Дзеля павышэння якасці жыцця

На мінулым тыдні падчас рабочай паездкі Жабінкаўскі раён наведала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання па Белавежскай выбарчай акрузе № 8 Жанна Стаціўка. Спачатку ў райвыканкаме Жанна Уладзіміраўна правяла сумесны прыём грамадзян з членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшынёй раённага Савета дэпутатаў Анатолем Шалтанюком.
Першай на прыём прыйшла жыхарка райцэнтра Марыя Яшчук. Жанчына расказала, што яе сыну Мікалаю вось ужо чатыры гады запар дасылаюцца паведамленні аб аплаце падатку за гараж. Усё б нічога, толькі вось названай маёмасці на вуліцы Камарова на самой справе Мікалай Яшчук не мае. Затое ёсць гараж у поўнага цёзкі сына — супадаюць імя, імя па бацьку і прозвішча з яго сапраўдным уладальнікам. Згодна з дакументамі ўдалося выявіць, што жабінкавец спраўна плаціў падатак за сваю маёмасць, а з 2016 года перастаў. “Чаму я павінна плаціць за тое, чым не валодаю? — абураецца жанчына. — Мне чужое не патрэбна. Абы са сваім справіцца…” Марыя Яшчук папрасіла дэпутата разабрацца ў гэтай сітуацыі, каб квітанцыі дасылаліся правільнаму адрасату. Прадстаўнікі ўлады паабяцалі адправіць запыты ў падатковую інспекцыю і БТІ, каб выправіць гэтую недарэчнасць.
Затым дэпутат са старшынёй райсавета вырашалі пытанне Святланы Марашчук, якая па тэлефоне прасіла “пусціць маршрутку праз вёску Падлессе”. Гэтую кропку на карце Жабінкаўшчыны транспарт не мінае, проста час руху аўтобуса жанчыну не задавальняе. Прадстаўнікі ўлады паабяцалі ўнесці прапанову пусціць маршрутку ў тэставым рэжыме.
Далей дэпутат накіравалася ў Жабінкаўскую дыстанцыю пуці на сустрэчу з працоўным калектывам. Жанна Уладзіміраўна падзякавала чыгуначнікам за аказаную ёй падтрымку ў мінулай выбарчай кампаніі, што дазволіла жанчыне ў другі раз быць у ліку парламентарыяў краіны, і распавяла пра дзейнасць беларускага парламента. Дарэчы, Жанна Стаціўка з’яўляецца членам пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях (усяго іх налічваецца 14), займаецца грамадска-палітычнай дзейнасцю, працуе з выбаршчыкамі. Яна заўсёды лічыла, што ў гэтым органе ўлады павінна быць больш жанчын, таму што пытанні сям’і, мацярынства і дзяцінства, дэмаграфіі, праблема сацыяльнага сіроцтва патрабуюць перш за ўсё жаночага разумення і ўдзелу. У сваім выступленні дэпутат падрабязна расказала пра работу камісіі, спынілася на законапраектах, якія вынесены на бліжэйшую сесію, завастрыла ўвагу на асаблівасцях дыстанцыйнай работы. На бягучы год складаюцца новыя дзяржпраграмы, якія тычацца занятасці насельніцтва, чысціні вады і інш.
Затым Жанна Стаціўка запрасіла чыгуначнікаў да дыялогу. Пытанні былі самыя самыя розныя — ад Дэкрэта № 3, якасці пітной вады ў горадзе да праходжання медкамісіі і асфальтавання вуліцы Піянерскай, што за Белдзяржстрахам. Жанна Уладзіміраўна адзначыла: узнятыя жабінкаўцамі пытанні важныя і на-дзённыя, і іх вырашэнне дазволіць павысіць якасць жыцця.
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара