Электронны рэцэпт. Як гэта працуе?

З развіццём інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій электронная ахова здароўя становіцца рэальнасцю, забяспечвае паўнату і дакладнасць медыцынскай інфармацыі, істотна паляпшае якасць аказання меддапамогі. Электронныя медыцынскія карткі, запіс на прыём да ўрача-спецыяліста пры дапамозе сеткі інтэрнэт — гэтыя паслугі сталі звыклай часткай жыцця грамадзян эканамічна развітых дзяржаў.
З 2015 года ў сістэме аховы здароўя Рэспублікі Беларусь рэалізуецца праект па ўкараненні тэхналогіі абарачэння электронных рэцэптаў. З 1 чэрвеня бягучага года да праекта падключыўся і наш раён. Кожны грамадзянін можа бясплатна атрымаць пластыкавую карту “Для медыцынскага абслугоўвання” ў паліклініцы па месцы жыхарства. Для атрымання карты неабходна прадаставіць пашпарт і запоўніць бланк згоды. Гэтая карта і будзе з’яўляцца вашым электронным рэцэптам.
Як правільна ім карыстацца?
1) На прыёме ў лечачага ўрача выпісаць рэцэпт. Урач адначасова запаўняе яго электронную форму.
2) У аптэцы прад’явіць пластыкавую карту “Для медыцынскага абслугоўвання” разам з папяровым рэцэптам. Гэта часовая мера, каб пазбегнуць праблем пры водпуску лекаў у аптэцы.
3) Рэцэптар у аптэцы сканіруе пластыкавую карту, ідэнтыфікуе грамадзяніна, звяртаецца ў рэестр электронных рэцэптаў і ажыццяўляе выдачу лекавых сродкаў.
Электронны рэцэпт мае шэраг пераваг:
— эканоміцца час урача на яго выпіску;
— выключаецца: падробка рэцэптаў; памылка рэцэптара пры водпуску лекаў; непажаданыя пабочныя эфекты ад несумяшчальных лекавых сродкаў; дубліраванне водпуску лекавых сродкаў для аднаго пацыента;
— даецца права на зніжку ў аптэцы на лекавыя сродкі, якія набываюцца за поўны кошт:
5 % — на айчынныя лекавыя сродкі;
2 % — на лекавыя сродкі замежнай вытворчасці.
Сістэма “Электронны рэцэпт” функцыянуе ва ўсіх аптэках Брэсцкага РУП “Фармацыя”, і яе перавагі па вартасці ацэнены нашымі наведвальнікамі.
Будзем рады бачыць вас у нашых аптэках!
Дар’я КАЗАК, намеснік загадчыка Жабінкаўскай ЦРА № 27.