Фарбы жніўнага лета

 Нарыс

Год суцэльных юбілеяў
(Замест уступу)

ПРЫЕМНА, КАЛІ ЖЫЦЦЁ напаўняецца да краёў святамі і святлом. Часам так здараецца (мо на небе зоркі аднойчы сыходзяцца), што юбілейныя дні ідуць адзін за адным сапраўднай чарадой. І не хочацца, каб гэты прыемны ланцужок спыняўся ці абрываўся. Прынамсі, так адбываецца сёлета ў жыцці Уладзіміра Дземідзюка.
Сёння яму 60, з іх апошнія дзесяць Уладзімір Мікалаевіч узначальвае адкрытае акцыянернае таварыства “Жабінкаўская сельгастэхніка”. Ёсць у спісе светлых дзён і сямейнае свята – спаўняецца 35 гадоў з таго дня, як для Уладзіміра і Людмілы Дземідзюкоў у Жабінкаўскім загсе прагучалі запамінальныя акорды марша Мендэльсона.
…У жыццёвай скарбонцы, багата напоўненай за шэсцьдзясят гадоў, – адданасць сваёй справе, любоў і павага да людзей ды роднай зямлі. І ўсё гэта – узаемна.

Калі колас зернем наліваецца

ТАК, ГАДЫ ПРАБЯГАЮЦЬ, як на кроснах жыцця, пакідаючы стужку штодня – ад світанку да позняга вечара, ад жніва і – зноў да жніва…
Калі даводзіцца ехаць паўз поле, у якім калышацца па волі ветру залатая збажына, міжволі вокам акінеш ды вызначыш, наколькі сёння наліўся колас зернем, як шмат закладзена ў ім сілы і багацця.
Фарбы жніўнай пары заўсёды радуюць Уладзіміра Дземідзюка (мо ўсё ж нездарма і на белы свет завітаць у жніўні давялося?..). Вось і цяпер досыць навокал зірнуць, каб акунуцца ў непаўторную прыгажосць жыцця, дзе ў яркім блакіце неба воблакі бялёсыя плывуць, дзе гукі лета звонкай песняй ільюцца, а колас спелы радуе і лашчыцца да рук, нібыта кацяня. У такія хвіліны настрой адразу ўзнімаецца, як ад лекаў гаючых, настоеных на зёлках, і міжволі дзяцінства бесклапотнае ўспамінаецца…
Найперш Глыбокае – родная старонка. Да мора і нават паўнаводных рэк адсюль далёка. Але ж не проста так спрадвеку прысутнічае ў назве глыбіня. Бо некалі, як сведчаць летапісцы, паселішча нібыта патанала ў лясных гушчарах.
Для Валодзі, як і іншых вясковых хлопцаў, пачатковыя старонкі біяграфіі былі напоўнены звычаёвай сялянскай працай і школьнымі навукамі.
Першыя жыццёвыя “ўніверсітэты” даводзілася праходзіць на сваёй зямлі, што заўжды чакала клапатлівых рук. (Да слова, скажам: хоць і ад’язджаў, бывала, у далёкі свет, старонцы роднай ён не здрадзіў – дасюль жыве, працуе Дземідзюк у родным жабінкаўскім краі).
Сялянскі лад з дзяцінства – у крыві. І прыкладаў шукаць далёка не прыйшлося. Бацька Мікалай Сямёнавіч увесь век пражыў у Глыбокім, прысвяціўшы сябе роднай зямлі. За тое нават меў высокае прызнанне – Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета Беларускай ССР. З сельскай гаспадаркай лёс паяднаў і маці Марыю Антонаўну. Трымалі яны заўжды і немалую хатнюю гаспадарку, гадавалі кароў, свіней, авечак, свойскую птушку.
Татавым рукам усялякая тэхніка была падуладная, многае і сыну перадалося. Як патрабавалася, Мікалай Дземідзюк мог трактар у поле вывесці, пашчыраваць за абаранкам грузавіка альбо ўзняцца ў час жніва на “капітанскі мосцік” камбайна. Ужо класа з сёмага разам з ім памочнікам і сын шчыраваў.
Згадвае цяпер, нібыта праз многія гады акунаецца ў яркае дзяцінства з галавой:
– Толькі, бывала, світанак чырванню пафарбуе край неба, ужо ўзнімаешся і спяшаешся на працу. І гэтак да цемені. Стомлены, але задаволены. З той пары люблю чуць, як зерне шамаціць-сыплецца ў бункер. Тут музыка – сапраўды непаўторная, захапленне – неперадавальнае.
Адным словам, як не палюбіць гэтую зямлю, калі ёй дзяды, бацькі ўсё жыццё прысвяцілі, кланяліся, як пані, а лепей сказаць – як карміліцы.
Валодзя з малодшай сястрой Алай бацькам і па гаспадарцы дапамагаў, навучыўся ўсім вясковым справам: і касіць, і малаціць, і буракі палоць… Як толькі, бывала, званок абвесціць, што чарговы навучальны год завершаны, – ужо з матыкамі ў полі. І гэтак усё лета амаль, як вавёркі, круціліся ў колах або жорнах. Часам здавалася – яшчэ трохі і мука пасыплецца… Сапраўдная “працатэрапія” – ніякае гультайства ды лянота не прычэпяцца, калі далоні да мазалёў напрацаваныя!

