Большасць аварый адбываецца раніцай і вечарам, менавіта ў гэты час дарослыя накіроўваюцца на працу, дзеці — у школу або вяртаюцца дадому. У цёмны час сутак чалавек успрымае толькі 5 працэнтаў інфармацыі ад той, якую ён бачыць днём. Пагэтаму частай прычынай дарожна-транспартных здарэнняў становіцца тое, што вадзіцель не паспявае своечасова заўважыць пешахода і зрэагаваць. Светлае адзенне ці якая-небудзь кідкая яго дэталь — жоўты або белы шалік, шапка, яркія палосы на куртцы і г. д., робяць пешахода значна больш прыкметным у цёмны час сутак. Але лепш за ўсё выкарыстоўваць элементы з матэрыялу са святлоадбівальным эфектам, якія прымацоўваюцца да адзення, школьнага рукзака або веласіпеда. Яшчэ лепш, калі на вас апранута спецыяльная камізэлька. Яна адбівае святло ў цемры і дапамагае заўважыць пешахода ў начны час намнога раней. Звычайна вечарам вадзіцель можа прыкмеціць пешахода за 25-30 метраў, калі на тым ёсць камізэлька або святлоадбівальнік — амаль за 150, а калі ў кіроўцы ўключана далёкае святло, то і за 400 метраў.
Бачнасць на дарозе значна пагаршаецца ў час дажджу, снегу, у тумане, а таксама ў цёмны час сутак — і колькасць ДТЗ адпаведна павялічваецца. Таму вадзіцелю неабходна быць асабліва ўважлівым. Для пешаходаў адным з самых дзейсных спосабаў засцерагчы сябе на дарозе з’яўляецца выкарыстанне святлоадбівальных элементаў. Існуюць розныя іх віды. Гэта могуць быць бірулькі, самаклейныя або нашыўныя стужкі, бранзалеты. Прынцып іх дзеяння заснаваны на тым, што святло, якое трапляе на рабрыстую паверхню са спецыяльнага пластыка, канцэнтруецца і адбіваецца ў выглядзе вузкага пучка. Калі фары аўтамабіля “выхопліваюць” нават маленькі святлоадбівальнік, кіроўца здалёк бачыць яркую светлавую кропку. Пагэтаму шансы, што пешаход або веласіпедыст будуць заўважаны, павялічваюцца ў шмат разоў.
Якія флікеры самыя лепшыя? Шэра-белага або лімоннага колеру. Менавіта яны маюць найбольш аптымальную святлоадбівальнасць для таго, каб пешаход быў прыкметным у цёмны час сутак.
Звярніце ўвагу, дзе павінны знаходзіцца святлоадбівальныя элементы. Іх рэкамендуецца замацоўваць з двух бакоў, каб яны былі бачныя вадзіцелям у абаіх патоках руху. Спецыялісты рэкамендуюць пешаходам абазначыць сябе флікерамі элементамі на левай і правай руках, павесіць па адным на рэмень і ззаду на рукзак. Такім чынам, самы аптымальны варыянт, калі на пешаходзе знаходзіцца чатыры святлоадбівальнікі. Падвескі на шнурку ці на шпільцы замацоўваюцца на адзенні, рукзаку, сумцы. Чым больш элементаў, тым лепш. Іх можна размяшчаць таксама на веласіпедзе, тым самым абазначыўшы яго габарыты, на дзіцячай калясцы, на ролікавых каньках. Выкарыстанне флікера паніжае рызыку наезду на пешахода на 65 працэнтаў, а дзіцячы траўматызм на дарозе змяншае ў 6,5 раза. Абазначце сябе і дайце ўбачыць вас вадзіцелю, беражыце сябе!
Раман КРУПКО, старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Жабінкаўскага РАУС.
Главные новости
