“Дзеля нашых паважаных пакупнікоў!”

Такія словы неаднойчы чула ад удзячных пакупнікоў у адрас калектыву магазіна № 15 “Прадукты”, што ў мікрараёне бальніцы. Пра сваіх калег, надзённыя справы расказала старшы прадавец гандлёвай кропкі Ірына Казулька.

“На сённяшні дзень калектыў нашага магазіна складаецца з 18 чалавек: гэта прадаўцы, упакоўшчык-укладчык, аператар ЭВМ, прыбіральшчыцы і грузчыкі, — пачала размову Ірына Міхайлаўна. — Многія маюць багаты прафесійны стаж і даўно звязаны з гандлем. Працуем дружна, зладжана, імкнемся, каб наведвальнікі пакідалі краму задаволеныя і з добрым настроем, каб прыходзілі да нас яшчэ!”
Ірына Казулька сама ў гандлі без малога чвэрць веку. Пачынала прадаўцом у Вялікіх Сяхновічах, потым абслугоўвала пакупнікоў у магазіне № 1 “Прадукты” ў Жабінцы, была загадчыкам магазіна № 2, які жыхарам райцэнтра добра вядомы пад назвай “Надзея”. З 2011 года працоўная біяграфія Ірыны Міхайлаўны звязана з магазінам № 15 “Прадукты”, дзе займала пасаду загадчыка, цяпер яна — старшы прадавец.
На нашых вачах крама мянялася, прыгажэла, яна двойчы перажыла рамонт: у 2011-м, калі яшчэ адносілася да Жабінкаўскага райспажыўтаварыства, і ў 2017-м, калі адышла да Брэсцкай міжраённай гандлёвай базы. Тады значна павялічылася плошча магазіна, які пашырыў свае межы за кошт тэрыторыі мэблевага. Цяпер тут вялікая гандлёвая зала, асартымент вызначаецца разнастайнасцю, ён задаволіць самыя розныя густы. А дзеля гэтага Ірына Міхайлаўна вывучае попыт пакупнікоў. Зыходзячы з таго, які тавар хочуць бачыць жабінкаўцы на прылаўках магазіна, яна робіць заказы, наладжвае супрацоўніцтва з рознымі пастаўшчыкамі.
“Стараемся ўлічваць густы нашых наведвальнікаў, — кажа Ірына Казулька. — Імкнемся, каб быў багаты выбар хлебабулачных і каўбасных вырабаў, малочнай, мясной, рыбнай і іншай прадукцыі. Так, розны хлеб нам пастаўляюць Кобрынскае (Дзівінская хлебапякарня) і Маларыцкае райспажыўтаварыствы, філіял “Камянецкі” і жабінкаўскі кандытарскі цэх Брэсцкай міжраённай гандлёвай базы, Кобрынскі хлебазавод, Брэстхлебпрам, прыватны хлебазавод “Гарні”. Малочную прадукцыю атрымліваем з брэсцкага Савушкавага, Кобрынскага масларобна-сыраробнага завода, Слуцкага сыраробнага камбіната, Ляхавіцкага малочнага завода, ваўкавыскага “Беллакта”, гродзенскага “Малочнага свету”, сталічнага малочнага завода № 1,
Брэсцкага марожанага. У нас розныя пастаўшчыкі рыбнай і мясной прадукцыі, каўбасных і іншых вырабаў. Усё робім дзеля нашых паважаных пакупнікоў!”
Сваіх прыхільнікаў магазін № 15 “Прадукты” не страціў і пасля таго, як у райцэнтры адчынілі дзверы іншыя гандлёвыя кропкі. Сакрэт у прафесіяналізме яго работнікаў, ветлівым абслугоўванні (як пастаянны наведвальнік крамы бачу гэта ў адносінах і да сябе) і нейкай асаблівай аўры, што пануе ўнутры калектыву. І ў гэтым, безумоўна, немалаважная заслуга Ірыны Казулька, аб чым у размове гаварылі і яе калегі. Да слова, з 2011-га састаў работнікаў крамы амаль не мяняўся, а гэта пра многае гаворыць.
За прафесіяналізм, добрасумленную працу імя Ірыны Казулька неаднаразова заносілася ў Галерэю працоўнай славы раёна. Яна — дэпутат Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў ХХVII склікання ад Зарэчнай выбарчай акругі № 4.
Ірына Міхайлаўна мае шмат-лікія ўзнагароды, сярод якіх — граматы райвыканкама, рай-спажыўтаварыства, абласнога спажывецкага саюза. Ёсць у яе скарбонцы і грамата ад рэспубліканскага Белкаапсаюза.
“Ні разу не пашкадавала аб тым, што абрала гандаль і прысвяціла сябе менавіта гэтай галіне, — падзялілася Ірына Казулька. — Тое, чым займаюся, на ўсе сто маё, люблю сваю работу, працую дзеля людзей. Прыемна бачыць, калі чалавек пакідае нашу краму задаволены, гаворыць у адрас прадаўцоў добрыя словы і шчыра дзякуе за абслугоўванне. На Жабінкаўшчыне я нарадзілася, вучылася, стварыла сям’ю (з мужам Сяргеем у шлюбе 22 гады), тут і працую. Вялікіх шумных гарадоў не люблю. Калі наведваю дачку ў сталіцы, доўга там не затрымліваюся, спяшаюся дадому: у Жабінцы мне спакойна і ўтульна. Прыемна бачыць, як наш раённы цэнтр з кожным годам прыгажэе. Дарэчы, добрыя змены адбыліся і ў нашай галіне: сталі больш камфортнымі ўмовы працы, гандлёвыя кропкі рамантуюцца, прыводзяцца ў належны выгляд, для іх закупляецца новае абсталяванне.
Звычайна, мы на святы працуем (смяецца), абслугоўваем нашых дарагіх пакупнікоў. Гэты год унёс свае карэктывы, але веру, што ўсё наладзіцца. Напярэдадні Дня Незалежнасці краіны хочацца пажадаць свайму калектыву і ўсім жабінкаўцам моцнага здароўя, шчасця, міру, дабрабыту, поспехаў у працы на карысць нашага краю і роднай Беларусі!”
Алёна НІКАНЧУК
Фота аўтара
На здымку: Ірына КАЗУЛЬКА (у цэнтры) з калегамі Лідзіяй БУЗА і Ларысай СТАРУН.