З вышыні пражытых гадоў часы маленства і юнацтва нярэдка выклікаюць настальгічныя ноткі. Мудрасці, канечне, прыбавілася, ды жвавасці паменела. І ўсё ж няма прычыны сумаваць, калі побач родныя людзі, ды свята сумеснага жыцця афарбавана ў залаты колер. Так, 9 мая для Уладзіміра Уладзіміравіча і Галіны Васільеўны Баравікоў было падвойным святам. Па-першае, Дзень Перамогі. А па-другое, на іх агульным сямейным календыры зазіхацела лічба 50. Менавіта столькі гадоў жывуць разам залатыя юбіляры.
Спачатку была Бобінка…
І ён, і яна — пасляваенныя, наймалодшыя ў шматдзетных сем’ях. Уладзімір меў перад сабою старэйшую сястру і двух братоў. У Галіных бацькоў дзяцей было яшчэ болей. Калі дзяўчынка-паскрэбыш прыйшла на свет, яе сустракалі не толькі матуля з татам, але яшчэ шасцёра сясцёр і братоў.
Валодзя нарадзіўся ў вёсачцы Бобінка пад Высокім. У Амельянецкай школе хлопчык цягнуўся да ведаў. Дасюль памятае, як у цёплым кажушку разам з сябрукамі ў суровыя зімы па калена ў снезе штодня беглі праз кіламетры да школы, а пасля ўрокаў спяшаліся дамоў, каб дапамагаць старэйшым па гаспадарцы. Сям’я была немалая, таму і на ўласны хлеб давялося пайсці рана. Валодзя закончыў профтэхвучылішча ў Высокім, дзе набыў карысныя спецыяльнасці трактарыста-механізатара, камбайнера, слесара. У мясцовым калгасе “Зара” пачыналася яго працоўная біяграфія. Неўзабаве (яшчэ і васямнаццаці не было) юнак паехаў у Камянец, у ваенкамаце папрасіўся ў школу Добраахвотнага таварыства садзей-нічання арміі, авіяцыі і флоту. Там вывучыўся яшчэ і на вадзіцеля. Усё гэта аказалася карысным і ў войску, і на грамадзянцы.
1 мая 1967 года хлопца з Бобінкі прызвалі ва Узброеныя Сілы СССР. Рыхтавалі ў Полацку на цаліну, але спачатку трапіў на жніво ва Украіну, затым жытні колас хіліў сваю галаву перад маладым хлебаробам і ў Паўночным Казахстане. Заканчваў службу Уладзімір Баравік у роднай Беларусі, пад Лепелем, у сакрэтнай ракетнай часці. Як скончыўся тэрмін вайсковай службы, вярнуўся ў сваю Бобінку. Ды праз месяц падаўся ў горад над Бугам у пошуку працы, уладкаваўся на асфальтавы завод.
У Брэсце і сустрэў свой лёс. Нараджэнка Падлесся Галя Каленік пасля Хмелеўскай школы трапіла на будаўніцтва, працавала тынкоўшчыцай-мулярам. Жыла з сяброўкай у інтэрнаце на Халтурына. Аднаго разу зусім выпадкова ў пакой да Ані і Галі завіталі сябры-таварышы — Пеця ды Валодзя. Маладыя людзі хутка перазнаёміліся, дзяўчаты пакармілі хлопцаў. Пачалі прыглядацца адзін да аднаго. Не, не з першага погляду давер і дружба перараслі ў згоду ды каханне. Спатрэбілася яшчэ нямала сустрэч, каб зразумець, што трэба быць ім разам назаўсёды. Адным словам: неўзабаве Пеця Будзько ўзяў за сябе Ганну, а Валодзя Баравік — Галіну.
І дзень для вяселля выбралі не просты, а самы што ні ёсць святочны. 9 мая 1971 года Уладзімір Уладзіміравіч і Галіна Васільеўна, узяўшыся за рукі, рушылі ў райвыканкам, дзе і заручыліся. Стаяла млосная спёка, навокал буяла шматколерная квецень, і людзі наўкола, здавалася, усе як адзін усміхаліся ім, маладым. Асабліва прыемна было прымаць віншаванні ад родных — Галінай мамы Вікторыі Ігнатаўны і бацькі Валодзі — Уладзіміра Піліпавіча. Пры сведках нявеста і жаніх абмяняліся пярсцёнкамі, прылюдна пакляліся ісці агульнай сямейнай дарогай у згодзе, каханні і радасці не дзень, не год, а ўсё жыццё.
Сямейная быль
Пасля вяселля маладая сям’я на нейкі месяц пасялілася ў Падлессі, у хаце Галінай матулі. Аднаго разу Вікторыя Ігнатаўна расказала зяцю кранальную і ў нечым павучальную гісторыю свайго жыцця.
Жанчыне было сямнаццаць, калі яе выдалі за хлопца, які прыехаў з Расіі. Васіль Каленік быў кавалерам з пасагам — меў каня з возам. Адзін за другім яшчэ да вайны нарадзіліся пяцёра дзяцей. Пракарміць такую араву — няпростая справа, таму шчыравалі да сёмага поту і малыя, і дарослыя.
Ды стала яшчэ цяжэй, калі выбухнула ліхалецце. Немцы занялі вёску, жылі-сталаваліся па хатах, мясцовых выгналі ў зямлянкі, Падлескі клуб занялі пад камендатуру, а ў вялікім са-дзе Каленікаў, высечаным ушчэнт акупантамі, атабарыліся танкі і машыны. Так працягвалася да вызвалення.
