ДЗЯКУЙ МАМЕ СКАЖАМ ГУЧНА! Без яе нам жыць нязручна

Сярод шматлікіх святаў Дзень маці для ўсіх самы дарагі, бо азначае само жыццё, яго пачатак і працяг. Пра тое цудоўна ведаюць у Жабінкаўскім загсе, дзе штогод ладзіцца цікавая акцыя “Павінны нараджацца дзеці”. Падчас яе ў розных намінацыях вызначаюцца хлопчыкі і дзяўчынкі, якія прыйшлі ў свет на працягу года і не толькі прынеслі радасць бацькам, але й сталі пераможцамі-волатамі альбо, наадварот, Дзюймовачкамі, “дапамаглі” сваім сем’ям стаць шматдзетнымі ці нечым ад іншых адметнымі. Пазнаёмімся і павіншуем сёлетніх пераможцаў. Няхай дзецям і іх матулям ласкава свеціць сонца ў хатняе аконца!

СВЕТ ЗДЗІВІЎСЯ — ВОЛАТ НАРАДЗІЎСЯ

Марк СПІВАК
нарадзіўся 4 сакавіка і стаў пераможцам
у намінацыі “Малыш-волат”.
Дарэчы, хлопчык-бутуз “паклаў на лапаткі”
больш чым на 160 грамаў
мінулагодні рэкорд

На тым прадвесні, калі хлопчык прыйшоў у свет, ён важыў 4660 грамаў і стаў трэцім дзіцём у сям’і Віталя Уладзіміравіча і Таццяны Анатольеўны. Нованароджанаму было дадзена лаканічнае і гордае імя — Марк.
Яго тата працуе ў брэсцкай будаўнічай кампаніі, узводзіць не толькі жыллё для іншых, але й паспяхова будуе, як бачым, і ўласную шматдзетную сям’ю, якая жыве ў аграгарадку Ленінскі.
А вось Маркава матуля працуе ў санаторыі “Надзея”, дзе гатуе смачныя сняданкі, абеды, вячэры для тых, хто адпачывае і здароўе папраўляе. Так, вы здагадаліся: Таццяна — повар, якая і свайго мужа, і любых дзетак песціць рознымі цудоўнымі далікатэсамі. З такой мамай волат заўсёды будзе дужым, сытым ды вельмі задаволеным.

ЦЭЛЫМ КАРАГОДАМ ПАЙШЛІ РЭКОРДЫ

Вераніка і Вольга
ДЗЕМІДОВІЧЫ
прыйшлі на свет 12 ліпеня.
Адбылася гэтая радасная падзея
амаль адначасна,
і цяпер, як у песні пяецца:
“У нас з табой адзін дзень на дваіх”.

Дзякуючы дзяўчынкам сям’я Уладзіміра Міхайлавіча і Алёны Міхайлаўны перамагла адразу ў некалькіх намінацыях. Такога не было, дакладна, за ўсе часы, пакуль ладзіцца акцыя “Павінны нараджацца дзеці”. Сям’я Дземідовічаў стала лепшай у намінацыях “Самая шматдзетная сям’я года”, “Двайное шчасце”, а яшчэ і “Дзюймовачка”.
Чаму шчасце двайное, зразумець вельмі лёгка, бо калі ў царкве святкуецца дзень двух славутых апосталаў Пятра і Паўла, Алёна падаравала мужу адразу два сонейкі. Прычым, Олечка ў дзень нараджэння важыла ўсяго 2280 грамаў — сапраўдная казачная Дзюймовачка, найменшая сярод маленькіх нараджэнцаў Жабінкаўшчыны 2022 года.
Гэткім чынам вялікая сям’я Дземідовічаў значна папоўнілася не толькі клопатамі, але і радасцю. Цяпер у таты і мамы шасцёра дзяцей. Акрамя блізнят, якім зычым расці здаровенькімі, у сям’і гадуюцца Аксана і Коля, Аня і Маргарытка.

АД КАЛЫСКІ ДАДЗЕНА МІРНАЕ ІМЯ

Марыя ЗІМІЧ
нарадзілася 21 верасня
ў святочны дзень,
калі ўсе мараць жыць пры любой пагодзе
ў міры і вялікай згодзе.

Так, мо няма нічога больш дарагога і каштоўнага, чым мір на свеце, які аздабляюць кветкі-дзеці. Адна з такіх красачак нядаўна заружавела ў сям’і жабінкаўцаў Анатоля Сцяпанавіча і Крысціны Аляксандраўны. Паколькі дзяўчынка ўпершыню ўсміхнулася матулі і свету ў вялікае свята Раства Прасвятой Багародзіцы, дык у бацькоў не было ніякага сумніву, як назваць сваю маленькую: вядома, Марыяй, або ласкава Машай ці Марыйкай.
Увогуле, найлепшага і найпрыгажэйшага імя для той, што нарадзілася ў Міжнародны дзень міру і адшукаць нельга. Машыны бацькі — медыкі, прадстаўнікі самай мірнай і патрэбнай людзям прафесіі.
Немаўлятку пакуль усяго тры тыдні. Верым: наперадзе Марыйку чакае шмат цікавага — усё тое, чым напоўнена багатае жыццё. Спадзяемся, будзе ў ім шчасця багата, а яшчэ — усмешак штодзённыя россыпы ды моцны мір у краіне пад белымі крыламі.

НА СВЯТА ГОРАДА МАТУЛЯЙ БЫЎ “ПАДОРАНЫ”

Яўгеній ТАЛАТЫННІК
А вялікі “жыўчык” (гэтак перакладаецца яго імя з лацінскай мовы)
нарадзіўся 21 ліпеня —
у Дзень роднага горада-спадарожніка.

Так, гэта адметны дзень для кожнага жыхара Жабінкі, а ў сям’і Максіма Сцяпанавіча і Вольгі Расціславаўны сёлета надарылася падвоенае свята, бо ў іх нарадзіўся другі па ліку сын. Разам з бацькамі з’яўленню браціка Жэнькі радаваўся і васьмігадовы Мацвей.
Цяпер штогод свой дзень нараджэння маленькі Яўгеній будзе святкаваць разам з родным горадам. Яны будуць расці разам і сталець кожны дзень, месяц і год. Усё ж нездарма Жабінку завуць горадам маладосці, і яна сапраўды будзе такою, калі больш маладых людзей пачнуць ствараць пары і даваць новае жыццё. Ой як патрэбны “жыўчыкі” нашаму краю!

Усім дзеткам-кветкам — і тым, што нараджаліся летам, і тым, хто прыходзіў снежнай зімой, веснавой парой ці сярод восеньскага лістапада — зычым здароўя, а іх матулям — шмат цярпення і вялікай радасці ад іх хлопчыкаў і дзяўчынак, якія абавязкова прамовяць у свята і будзень: “Дзякуй маме скажам гучна! Без яе нам жыць нязручна”.
Усіх — са святам Пакроваў і Днём маці!