У гэтыя дні мы неаднойчы згадваем тых, хто змагаўся за вольнасць роднага краю, хто спрыяў уз’яднанню беларускага народа. У спісе выдатных дзеячаў – Яўген Скурко, больш вядомы кожнаму пад літаратурным псеўданімам Максім ТАНК (1912-1995).
Так супала, што Яўген Іванавіч нарадзіўся 17 верасня. Таму для яго дзень уз’яднання беларускага народа ў адзінай дзяржаве стаў адначасова 27-м днём нараджэння. Ён прыйшоў на свет у Заходняй Беларусі. Малая радзіма Максіма Танка – вёска Пількаўшчына Вілейскага павета (сённяшні Мядзельскі раён). 27 красавіка 1932 года за выданне беларускага літаратурна-палітычнага “Часопіса для ўсіх” 19-гадовы падпольшчык быў арыштаваны польскімі ўладамі. Яўген Скурко працаваў інструктарам ЦК камсамола Заходняй Беларусі. У час новага арышту пракурор Дамінік Пятроўскі абвінавачваў юнака ў тым, што той “меў намер гвалтоўна змяніць дзяржаўны лад Польшчы і адарваць частку яе тэрыторыі”. Усяго ў турмах Яўген Іванавіч правёў каля двух гадоў. Прыход Савецкай улады ў родныя мясціны ён сустрэў з натхненнем і надзеяй, многія свае творы Максім Танк прысвяціў гэтай лёсавызначальнай падзеі.
Да слова, жабінкаўцам даводзілася бачыць народнага паэта Беларусі, акадэміка, Героя Сацыялістычнай Працы не толькі на вокладках ягоных кніг. У 1947 годзе ён абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР па Жабінкаўскай выбарчай акрузе, а ў 1970-м стаў народным абраннікам у Вярхоўны Савет СССР ад Кобрыншчыны. У гэтыя часы Максім Танк прыязджаў на сустрэчы з выбаршчыкамі ў Жабінку і Чыжэўшчыну.
Да 20-х угодкаў уз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі пабачыла свет “Паэзія змагання”. Яна была прысвечана давераснёўскай творчасці Танка. Аўтарам выдання стаў кандыдат філалагічных навук, будучы прафесар Уладзімір КАЛЕСНІК (1922-1994). Уладзімір Андрэевіч таксама даследаваў творчасць іншых заходнебеларускіх пісьменнікаў: Валянціна Таўлая, Міколы Засіма, Уладзіміра Жылкі… Менавіта ён, Калеснік, парупіўся, каб свет пабачылі анталогіі паэзіі былой Заходняй Беларусі “Сцягі і паходні”, “Ростані волі”. Аднак найбольш вядомай яго кнігай, напісанай сумесна з Алесем Адамовічам і Янкам Брылём стала хроніка памяці “Я з вогненнай вёскі…”
Дадамо таксама, што Уладзімір Калеснік неаднойчы наведваў Жабінкаўшчыну, дзе выступаў перад чытачамі ў ГДК і школах. І вось яшчэ адна цікавая акалічнасць: цудоўны знаўца Заходняй Беларусі і яе творцаў нарадзіўся на Гродзеншчыне “за польскім часам” – адбылося гэта ў 1922 годзе, 17 верасня.
Анатоль БЕНЗЯРУК
На здымках: Максім ТАНК і Уладзімір КАЛЕСНІК, для якіх 17 верасня было не проста днём уз’яднання.
