Нядаўняя сесія раённага Савета дэпутатаў, куды былі запрошаны народныя абраннікі, разгледзела пытанне пра вылучэнне дэлегатаў на VI Усебеларускі народны сход. Сярод выбраных — начальнік Жабінкаўскага раёна электрасетак Дзяніс Шышчыц.
Пра наканаванне і… Генры Форда
Мо нездарма на самым бачным месцы ў яго кабінеце граматы і дыпломы. Не ўласныя — усяго калектыву, што працуе як адзінае цэлае. Гэта і ў размове Дзяніс Алегавіч падкрэсліваў неаднаразова.
Энергетыкі нясуць нам святло і ў будні, і ў святы, калі на галоўнай плошчы ды ў кожным доме зіхацяць навагоднія ялінкі. Як чалавек адукаваны, суразмоўца між іншым згадаў знакамітага Генры Форда. Аказваецца, аўтамабільны магнат налічваў немалыя грошы наладчыкам свайго канвеера, пакуль тыя… не працавалі, затое спыняў усялякія выплаты, як толькі канвеер ламаўся. Тады і было бачна, на што здольныя работнікі, наколькі важная іх справа.
— Вось і ў энергетыкаў прыкладна так: пакуль усё ідзе па плане, наша праца не заўсёды бывае ацэненай ды заўважанай. Затое людзі абавязкова ўзгадаюць, калі здараецца нейкая экстраная сітуацыя і наш “канвеер” хоць на хвіліну спыніцца, — разважае Дзяніс Шышчыц.
У сваёй справе ён далёка не пачатковец. Можна сказаць, яна была наканавана яшчэ з тых гадоў, калі падлеткам адчуў прыхільнасць да дакладных і тэхнічных навук. Нярэдка дзеці ідуць бацькоўскім шляхам. Менавіта так адбылося і ў лёсе Дзяніса Алегавіча. Пасля школы, каб набыць далейшыя веды, ён накіраваўся дарогай, некалі пракладзенай татам, — у Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт.
Сярод тых, хто закладваў сапраўды глыбокія веды, найбольшы след пакінуў легендарны прафесар Аляксандр Герасімовіч, пра якога суразмоўца і зараз згадвае з удзячнасцю і цеплынёй:
— Без перабольшвання гэта быў спецыяліст з вялікай літары. Сваю доктарскую дысертацыю абараняў па тэхнічнай электрадынаміцы. У ёй Аляксандр Міканоравіч стаў першапраходцам у Беларусі. У рэспубліцы тады проста не існавала іншых спецыялістаў у гэтай галіне, таму давялося ехаць у горад на Няве, дзе існавала адпаведная навуковая школа. Піцерскія прафесары вельмі рэўнасна адносіліся да “чужынцаў”, аднак абарона прайшла бліскуча, настолькі пераканаўчым у сваёй навуковай рабоце быў вучоны з Мінска. Мне асабіста ён дараваў перакананне: не бывае нічога недасягальнага, трэба толькі ставіць перад сабой правільныя мэты і ўпартай працай дасягаць іх крок за крокам.
Аднак настаўнікі трапляюцца не толькі ва ўніверсітэцкіх аўдыторыях. Сустракаюцца яны на жыццёвым шляху і пасля таго, як развітаешся з ВНУ і надыходзіць пара тэорыю падмацоўваць практыкай. Першым месцам працы ў 2003 годзе стала падстанцыя 220 кВ “Брэст-1”, размешчаная паблізу вёскі Сакі. Маладому спецыялісту пашанцавала мець падтрымку ад майстра, сённяшняга начальніка падстанцыі Сяргея Дзеркача. Карысныя парады, шчырая дапамога, асабісты прыклад з боку Сяргея Сцяпанавіча дазволілі ўпэўніцца ў сваіх сілах, адчуць, што аднойчы зроблены прафесійны выбар быў правільным.
Дзяніс Алегавіч прайшоў шлях ад інжынера па рэлейнай ахове і аўтаматыцы да галоўнага інжынера Жабінкаўскага РЭС, а з 2014 года ўзначальвае гэтае структурнае пад-раздзяленне.
“Гэта і для калектыву павага”
Пра тое, што ў лютым Дзяніс Шышчыц будзе прадстаўляць раён на Усебеларускім народным сходзе, у РЭС, вядома, знае кожны.
— Гэта і для калектыву павага, што наш прадстаўнік едзе на форум. Малады, перспектыўны, паўсюль патрэбныя такія, — разважае дыспетчар Сяргей Мацюшын. — Працую тут 32 гады, ужо шмат кіраўнікоў бачыў. Дзяніс Алегавіч — з ліку лепшых. Вельмі чалавечны, ніколі на іншага голас не ўзніме. І не скажаш, што ён мяккі — наадварот патрабавальны, але знаходзіць такія словы, што кожны разумее задачу, якую начальнік ставіць перад ім. Таму і выконваюць людзі свае абавязкі ахвотна. Яшчэ — вельмі пісьменны. Я значна старэйшы за Дзяніса Алегавіча, але не саромеюся раіцца з ім па любых пытаннях. Заўважаю, што з кожным ён паводзіць сябе карэктна і справядліва. З раніцы не забывае падтрымаць настрой, часам нават жартам. Калі гавораць, што за маладымі будучыня, дык гэта дакладна пра яго!
Вусны партрэт кіраўніка дапаўняе Марына Дземідзюк:
— Ён сапраўды годны быць дэлегатам і прадстаўляць раён на вялікім сходзе ў сталіцы. Калі ў кагось здараецца ў жыцці нешта благое, Дзяніс Алегавіч абавязкова суперажывае чужы боль, дапамагае ў няпростых сітуацыях. У нас начальнік залаты! Магу ўсіх без выключэння паклікаць, упэўнена: кожны скажа такія ж цёплыя словы ў ягоны адрас.
Сам будучы ўдзельнік форуму лічыць: найпершая задача перад паездкай у Мінск — правесці сустрэчы ў працоўных калектывах, каб пачуць ад жыхароў Жабінкаўшчыны, што іх хвалюе, даведацца, якія існуюць прапановы па развіцці ўсёй краіны ў цэлым і нашага рэгіёна ў прыватнасці. Гэта дазволіць давесці пажаданні жабінкаўцаў да ведама астатніх удзельнікаў сходу і кіраўніцтва краіны.
— Я ўпершыню абраны дэлегатам на народны форум. Чакаю, што падчас яго будзе выпрацавана стратэгія развіцця нашай дзяржавы на бліжэйшую пяцігодку ў эканамічным і палітычным плане, увогуле будзе вырашацца далейшы шлях усёй краіны, — дадае Дзяніс Алегавіч. — Лічу, гэта важнае мерапрыемства. Яно дазваляе падкрэсліць ролю народаўладдзя ў рэспубліцы, паказаць згуртаванасць нацыі. Тым больш, што сёлетні год абвешчаны ў Беларусі Годам народнага адзінства.
Пастскрыптум, або Каб маразы не застудзілі
Зімнія месяцы ў ягонай сям’і заўсёды багатыя на прыемныя падзеі. Яны, гэтыя месяцы, хоць і снежныя, але “цёплыя”, бо сагрэтыя амаль бясконцымі святамі. Прычым, не толькі тымі, што афіцыйна пазначаны чырвоным колерам. У сямейным календары таксама дастаткова прычын, каб збірацца разам і тушыць свечкі на святочным торце.
Мяркуйце самі. У мінулым снежні сваё саракагоддзе адзначыў галава сям’і. Сем гадоў таму на дзень Міколы Цудатворца ў Дзяніса і Ніны Шышчыцаў нарадзіўся першынец Міколка. 22 снежня, як вядома, адзначаецца прафесійнае свята — Дзень энергетыка. І вось чатыры гады таму каханая жонка амаль дзень у дзень падаравала самаму дарагому энергетыку другога сына — Сашку. А сёлета на Раство сама Ніна Валер’еўна прымала віншаванні з юбілеем ад любімых сваіх мужчын.
Таму напрыканцы размовы Дзяніс Алегавіч скарыстаўся магчымасцю павіншаваць праз газету не толькі родных, але ўсіх землякоў са святамі, якія мінулі, ды блізкім Хрышчэннем Гасподнім:
— Энергетыкі абавязкова паклапоцяцца, каб абяцаныя сёлета калядныя маразы жабінкаўцаў не надта застудзілі, а прынеслі толькі радасць і задавальненне. Жадаю ўсім моцнага здароўя, што надзвычай актуальна ў зімовы час.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Святланы КІСЛАЙ
