Анатоль РОСТАЎ. Фота аўтара.
“Сэрца зямлі маёй” — гэтак называўся вялікі святочны канцэрт творцаў з Жабінкі і Маларыты, прымеркаваны да 3 ліпеня. Свае песенныя падарункі, якія выклікалі сапраўдны феерверк прыемных эмоцый, артысты з бачным задавальненнем больш за дзве гадзіны дарылі жабінкаўцам. Пасля песеннай феерыі па традыцыі прагучаў гімн Беларусі і неба азарылі вогненныя зоркі святочнага салюту.
А РАСПАЧАЛІ ГЭТУ песенную імпрэзу гаспадары — народны хор ветэранаў “Тонус” (здымак 1). Самадзейныя артысты шаноўнага ўзросту выканалі некалькі песень са свайго багатага рэпертуару, а затым саступілі месца на сцэне амфітэатра маладым гасцям.
Лейтматывам канцэрта сталі словы: “Кожны мае малую радзіму — той кавалак зямлі, да якога душой прыраслі. Толькі важна бывае ўсвядоміць, што з павагі да роднага краю прарастае любоў да краіны маёй дарагой”.
Маларыцкія выканаўцы сапраўды парадавалі разнастайнай спеўнасцю. Найперш назавем вакальны ансамбль “Акалада” (здымак 2) пад кіраўніцтвам Алёны Свішчовай. Акрамя яе, свае таленты ў той вечар дарылі Валянціна Панчук, Анатоль Барысюк і Эдуард Пішчык (апошні — музычны кіраўнік у Жабінкаўскай школе-інтэрнаце). Асабліва ярка, на наш погляд, атрымаліся ў квартэта з Маларыты папуры з песень славянскіх народаў і запамінальных твораў 80-х і 90-х гадоў.
Крануў за жывое і голас Вікторыі Ляўчук, асабліва “Сэрца зямлі маёй” ды эстрадныя шлягеры ў яе выкананні. Апладысменты, крыкі “брава!” былі падарункам ад жыхароў Жабінкі Аліне Ляўчук і Таццяне Кацёл, Ліліі Чуль, Таццяне Дацык і Аліне Дворак.
— Мы падрыхтавалі для вас асаблівую музыку — музыку свята, усімі любімыя песні і прыгожыя гарачыя танцы! — абвясціла вядучая.
І, пацвярджаючы гэтыя словы, завадны Аляксей Пішчык без ваганняў прымусіў слухачоў не толькі падпяваць, але й прытанцоўваць.
Пакуль маларыцкія артысты стваралі святочны настрой у Жабінцы, нашы народныя калектывы “Каларыт” і “Аляксандр-парк” “запальвалі” ў Маларыце, прадстаўляючы багатую песенную культуру Жабінкаўшчыны.
Пасля традыцыйнага выканання гімна Беларусі, вечаровае неба над стаўком у гарадскім парку азарылася яркімі маланкамі святочнага салюту. Кожная ўспышка суправаджалася апладысментамі, захапленнем гледачоў, дзіцячай радасцю: “Ой, якія прыгожыя зорачкі ляцяць!”. Усе без выключэння, з кім давялося паразмаўляць, сыходзіліся на думцы: з кожным разам феерверк у Жабінцы ўсё больш феерычны. Вогненнае відовішча, арганізаванае з дапамогай спонсарскіх ахвяраванняў, цягнулася амаль сем хвілін. Паводле слоў дырэктара таварыства з дадатковай адказнасцю “ТК сэрвіс” Аляксандра Ляшчука, багаты “букет”, што расквеціў неба, быў дасягнуты пры дапамозе адразу сямі кропак, скуль запускалася піратэхніка.
— Супрацоўніцтва з вашым горадам, — распавёў Аляксандр Міхайлавіч, — ужо мае шматгадовую гісторыю, і кожны раз мы стараемся дадаць нешта новае, непаўторнае, каб парадаваць людзей, стварыць для іх выдатны настрой. Нас добра ведаюць па ўсёй Беларусі. Вось і сёння з дапамогаю спецыялістаў “ТК сэрвіс” не толькі Жабінка гэтак ярка святкуе Дзень Незалежнасці. Тое самае адбываецца зараз і ў Бярозе, і ў Слоніме. Зычу жабінкаўцам шчасця, поспехаў і станоўчых эмоцый у жыцці!