Летам сорак чацвёртага Вікторыя Ігнатаўна нарадзіла шостае дзіця. Раптам у аднаго гітлераўца прапаў нож, і ён чамусьці рашыў, што вінаваты Станіслаў — адзін з сыноў Каленікаў. Раз’юшаны немец выгнаў у сад усю сям’ю, акрамя самага маленькага Вані, які застаўся ляжаць у зямлянцы, і накіраваў аўтамат на дзяцей. Ад пераляку жанчына на нейкі час страціла зрок — вочы заліло крывёю. Вось-вось павінен быў прагучаць стрэл. Але шчаслівы выпадак дапамог выжыць. У тое імгненне, калі карнік быў ужо гатовы націснуць на курок, у вёску прымчаўся на кані ўласавец. Ён папрасіў не браць лішні грэх на душу ды параіў хутчэй выбірацца з вёскі, бо савецкія войскі ўжо на падыходзе. Гэтак замест куляў малыя атрымалі ад немца… шакаладку. А той паспяшыў выехаць з Падлесся. А нож? Нож у выніку знайшоўся за хлявом, куды п’яны немец хадзіў напярэдадні. Так жыцці, што віселі на валаску, не абарваліся, а праз два з паловай гады ў сям’і з’явілася і сёмае дзіцё — наша гераіня. Васіль Сцяпанавіч памёр ад халеры ў тым самым годзе, так і не пабачыўшы сваю маленькую Галінку. Перад смерцю яму перадалі толькі лісток, на якім была абведзена дзіцячая далонь…
…а цяпер і Жабінка
Паўвека яны разам, паўвека ў Жабінцы. Спачатку здымалі жытло, затым пабудавалі ўласны дом. Гожую драўляную хату ўзводзілі таксама разам. Нездарма Уладзімір Уладзіміравіч мае рукі залатыя, якім падуладныя шматлікія спецыяльнасці. Невыпадкова сваю працоўную біяграфію Галіна Васільеўна пачынала на будаўнічым прадпрыемстве. Дзве рукі — добра, а чатыры — выдатна! Вось і паўстаў дамок — сямейнае гняздзечка на вуліцы Базанавай, дзе і маленькіх “баравічкоў” хутка дачакаліся.
11 снежня 1972 года Уладзімір адсвяткаваў свой дваццаць чацвёрты дзень нараджэння. А на наступны дзень атрымаў ад маладой жонкі бясцэнны падарунак — яна нарадзіла першыніцу, якой далі цудоўнае імя Людміла. А праз два гады, таксама ў снежні, — новы прыемны і вельмі чакана сюрпрыз: другая дачка Ірачка.
— Усё жыццё ў працы і дзецях, — гаворыць Галіна Васільеўна.
Сапраўды, ім прысвечаны час і любоў, таму пасеенае дае выдатныя ўсходы. Ад сваіх крывіначак Баравікі атрымліваюць усё тое, што было закладзена: павагу, пяшчоту, клопат, турботу.
І работы юбіляры ніколі не цураліся. Яна працавала на цукровым заводзе, а затым у жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Ён — спачатку на падстанцыі 220 кілавольт, а затым дваццаць год шчыраваў на гарадскім і прыгарадным аўтатранспарце, а потым да самай пенсіі ў ПМК-19 займаўся меліярацыяй.
“Рэцэпт” на ўвесь свет
З вышыняў сваіх залатых гадоў юбіляры раскрываюць “рэцэпт” сямейнага даўгалецця. Хоць, па шчырасці, усе “інгрэдыенты” ў ім простыя, дамашнія, вырашчаныя ўласнымі рукамі.
Па-першае, усё і добрае, і благое закладваецца з маладосці, а таму гэты час прамаргаць ніяк нельга, каб “кіпень” не збег ды сямейны агмень не загасіў. Як па-сапраўднаму, дык залатыя — гады маладыя, калі ўсё ў тваіх руках і ўсё наперадзе. Па-трэцяе, няма работы мужчынскай, як няма і жаночай — усё разам, тады і несці цяжар у разы лягчэй. Чацвёрты “інгрэдыент”: пражылі 50 год Баравікі ў пары, бо паважалі, адзін аднаму даравалі, ніколі падман паміж сабой не пускалі. І як вынік: “Цяпер жыві — не хачу. Галодным ніхто зараз не ходзіць, калі толькі занадта ў шклянцы не шукае донца…”
А за тое, што ў іх так і атрымалася, маюць Баравікі заслужаную ўзнагароду: іх атуляюць павагай не толькі дочкі, але й унучкі. У Людмілы — Іра, аперацыйная сястра, ды Маша, якая пакуль на медыка толькі вучыцца ў сталіцы. Другая дачка Ірына падаравала дзядулю і бабулі Вераніку, якой хутка споўніцца дзесяць. У адзін голас дочкі кажуць матулі:
— Табе трэба помнік пры жыцці паставіць за тое, што ўсіх унукаў выгадавала!
Галіна Васільеўна толькі пасміхаецца, затое Уладзімір Уладзіміравіч бурчыць:
— Цэлая хата дзевак! — Хоць бачна: такім жыццёвым раскладам гаспадар ве-е-ельмі задаволены.
…Сёння зноў для іх свята — пасля асабістага юбілею надышоў дзень асаблівы для ўсіх сем’яў. Гэта добрая нагода павіншаваць тых, хто жыве даўно ў пары, і тых, хто толькі стварае свае “ячэйкі”. Здароўя вам і радасці, моцы і дабрабыту. А яшчэ ўсяго таго, што стане “рэцэптам” сямейнага даўгалецця.
Прыміце, паважаныя, віншаванні-пажаданні ад рэдакцыі і супрацоўнікаў Жабінкаўскага загса.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
На здымку: колькі важыць сямейнае “золата”, цудоўна ведаюць Уладзімір Уладзіміравіч і Галіна Васільеўна БАРАВІКІ.
