Сёлета наша краіна адзначае 75-годдзе Вялікай Перамогі. З гэтай нагоды ў Беларусі праходзіць міжнародная акцыя памяці “У славу агульнай Перамогі”. З месцаў пахаванняў воінаў і ахвяр вайны бярэцца зямля, каб ва ўрачыстай абстаноўцы стаць часткай так званай агульнай капсулы памяці.
Жабінкаўшчына таксама не засталася ўбаку і прыняла актыўны ўдзел у гэтай ініцыятыве. У мінулую пятніцу ля помніка загінулым воінам і партызанам зноў гарэў вечны агонь, ускладалі кветкі і метраном гулка адлічваў хвіліну маўчання ў гонар тых, хто ачышчаў шматпакутную Беларусь ад фашысцкай навалы, каб нашчадкі маглі бачыць мірнае неба над галавой.
— Зямля з радзімы — святыня, — гучыць голас дыктара. — А пабарваваная крывёю загінулых — удвая. Яна — сімвалічны прах. Мы ўваходзім у эпоху, калі не будзе жывых відавочцаў тых падзей. Адзінай сведкай застанецца зямля з баявых мясцін, месцаў гібелі воінаў і мірных жыхароў. Пакуль час не сцёр падзеі і даты, гэтую свяшчэнную зямлю, сабраную з 26 мясцін на Жабінкаўшчыне, мы змесцім у капсулу памяці, якую затым перададзім у крыпту храма-помніка ў гонар Усіх Святых у памяць аб ахвярах, што выратаванню Айчыны нашай паслужылі, у Мінск для вечнай малітоўнай памяці.
— Наш раён падчас Вялікай Айчыннай вайны зведаў велізарныя чалавечыя страты, пакуты і боль, — адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Ала Ануфрыюк. — Амаль у кожную сям’ю прыйшлі трохкутнікі-“пахаронкі”. Перамога дасталася нашым дзядам і прадзедам дарагой цаной. Трэба захаваць гэтую памяць і перадаць яе нашчадкам.
Святар храма Пакроваў Прасвятой Багародзіцы Максім Волк асвяціў зямлю з месцаў воінскіх захаванняў і гібелі мірных жыхароў. Затым старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Анатоль Старыцкі перадаў капсулу памяці намесніку старшыні райвыканкама Але Ануфрыюк. А мяшэчкі з асвячонай зямлёй — выконваючай абавязкі дырэктара Жабінкаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Святлане Царук для стварэння экспазіцыі памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара
