Анатоль РОСТАЎ. Фота аўтара.
Што чакаюць у новы год? Ну, канечне ж, падарункаў. А год, што выходзіць на старт, не звычайны, а навучальны. Значыцца, і прызы-сюрпрызы найперш трэба чакаць не цукерачна-печыўныя, а алоўкава-папяровыя – карысныя для ўрокаў ды “прадлёнкі”.
МЕНАВІТА З ТАКІМІ падарункамі амаль за ты-дзень да 1 верасня завіталі ў шматдзетныя жабінкаўскія сям’і госці з горада над Бугам – тыя, каму прыемней рабіць сюрпрызы, чым самім атрымліваць падарункі. Каб затым бачыць удзячныя ўсмешкі на дзіцячых вуснах ды чуць ад маленькіх шчырыя словы падзякі.
Носьбітамі добрых вестак на гэты раз сталі кіраўнік Брэсцкага абласнога аб’яднання прафесійных саюзаў Аляксандр Мурашкін і загадчык прэс-службы гэтай арганізацыі Вольга Кабяк. Да іх далучыліся старшыня Жабінкаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Калыбская, а таксама здымачная група навін абласнога тэлевізійнага канала “Брэст 4”.
Нездарма шматгадовая акцыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі называецца “Прафсаюзы – дзецям”, бо мае на мэце падтрымаць сем’і, у якіх школьнікі вельмі хутка сядуць за вучнёўскія парты. Асаблівая ўвага – першакласнікам, дзецям-сіротам, шматдзетным, маламаёмасным і прыёмным сем’ям, а таксама “ячэйкам грамадства”, што выхоўваюць непаўнагадовых інвалідаў альбо апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Прафсаюзныя арганізацыі закупаюць для дзяцей школьныя прылады і канцтавары, падручнікі і дапаможнікі, вопратку і абутак – усё, што спатрэбіцца для “года навучальнага – не зусім звычайнага”.
Для наведвання на Жабінкаўшчыне сёлета былі абраны тры сям’і. Усе яны жыхары райцэнтра, у кожнай гадуецца не менш за чацвёра дзяцей. Агульна – 14 непаўнагадовых, палова з іх – школьнага ўзросту.
Першы адрас для сустрэчы, дзе з самага ранку чакалі гасцей, – у шматпавярховым прыгожым доме на вуліцы Лесапаркавай. Вось ужо пяты год тут жыве ў каханні ды згодзе дружная сям’я Дулевічаў. Хлебасольныя гаспадары дома Марына Мікалаеўна і Дзмітрый Сцяпанавіч расказалі пра дапамогу, атрыманую з боку дзяржавы, пра радасць, якую нясе вялікае і вельмі дружнае сямейнае кола. У ім гадуюцца дочкі Лізавета, Ульяна і Алеся, у цэнтры ўвагі воляй-няволяй аказаўся наймалодшы Святаслаў, “сапраўдны будучы салдат-абаронца для матулі і сястрычак”. (У пацвярджэнне таго, што ён моцны ды мужны, пяцігадовы хлопчык нават пачаў адціскацца ад падлогі!). Вельмі хутка ўсталяваўся дыялог паміж гасцямі і дзецьмі. На пытанне Аляксандра Андрэевіча, кім яны жадаюць стаць, як трошкі падрастуць, дзяўчынкі, нібыта тыя казачныя прынцэсы, дзяліліся сваімі марамі – самымі звычайнымі і зямнымі: лячыць, вучыць, творчасць людзям дарыць. Словы ў адносінах да прыгожага мастацтва неўзабаве пацвердзіліся. Свае здольнасці дзеці дэманстравалі з ахвотай, аформілі ў пакоі сапраўды багатую выстаўку работ з саломкі. Створанае імі хараство не пакінула нікога абыякавым, як і скрыпка ў руках Ані Дземянчук. Дзяўчынка, што выканала чароўную “Купалінку”, знаходзіцца ў сям’і пад апекаю, займаецца ў школе мастацтваў, цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, спявае ў царкоўным хоры. Сям’я ўвогуле цягнецца да праваслаўных традыцый. Нездарма пры ўваходзе ў кватэру можна пабачыць граматы ад епіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана, а таксама ўганараванне маці ад Беларускага саюза жанчын.
