Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.
Менш за месяц застаецца да тых, як заўсёды, яркіх дзён, калі ўся краіна будзе святкаваць чарговы Дзень беларускага пісьменства. Чарговы – але не шараговы, асабліва для берасцейцаў. Паколькі сёлета, так бы мовіць, свята прыйдзе на нашу вуліцу! У чацвёрты раз ягонай сталіцай абраны горад, размешчаны на Брэстчыне: раней у ролі гаспадароў ужо пабывалі жыхары Пінска, Камянца, Ганцавічаў, а ў 2018-м эстафету падхапілі янаўцы.
Крокі святаўжо адчувальныя
ВЯДОМА Ж, РЫХТУЮЦЦА да 1 верасня, калі распачнецца двух-дзённая імпрэза, не толькі будаўнікі. Так, яны прыкметна шчыруюць на іванаўскіх вуліцах, а адна з цэнтральных – імя 17 Верасня – клопатам працавітых іх рук ператварылася ў пешаходную з уяўным пісьменніцкім “ухілам”.
Іванава (альбо гістарычнае Янава) нездарма дабівалася права прымаць свята. Сапраўдны культ кнігі і адукацыі нібыта спрадвеку закла-дзены ў крыві палешукоў. І найбольш вядомы янавец – славуты мастак, педагог, музыка, пісьменнік Напалеон Орда, помнік якому стаіць на галоўнай гарадской вуліцы, лішні раз пацвердзіў, што янаўская зямля – куток славуты ва ўсім свеце, што цягнецца да агульначалавечых каштоўнасцяў. Будзем і мы памятаць, што Орда і нам не чужы, бо некалі гэты “палескі Напалеон” з алоўкам ды пэндзлем і жабінкаўскі край пакарыў, напісаўшы цудоўныя акварэлі з выяваю маёнтка Пятровічы.
Нельга забыцца і пра Дастоева, скуль пайшоў род Дастаеўскіх, а самы праслаўлены сярод іх – Фёдар Міхайлавіч – прызнаны класік ва ўсіх Еўропах ды Амерыках! А хто не ведае пра матылян з іх кажушкамі, што насілі з ахвотаю не толькі мясцовыя красуні, але й нават парыжскія модніцы?! Альбо паспрабуй забыцца пра “Мотальскія прысмакі” – самы смачны фестываль у Беларусі!
І вось крокі новага грандыёзнага свята ўжо адчувальныя, поступ яго бачны.
Свой унёсак робяць і тыя, каму суджана стаць у першыя вераснёўскія дні галоўнымі героямі шматлікіх мерапрыемстваў – паэты, празаікі, драматургі.
Сваімі залатымі пёрамі яны ствараюць мастацкія ды публіцыстычныя творы, вынесеныя на суд чытацкай аўдыторыі ў намінацыях “паэзія” і “проза”, “драматургія” і “публіцыстыка”. Дарэчы, сёлета, як ніколі, шмат (ажно дзявяцера!) намінантаў ад вобласці-гаспадыні. Ёсць спадзяванне, што творчасць землякоў будзе заўважана і адзначана.
Мо таму адным з найбольш хвалюючых стане момант, калі з ліку новых кніг, напісаных ва ўсіх рэгіёнах Сінявокай, як звычайна, у другі Дзень беларускага пісьменства будуць абвешчаны найлепшыя, а іх аўтары стануць уладальнікамі Залатога Купідона.
Са сваімі “Фарбамі” – да вас!
З ВЯСНЫ СЯБРЫ Берасцейскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі шчыруюць у праекце “Фарбы Берасцейшчыны”, прымеркаваным да свята, што павольна набліжаецца.
За гэтыя месяцы праведзены дзясяткі творчых сустрэч у бібліятэках і кнігарнях, школьных аўдыторыях і працоўных калектывах не толькі ў горадзе над Бугам, але і ў вельмі многіх населеных пунктах вобласці. Былі, вядома ж, цікавыя выступленні і ў нашай Жабінцы.
Цяпер час прыйшоў пашырыць гарызонты і да сталіцы свята. Таму сённяшняе мерапрыемства, што адбывалася ў мясцовай раённай бібліятэцы, называлася “Фарбы Берасцейшчыны”: пісьменніцкія спатканні ў Янаве”.
Сюды па запрашэнні ветлівых гаспадароў-бібліятэкараў высадзіўся сапраўдны “дэсант” з прадстаўнікоў пішучай творчай браціі. І так неяк атрымалася, што з Іванавам ды наваколлямі звязаны лёсы амаль кожнага. Напрыклад, старшыня абласнога аддзялення СПБ Таццяна Дземідовіч, якая прэзентавала перад янаўцамі берасцейскую пісьменніцкую арганізацыю, расказала, з якім хваляваннем пабачыла стары даваенны фотаздымак з Янаўшчыны. А на ім – самадзейны вясковы аркестр, і сярод аматараў-выканаўцаў – зусім малады дзядуля са скрыпачкай у руках! Падалося, што з пажоўклай картачкі раптам загучала тая жалобная музыка…
Выступленне Таццяны Анатольеўны працягнуў Мікола Панасюк. Ён згадаў пра тутэйшае літаратурнае аб’яднанне “Ясельда” – калыску многіх талентаў, якія гадаваліся на берагах аднайменнай ракі. Пісьменнік прэзентаваў і сваю новую кнігу, прысвечаную першаму касманаўту-беларусу, нараджэнцу Берасцейшчыны Пятру Клімуку. Мікола Васільевіч прыхапіў і тры старыя агульныя сшыткі, якія ён запоўніў сваімі назіраннямі, думкамі, замалёўкамі ў 1974 годзе, калі быў у зорным Гарадку, збіраючы матэрыялы для першай кнігі пра “берасцейскага пакарыцеля зорак”. Ішла размова і пра знаёмства ды ліставанне з выдатнымі паэтамі Яўгеніяй Янішчыц ды Міколам Федзюковічам. Асобны расповед – пра кнігу, прысвечаную вядомаму ў Беларусі аграрыю, колішняму старшыні СВК “Астрамечава” Аляксею Скакуну.
Сам Аляксей Сцяпанавіч зна-ходзіўся сярод запрошаных на вечарыну. (У дужках адзначым, што былога старшыню радніць з янаўскай зямлёй працоўная біяграфія – адсюль, са Снітава, ён яе і пачаў). А зараз стаў не толькі героем вось ужо чацвёртай кнігі (сярод аўтараў, што пісалі пра Скакуна, ёсць і Уладзімір Сітуха, Уладзімір Ліпскі), але і сам спрабуе свае сілы ў пісьменніцтве. Прынамсі, выдаў дзевяць спецыяльных кніг – сапраўдных падручнікаў для тых, хто жыве і працуе на зямлі.
Краязнаўчая памяць – наймацнейшая
У ГЭТЫМ ПЕРАКАНАНЫЯ янавец Анатоль Дзенісейка, лунінчанка Таццяна Канапацкая ды аўтар гэтых радкоў.
Быццам у дадатак адзін да аднаго тры выступоўцы распавялі пра значэнне краязнаўства для жыцця Палесся, што раскінула свае ўладанні ад Сожа да Буга. Анатоль Іванавіч распавёў пра лабуроў – мясцовых карабейнікаў, якія некалі са сваімі таварамі даходзілі да Варшавы ды Масквы, а цяпер захавалі ў некалькіх паселішчах свой адметны говар. Таццяна Васільеўна, са свайго боку, прыгадала, што нават сімвал Варшавы некалі ляпілі з прыгожай паляшучкі і заклікалі глыбей вывучаць гісторыю роднага краю. Мне ж прыемна было распавесці, наколькі блізка Жабінкаўшчына паяднана з Пінскам, Лунінцам ды Янавам, калі вывучаць дакументы, што захоўваюцца дасюль у архівах.
Пра тое, што сёлетні і наступныя два гады ў Беларусі прысвечаны малой радзіме, нагадала намеснік старшыні абласнога пісьменніцкага аддзялення Любоў Красеўская. Між іншым яна заўважыла: “Гавораць, нельга мець дзве Радзімы. А ў мяне іх менавіта столькі. Бо нарадзілася ў Расіі, жыву цяпер у Беларусі. Калісьці продкі мае выехалі ў Сібір. Яны – туды, а я – адтуль. І адчуваю сябе ўтульна на абедзвюх маіх радзімах…”
Сваімі творамі і ўспамінамі пра гады, звязаныя з Янаўшчынай, дзяліліся таксама Марыя Ляшук, якая зараз узначальвае клуб літаратараў “Пінчукі”, ды самабытны паэт Андрэй Масько.
Са свайго боку, за змястоўную і вельмі насычаную творчымі фарбамі сустрэчу гасцям дзякавалі загадчык цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Алена Данілкевіч і старшыня Іванаўскага раённага Савета дэпутатаў Алена Дарагакупец. Апошняя гаварыла з непрыхаванай цеплынёй: “Я пачула словы прызнання ў любові да гэтага краю. Шчыра ўдзячная вам за тое. Бо янаўская зямля годная найлепшых паэтычных і празаічных радкоў, якія нараджаюцца з-пад пёраў пісьменнікаў Брэстчыны. Будзем чакаць вас 1 і 2 верасня, калі свята пісьменства разаль-ецца па іванаўскіх вуліцах”. Гаспадары прапанавалі далучацца да гэтай яркай імпрэзы і заставацца на свяце ад першых святочных ягоных нот да апошніх сполахаў салюту.
На здымках: берасцейскія пісьменнікі ля раённай бібліятэкі ў Іванаве; у пакоі найвыдатнейшага нараджэнца гэтай зямлі Напалеона ОРДЫ.