За плячыма веды не насіць

ПЯЦЬ КІЛАМЕТРАЎ – не дарога, калі гэта шлях па веды. На такой адлегласці ад роднага Глыбокага месцяцца Крыўляны. Цяпер тут, у цэнтры аграгарадка, вялікая сярэдняя школа, а паўвека таму была драўляная старэнькая васьмігодка. Сюды і спяшаліся штодня дзеці з навакольных вёсак, якія тады яшчэ не абмялелі. І ў Глыбокім шмат раней гучала малечых галасоў, не менш за дзясятак дзяцей – школьнага ўзросту. Вясной ды восенню веласіпед – спадарожнік у школу, а калі прыходзілі замеці з калючымі маразамі (зімы тады былі суровыя – сённяшнім не роўня), дык і пешшу даводзілася пераадольваць тыя пяць кіламетраў, а затым яшчэ і дамоў ісці столькі сама. Аднак якая ж вялікая прага да навук была! Сапраўды хацелася ведаць усё! Тым больш, калі выкладалі настаўнікі, бязмежна ўлюбёныя ў сваю справу.
– Тыя, хто выкладаў, блізкімі былі сваім вучням, – разважае зараз Уладзімір Мікалаевіч. – Бо ўсе яны былі, як гаворыцца, ад зямлі, навукам вучылі нас не толькі тым, якія ў кніжках ды падручніках пазначаны, але й тым, што ў звычайным жыцці спатрэбяцца.
Неяк адзін усходні мудрэц прамовіў крылатую фразу: “Ад Бога толькі адна прафесія – Настаўніка. А ўжо ўсе астатнія паходзяць ад Настаўніка”. Сваімі ўрокамі, глыбінёй ведаў, падараваных вучням, старажытнае выслоўе штодня пацвярджалі крыўлянскія педагогі. У іх ліку – Андрэй Пятровіч Клочка. Ён адкрыў глыбіню і прыгажосць роднай беларускай мовы, яе мілагучнасць ды спеўнасць дасюль грэюць душу. Марыя Рыгораўна Марковіч, у сваю чаргу, сваімі запамінальнымі ўрокамі далучыла да багатага свету класічнай рускай літаратуры. І канечне ж, след у памяці пакінула настаўніца матэматыкі Вольга Лук’янаўна Саковіч, якая аказалася здольнаю ўвесці юнака з Глыбокага ў чароўны свет лічбаў, формул і тэарэм.
Па сярэднюю адукацыю Уладзіміру давялося выправіцца ў горад. Жабінка была яшчэ невялічкаю – сапраўды непрыкметнай кропкаю на карце. Крыху адасобленым жыццём жыў мікрараён цукровага завода, а ў ім – сярэдняя школа № 2. Упершыню давялося адарвацца ад роднага парога. Прытулак дала цётка Алена Антонаўна Пукіта. Прыцягальнымі для вясковага хлопца ў другой гарадской сталі і шырокія школьныя кабінеты, значна лепш абсталяваныя, чым у Крыўлянах, і асабліва наяўнасць фізкультурнай залы, дзе бавіў з сябрамі-аднакласнікамі шмат вольнага часу.