Развітвацца было няпроста, аднак ужо зачакаліся высокіх гасцей на вуліцы Касманаўтаў. Таму давялося паспяшацца на чарговае спатканне – да Аксаны Міхайлаўны Ляўковіч і Сяргея Мікалаевіча Прыступы, што маюць шасцёра дзяцей, чацвёра з іх – школьнікі. Яны таксама сябруюць з творчасцю. Лізавета, якой у верасні споўніцца шаснаццаць, любіць маляваць і ствараць рэчы з саломкі, гожа спявае Назар, сапраўднае ўпрыгажэнне вялікага бацькоўскага дома – гліняныя вырабы ад дзесяцігадовага Мацвея, агульнай увагай і клопатам атулены наймалодшы Давід. Адным словам, на ўласным шырокім падворку берасцейцаў сустракала вялікая сям’я, у якой прапісаліся лад і спагада, каханне і дзіцячы смех.
Апошнім адрасам дабрачыннасці ў Жабінцы, дзе ў той дзень гучалі віншаванні ад прафсаюзаў, стала райбальніца. Тут адбылося знаёмства яшчэ з адной цікавай “ячэйкай грамадства”. Сустракаючы гасцей, галоўны ўрач Анатоль Лаўрукевіч міжволі скаламбурыў:
– Дзякую, што для наведвання выбралі нашу сям’ю – Выбяранцаў.
Слова “наша” з вуснаў Анатоля Іванавіча таксама прагучала не выпадкова. Паколькі з лета 2009 года гаспадыня сям’і Таццяна Віктараўна працуе медыцынскай сястрой у прыёмным пакоі бальніцы. За гэты час зарэкамендавала сябе з найлепшага боку як ветлівая і ўважлівая да пацыентаў, тактоўная ў адносінах да калег. Зараз выконвае самы важны для жанчыны абавязак: даглядае двухгадовую Анютку. Дзяўчынка ў сям’і Таццяны Віктараўны і Івана Іванавіча – чацвёртае дзіця. Трэба было бачыць, якой пяшчотай ды ўвагай акружана самае маленькае сонейка ў сям’і, што сарамліва туліцца да матуліных рук. А навокал яшчэ віюцца, ні на хвіліну не спыняюцца непасрэдныя ў сваіх рухах сямігадовая Вікторыя (яна ў сям’і старэйшая) і хлопчыкі-пагодкі – Ілля ды Ігнат.
Пры назіранні за гэтым няспынным сямейным “вуллём” у старшыні абласнога аб’яднання прафсаюзаў міжволі ўзнікла пытанне:
– Скажыце, а колькі, на вашу думку, дзяцей расціць усё ж лягчэй: аднаго ці шмат?
Крыху паразважаўшы, з вялікай колькасці магчымых адказаў Іван Выбяранец выбраў такі:
– Мне здаецца, лепш, калі чацвёра, як у нас. Калі дзетак многа ды ўсе ра-
зам, з іх ніколі не вырастуць эгаісты. Заўжды адзін аднаго падтрымаюць, сумесна гуляюць, разам займаюцца. Як малых багата – тады і ў доме свята.
Пакуль Выбяранцы жывуць у інтэрнаце, але шпарка будуюцца. Хутка час міне, і выберуцца ва ўласнае жытло, дзе будзе ўсім раздольна, а весялосці ў такой вялікай сям’і ўжо і зараз удосталь.
На здымках: Аляксандр МУРАШКІН у гасцях у Дулевічаў; шматдзетная сям’я Выбяранцаў з падарункамі
ад прафсаюзаў.

