Кожнаму дзіцяці неабходны дарослы чалавек, які дапаможа яму ў цяжкія моманты жыцця, абароніць, дасць параду, адгаворыць ад неабдуманага ўчынку. Добра, канешне, калі гэтым чалавекам з’яўляецца бацька ці маці. Але, на жаль, далёка не ўсе бацькі спраўляюцца з гэтай роляй. І тады на змену ім прыходзяць іншыя: педагогі, прыёмныя бацькі, апекуны.
Дзеці, якія застаюцца без апекі бацькоў – гэта маленькія дарослыя з велізарным жыццёвым вопытам. І ён, як правіла, не заўсёды пазітыўны. Некаторым з іх давялося перажыць такое, ад чаго любы дарослы прыйшоў бы ў роспач: страх, здрада самых блізкіх людзей. Дзіця, якое засталося без апекі бацькоў, чакае, што прыёмная або апякунская сям’я дапаможа перажыць нягоды, якія сустрэліся на яго жыццёвым шляху.
Рашэнне ўзяць у сваю сям’ю дзіця, якое засталося без апекі бацькоў – вельмі нялёгкі і адказны крок. Людзі робяць яго пад уплывам розных абставін. Гэта можа быць жаданне стаць бацькамі і падарыць сваю любоў маленькаму чалавечку. Або жаданне дапамагчы канкрэтнаму дзіцяці набыць сям’ю і дом. У любым выпадку, гэтае рашэнне дастойна павагі.
У нашым раёне, як і ва ўсёй краіне, прымаюцца меры ўладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, на сямейныя формы выхавання. На Жабінкаўшчыне існуе 17 апякунскіх і 7 прыёмных сямей, працуе адзін дом сямейнага тыпу. У кожнай сям’і, як зрэшты, і ў дзяцей, якія жывуць у іх, свая гісторыя. І кожная з іх унікальная, а часам і трагічная.
Спецыялісты раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра дапамагаюць ажыццявіць дзіцячую мару і падарыць дзіцяці сям’ю. З гэтай нагоды арганізуюцца выступленні ў працоўных калектывах раёна па прапагандзе сямейных формаў уладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Так, напрыканцы чэрвеня адбылася сустрэча з працоўным калектывам Жабiнкаўскага раённага аддзела па надзвычайных сiтуацыях, падчас якой спецыялісты пазнаёмілі прысутных з паняццем “прафесійнае бацькоўства”, асноўнымі яго формамі: прыёмная або апякунская сям’я, сям’я патранатнага выхавання, усынаўленне, дзіцячы дом (вёска) сямейнага тыпу. Разгледзелі і абмеркавалі асаблівасці і ўмовы іх стварэння.
Апякунская сям’я – прыняцце дзіцяці ў сям’ю на правах выхаванца. Апякун зай-маецца выхаваннем дзіцяці, клапоціцца аб ім, абараняе яго правы і законныя інтарэсы. Апякун выконвае свае абавязкі бязвыплатна. На ўтрыманне падапечнага дзіцяці выплачваюцца штомесячныя грашовыя сродкі.
Прыёмная сям’я – прафесійны сямейны клопат. Перадаючы ў прыёмную сям’ю да 4-х дзяцей, аддзел адукацыі Жабінкаўскага райвыканкама наймае вас на працу па выхаванні дзяцей. На ўтрыманне выхаванцаў выплачваюцца штомесячныя грашовыя сродкі.
Прыёмныя бацькі абавязаны выхоўваць дзіця, клапаціцца пра яго здароўе, маральнае і фізічнае развіццё, ствараць неабходныя ўмовы для атрымання адукацыі, рыхтаваць яго да самастойнага жыцця.
Усынаўленне – асаблівы шлях бацькоўства, заснаваны на прыняцці чужога дзіцяці як роднага. У выніку ўсынаўлення паміж усынавіцелем і ўсыноўленым узнікаюць такія ж правы і абавязкі, як паміж бацькамі і іх дзецьмі.
Па просьбе ўсынавіцеляў усыноўленаму дзіцяці можа прысвойвацца новае прозвішча, імя і імя па бацьку. Таямніца ўсынаўлення ахоўваецца законам.
Дзіцячы дом (вёска) сямейнага тыпу – сям’я, у якой сямейная пара (адзін з іх) або адзінокія грамадзяне выконваюць абавязкі па выхаванні дзяцей-сірот або дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, агульная колькасць якіх, уключаючы родных і ўсыноўленых, не перавышае 10 чалавек. Бацькамі-выхавацелямі могуць быць асобы ва ўзросце ад 25 гадоў. Дзяржава выплачвае штомесячныя грашовыя сродкі на ўтрыманне прыёмных дзяцей.
Сям’я патранатнага выхавання –
патранатнае выхаванне з’яўляецца формай удзелу грамадзян у выхаванні дзяцей-сірот, дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, якія знаходзяцца ў дзіцячых інтэрнатных установах, установах прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыi. Патранатнае выхаванне ажыццяўляецца на бязвыплатнай аснове. Дзеці перадаюцца на патранатнае выхаванне на падставе дагавора патранатнага выхавання, што заключаецца кіраўніком установы з патранатнымі выхавальнікамі, з улiкам заключэння аб наяўнасцi ўмоў, неабходных для выхавання дзяцей. Дзеці могуць перадавацца патранатным выхавальнікам у перыяд канікулаў, выхадных дзён, дзяржаўных святаў i святочных дзён, якiя ўстаноўлены i аб’яўлены Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь непрацоўнымі, а таксама ў перыяд іх захворвання, у тым ліку пры знаходжанні на лячэнні ў стацыянарных умовах у арганізацыях аховы здароўя, праходжання ўступных iспытаў пры паступленнi ва ўстановы адукацыі. Тэрміны знаходжання дзіцяці ў сям’і патранатнага выхавальніка ўсталёўваюцца з улікам жадання дзіцяці, патранатнага выхавальніка і асаблівасцяў арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстанове.
Вы таксама можаце прыняць у сваю сям’ю дзіця, якое засталося без бацькоўскага цяпла і клопату. За дадатковай інфармацыяй па пытаннях стварэння розных формаў прафесійнага бацькоўства звяртайцеся ў Жабінкаўскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр па адрасе: г. Жабінка, вул. Шашэйная, 1, тэл. 2-12-94, таксама ў аддзел па адукацыі Жабінкаўскага райвыканкама па адрасе: г. Жабінка, вул. Чырвонаармейская, 3, тэл. 2-16-09.
Марына КАРПОВІЧ, дырэктар ДУА “Жабінкаўскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр”.
Главные новости
