяналізм, веды і вопыт дазволілі 12 з іх намалаціць звыш тысячы тон збожжа.
Больш за паўтары тысячы тон на ўмоўны камбайн на рахунку экіпажа Сяргея Андрасюка і Віктара Петрыка з “АграАзятаў”, больш за дзве тысячы тон намалаціў іх калега Юрый Лысковіч. Яны і сталі сёлета лідарамі жніва. Экіпаж з “Вазнясенскага” ў складзе Дзмітрыя Дзямідчыка і Юрыя Старуна стаў трэцім у лідарскай гонцы.
На думку начальніка райсельгасхарчу, спаборніцтвы падчас жніва — неабходны элемент уборачнай кампаніі.
— Ушаноўванне перадавікоў традыцыйна адбывалася прама ў полі, і калі мы ўручалі ўзнагароды лепшым, то было бачна: для іх гэта вельмі важна і ганарова. Людзям прыемна, што іх нялёгкая праца, заслугі і старанне не засталіся без увагі. Упэўнены, што такія мерапрыемствы зара-джаюць энергіяй і пазітывам да канца жніва, да таго ж перадавікі атрымліваюць невялікія, але надзвычай прыемныя і каштоўныя падарункі. Спаборніцкі дух у такой працы проста неабходны. Аднак, як паказвае практыка, нашы хлебаробы ўмеюць не толькі спаборнічаць, але й сябраваць, і адзін аднаму дапамагаць.
Мы ўсе добра разумеем, што ад вынікаў працы аграрыяў шмат у чым залежыць эканоміка нашага раёна. Жніво завершана, але сельскагаспадарчы год працягваецца. Кожны працаўнік вёскі: ці то аграном, ці механізатар, ці жывёлавод, ці інжынер, на працягу ўсяго года штодзённа робіць уклад у будучы ўраджай. І для таго, каб гэтую няпростую працу аблегчыць, зрабіць яе больш тэхналагічнай і эфектыўнай, у апошнія гады вядзецца актыўная работа па абнаўленні тэхнікі і абсталявання, умацаванні іншай матэрыяльнай базы. Прыкладам таму можа служыць кожная гаспадарка ў нашым раёне. Аднак спрадвеку ёсць завядзёнка на сяле: падсумаваў здабыткі жніва — рыхтуйся да чарговага. Таму зараз усе клопаты жабінкаўскіх аграрыяў пра ўраджай наступнага года, які павінен быць яшчэ больш важкі.
Наталля ВАЛОШКА
Фота Святланы КІСЛАЙ
Колькі важыць абласны каравай?
Аграрыі Брэстчыны завяршылі масавую ўборку збожжавых і зернебабовых культур
— Засталося ўбраць падтопленыя ўчасткі, куды не можа ўвайсці сельгастэхніка. Планавалі завяршыць жніво на дзесяць дзён раней, але дажджы не дазволілі выканаць намечанае, — гаворыць намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Віталь Рудзь.
Усяго ў рэгіёне намалочана (без уліку проса і грэчкі) 1 мільён 172,5 тысячы тон. Самы важкі каравай у аграрыяў Баранавіцкага раёна — 140,9 тысячы тон. На другім месцы — хлебаробы Камянеччыны са 120 тысячамі, замыкаюць тройку лідараў пружанцы, якія сабралі 105,7 тысячы тон. Сярэдняя ўраджайнасць сёлета склала 34,9 ц/га. Летась з аднаго гектара атрымлівалі амаль 40 цэнтнераў.
Паралельна аграрыі прыступілі да ўборкі проса, пачалі нарыхтоўку сенажу, а таксама ўбіраюць падгарэлыя ўчасткі кукурузы на корм.
4 верасня лепшых хлебаробаў Брэстчыны будуць ушаноўваць на абласных “Дажынках”. Фестываль працаўнікоў вёскі прыме гарадскі пасёлак Лагішын у Пінскім раёне.