У Вятранах – да світанку, а ў “Світанку” – дацямна

АТРЫМАЎШЫ АТЭСТАТ СТАЛАСЦІ, Дземідзюк сур’ёзна задумаўся, куды далей накіраваць свой шлях. Заўсёды прыцягвала тэхніка, таму хацелася стаць у гэтай справе прафесіяналам, атрымаць патрэбныя веды і дакументы. Не вагаўся надта доўга – пайшоў вучыцца ў Дабравольнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту.
– Тагачасная сістэма ДТСААФ, – і праз гады перакананы Уладзімір Мікалаевіч, – была настолькі моцнаю, што паўгода, праведзеныя на курсах, заклалі трывалыя навыкі на ўсё жыццё. Якія інструктары выкладалі ваджэнне! Яны рабілі гэта так, што, калі пайшоў у войска, меў ужо не жартоўны вопыт. Ён хутка і згадзіўся, калі вясной семдзесят сёмага патрапіў у аўтамабільны батальён.
Армейская служба – справа адточаная і строга рэгламентаваная. Вялікі аўтабат месціўся ля гарадскога пасёлка Вятраны Віцебскай вобласці. Днём і ноччу даводзілася ахоўваць не адзінкі – сотні машын-бензавозаў. Амаль бесперапынная служба ў нарадах, пад ружжом. А затым – раптоўны марш-кідок з вечара да самага ўсходу, у якім баец Дземідзюк вызначыўся і быў адкамандзіраваны ў Полацк – вазіць начальніка харчовай часці. Вайсковая служба падабалася, але ж клікалі справы на грамадзянцы, да якіх раней прызвычаіўся…
Уладкаваўся трактарыстам у родны калгас “Світанак”. У маладых руках усялякая справа гарэла: і ўгнаенні вывозіў, і кармы нарыхтоўваў, і вядома ж, у час жніва быў у першых радах. Дзень тады бязмежным здаваўся. Без выхадных-прахадных. Рамантаваўся проста ў полі. Шчыраваў да самага цямна, каб назаўтра, як толькі сонейка ўзыдзе (тут ужо не да часу світанкамі любавацца, калі зерне сыплецца!), зноў быць за “штурвалам” ці абаранкам. Старэйшыя трактарысты (у іх ліку глыбокаўцы – бацька, Васіль Куцішка, Іван Кухарчук), як заўважалі, што хлопец аж трымціць, настолькі да працы ахвочы, заўжды дапамагалі і словам, і справай.
Як толькі жніўная пара адзвінела, хлопца паклікала Мірочнік, якая была ў калгасе спецыялістам па кадрах:
– Сёлета, Валодзя, у Пружанскім саўгас-тэхнікуме абвешчаны набор для навучання будучых кіруючых кадраў. Паспрабуй свае сілы, думаю, у цябе ёсць для гэтага задаткі дый вопыт прысутнічае.
Дземідзюк паслухаўся і падаў дакументы ў вучэльню. У Пружанах упершыню пабачыў, наколькі можа быць цудоўнаю база па рамонце тэхнікі. Раней лічыў, што многае ведае пра трактар, а тут давялося літаральна вывучаць “анатомію” “жалезнага сябра” – разглядаць, нібыта на далоні ўнутраны ягоны свет: рухавік, кожную дэтальку, вінцік – дасканала. У тэхнікуме меліся і свае надзелы зямлі, навучэнцы ўдзельнічалі ў яе апрацоўцы.
– Паўчалавека з мяне зрабіла ДТСААФ, а тэхнікум – ужо чалавекам поўнасцю, – гаворыць з усмешкай Уладзімір Дземідзюк.
Запомнілася жыццёвая навука ад класнага кіраўніка Івана Іваныча, які быў для сваіх студэнтаў нібыта другі бацька. На сваіх занятках той не-не ды скажа:
– Ніколі не позна атрымаць вышэйшую адукацыю. Яна ж у нас пакуль бясплатная. Хлопцы, вучыцеся. Вось пабачыце, хутка мае словы з удзячнасцю прыгадаеце…
– Ды не, – гудзела недаверліва ў адказ юначая аўдыторыя. – Дастаткова і сярэдняй адукацыі!
Хоць у рэшце рэшт праўда аказалася на баку старэйшага ды мудрэйшага…

