Дзень, які чакалі і гандляры, і пакупнікі

Анатоль РОСТАЎ. Фота аўтара.

Далёка не кожны цяпер ужо згадае, што сёлетні Пакроўскі кірмаш не просты, а юбілейны. Упершыню продаж сельскагаспадарчай прадукцыі пачаў ладзіцца па просьбе жабінкаўцаў у іх мястэчку роўна 110 гадоў таму. Якім жа выдаўся на гэты раз дзень, які чакалі і гандляры, і пакупнікі?

АЛЕ СПАЧАТКУ — крыху пра вытокі. У 1903-м Жабінка стала мястэчкам — паселішчам, спрыяльным для гандлю і рамяства. І гэта не дзіўна, паколькі большасць жыхароў складалі яўрэі. Аднак і іншыя насельнікі былі зацікаўленыя, каб іх пасёлак, што паўстаў на скрыжаванні выгадных шляхоў, развіваўся ды багацеў. Дзеля гэтага і звярнуліся з просьбай да вышэйшага начальства, каб узнікла ў Жабінцы месца для вялікага торгу. У выніку ў кастрычніку 1908 года на старонках афіцыйных “Гродзенскіх губернскіх ведамасцяў” тройчы абвяшчалася: “Журнальнай пастановай Гродзенскага губернскага праўлення, што адбылася 6 кастрычніка, дазволена адкрыць у пасёлку Жабінка Кобрынскага павета кірмашы”. Для гэтага мясцовы памешчык Фларыян Непакойчыцкі адвёў надзелы паблізу чыгункі, у тым месцы, дзе зараз стаіць помнік воінам і партызанам, загінулым у Вялікую Айчынную вайну. “За польскім часам” кірмашы ладзіліся на галоўнай местачковай плошчы, на якой пазней паўстаў будынак райвыканкама.
Ну а сёння месца традыцыйных восеньскіх пакроўскіх кірмашоў — плошча каля гарадскога Дома культуры. Менавіта яна стала ў кастрычніку 2007 года цэнтрам правядзення абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі” ды маштабных святкаванняў 200-х угодкаў горада, якія ладзіліся летась у ліпені.
А ШТО Ж СЁЛЕТА? Ці выдаўся шчаслівым дзень, пазначаны ў календары лічбаю “13”?
Гэтая субота, якую чакалі жабінкаўцы, была надзвычай сонечнай ды цёплай, ахутанай тонкім павуціннем бабінага лета. Таму многія не абмінулі гарадскую плошчу і, думаецца, не пашкадавалі, бо тут кіпеў-звінеў на ўсе лады Пакроўскі кірмаш. Прыўрочаны да народнага свята, ён у нейкай меры стаў працягам добрых традыцый, закладзеных яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя. Хто хацеў — той займеў: перш-наперш, сустрэчы з сябрамі-суседзямі, прыўзняты настрой ды, канечне ж, набыў у хату пакупку на патрэбу.
Гандляры шчыравалі ды радаваліся, як наўкола іх вырасталі чэргі. Значыцца, нездарма на кірмаш завіталі і ўжо каля поўдня многія з задавальненнем адзначалі: “Амаль усё ўжо прадалі!”
Мо найбольш людна было каля машыны з таварамі ад міжрайбазы. Тут і выбар быў найбольшы: агуркі ды памідоры, цыбуля ды бульба, морква ды буракі — усё ішло, як са шчодрай рукі! Парадавалі і фермерскія гаспадаркі, буйныя сельскагаспадарчыя арганізацыі: “Кантак-Агра” гандляваў бульбай, буякамі ды зернем, свайго “Уладара” (гатунак бульбы) прапаноўвала “Ацячызна-Агра”, а бульбу “Жывіцу” — ААТ “Хмелева.

Як заўсёды, яблыкі ды сокі прыбылі на кірмаш з “ЯКВІЛА”, а прадпрымальніца Галіна Лысюк з Сакалова прывезла на продаж арэхі грэцкія, семечкі гарбузовыя ды прылады працы для зямельнага ўчастка. Іншыя таксама свой тавар хвалілі — на кірмашы ў шапку не спалі! Серабрылася жывая рыба, злоўленая ў садках “Сакалоўскага Гусака”.
Было “серабро” — было і “золата”! Пчаляр Часлаў Янкоўскі з Ленінскага прадстаўляў розныя сарты мёду, былі на плошчы і іншыя, хто пчолак “доіць”! Ды канкурэнцыя камерцыі толькі падмога. І ля кожнага “пчалінага гаспадара” тоўпіўся люд.
Было што выставіць на продаж і работнікам гандлю, прынамсі, прадавец з магазіна “Сузор’е” Наталля Міронава нахвальвала пірагі ды булачкі, спечаныя на камбікормавым заводзе. Усё па гусце, купляй — смаката!
Прыемна, што Жабінку не абмінулі і прадпрымальныя людзі з суседніх Камянецкага ды Кобрынскага раёнаў.
Вікторыя з-пад Кобрына, што гандлявала пладовымі дрэўцамі, між іншым, казала:
— Як толькі пачула пра кірмаш у Жабінцы, адразу ў дарогу засабіралася. Бярыце яблыньку і сліўку — будуць у садзе вясною квітнець і пладамі па восені радаваць!
Сярод шматлікіх знаёмых сустрэлася Таццяна Пархімовіч, былая старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа. Як толькі павіталася, адразу ж пахвалілася:
— Вось два мяхі капусты ўжо прыдбала, купляю моркву. Яшчэ і буракі не ўрадзілі — і іх патрэбна прыкупіць. Вы ж ведаеце, да мяне хто не завітае, кожнага частую!
Не забыліся гандляры і пра дзіцячыя тавары, ладзілі бяспройгрышныя латарэі, цэлыя палаткі былі разгорнуты з гандлем сувеніраў ды адзення. Адным словам, былі прапановы, быў і попыт.
Але ж, мабыць, нехта першы кірмаш прапусціў? Дык няма ў тым бяды. Бо 20 кастрычніка будзе базар другі, не менш шчодры. Прыходзьце, каб прыпасы хатнія папоўніць (за грошы) і настрой узняць — зусім бясплатна!