У роднай сельгастэхніцы

ЯК У ВАДУ ГЛЯДЗЕЎ Іван Іванавіч: і двух год не мінула, як ягоны прарочы наказ збыўся: вельмі спатрэбіліся Дземідзюку веды вышэйшага кшталту. Па іх паехаў ажно ў горад на Няве. Шэсць гадоў (паміж 1983-м і 1989-м) вучыўся без адрыву ад вытворчасці, бо адразу пасля тэхнікума быў размеркаваны інжынерам-тэхнолагам па тэхнічным абслугоўванні раёна ў Жабінкаўскую сельгастэхніку. З тае пары яна і стала роднай.
Прыгажосць Ленінграда, яго белыя ночы, знакамітыя развадныя масты, зачаравалі. Непаўторныя музеі і палацы ўзбагацілі культурна, сталі дапаўненнем да заняткаў па спецыяльнасці. (Дарэчы, тады ў Ленінградскім сельскагаспадарчым інстытуце вучылася шмат беларусаў). Сярод педагогаў найбольш запомніліся заняткі Мікалая Пятровіча Саўчука, які выкладаў тэорыю машын і механізмаў, грозны ў студэнтаў прадмет – сапрамат. Але рабіў сваю справу настолькі прафесійна, ёміста, дакладна, што самыя складаныя навуковыя матэрыялы “здаваліся” без супраціўлення.
Інстытуцкія веды аказаліся надзвычай запатрабаванымі пасля таго, як у 2008 годзе Уладзімір Дземідзюк узначаліў сельгастэхніку.
Прадпрыемства за час існавання неаднойчы мяняла назвы, аднак галоўнае сваё прызначэнне – ніколі. А яно гучыць, на думку дырэктара ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка”, лаканічна і проста: патрэбна быць заўсёды надзейнымі памочнікамі працаўнікам сяла.
Сённяшняя сельгастэхніка аказвае значнае матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне аграрыям пяці суседніх раёнаў. У іх ліку – Брэсцкі, Кобрынскі, Камянецкі, Маларыцкі і, вядома ж, родны Жабінкаўскі.
Чаму менавіта ў нашым горадзе сфарміраваўся такі важны тэхнічны цэнтр? Не апошнюю ролю ў гэтым адыгралі выдатныя стасункі з “Гомсельмашам” і выгаднае геаграфічнае размяшчэнне Жабінкі. Па чыгунцы праз сельгастэхніку заходнія раёны Берасцейшчыны набываюць корма- і зернеўборачную тэхніку.
– На сваёй тэрыторыі фарміруем яе, абкатваем, а затым накіроўваем у пералічаныя раёны, – дзеліцца Уладзімір Мікалаевіч. – Іншы накірунак дзейнасці работнікаў нашага адкрытага акцыянернага таварыства – гэта самы шырокі спектар паслуг. Нават пералічыць цяжка, наколькі шматлікімі карыснымі справамі занятыя на працягу ўсяго года спецыялісты прадпрыемства. Чаго варты толькі моцны мехатрад па нарыхтоўцы сенажу і сіласу “Ягуар”!
Увогуле, сельгастэхніка сёння – гэта 110 працаўнікоў, якія абслугоўваюць 14 вялікагрузных аўтамабіляў, больш за два дзясяткі трактароў, два зернеўборачныя камбайны, задзейнічаныя на жніве.
За тое дзесяцігоддзе, калі Уладзімір Дземідзюк узначальвае сельгастэхніку, шматразова адзначалася надзейная і адданая праца работнікаў прадпрыемства. Не абміналі ўзнагароды і дырэктара, у тым ліку – Ганаровая грамата Брэсцкага аблвыканкама. У 2014 годзе грудзі Уладзіміра Мікалаевіча ўпрыгожыў спецыяльны ордэн “Зорка славы. Эканоміка Беларусі”, уручаны ў сталіцы прадстаўнікамі камітэта Нацыянальнага бізнес-рэйтынгу ў Рэспубліцы Беларусь. Праз год “жніво” ўзнагарод прынесла новы “ўраджай”: скарбонка кіраўніка Жабінкаўскай сельгастэхнікі папоўнілася ордэнам “Прафесіянал года”, медалём “За асаблівыя поспехі”.

Галоўная ўзнагарода
(Замест заключэння)

АДНАК САМЫЯ ЛЕПШЫЯ ўзнагароды заўжды чакаюць дома. У гэтым упэўнены юбіляр. У гэтай каштоўнасці ёмістая назва – добрая сям’я. А добрае ствараецца аднойчы і назаўсёды.
Са сваёй Людмілай Іванаўнай Уладзімір Мікалаевіч знаёмы з дзяцінства. Некалі партфель ёй насіў тыя пяць кіламетраў да школы, а мінуў час, і на руках панёс – у загс! Гэтая памятная падзея адбылася
6 лістапада 1983 года, а значыцца, яшчэ адно агульнае свята ў Дземідзюкоў зусім не за гарамі.
Вынікам сямейнага шчасця сталі сыны, якімі бацькі вельмі ганарацца. Старэйшы Раман працуе зараз у сілавых структурах, малодшы Юрый абраў прафесію цалкам грамадзянскую: ён аператар на Жабінкаўскім цукровым заводзе. Абодва сыны знайшлі свае палавінкі, падарылі дзеду з бабуляй па ўнучцы. У іх Уладзімір Мікалаевіч сапраўды душы не чуе, быццам маладзее ды саграваецца, калі дакранаецца да маленькіх сонейкаў, што завуцца Дашкай ды Маргарыткай. І растуць яны ў радасці, дапаўняючы новымі фарбамі яркае жніўнае лета.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: дырэктар ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” Уладзімір ДЗЕМІДЗЮК.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.