Арганізацыя Аб’яднаных Нацый — вялікая ўплывовая міжнародная арганізацыя, створаная пасля Другой сусветнай вайны для падтрымкі і ўмацавання міжнароднага міру, бяспекі, развіцця супрацоўніцтва паміж краінамі. Беларусь ад самых пачаткаў стала заснавальніцай ААН.
Дзень Арганізацыі Аб’яднаных Нацый адзначаецца штогод 24 кастрычніка. Гэтая дата была выбрана невыпадкова.
26 чэрвеня 1945 года ў Сан-Францыска 50 дзяржаў свету, у тым ліку Беларуская ССР, падпісалі Статут ААН і сталі краінамі-заснавальніцамі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. 24 кастрычніка гэты важны дакумент уступіў у сілу. Ён пачынаўся словамі: “Мы, народы Аб’яднаных Нацый, поўныя рашучасці пазбавіць будучыя пакаленні ад бедстваў вайны, якая двойчы ў нашым жыцці прынесла чалавецтву невыказнае гора”.
У 1971 годзе, альбо паўвека таму, Генеральная Асамблея ў сваёй чарговай рэзалюцыі падкрэсліла, што Дзень Арганізацыі Аб’яднаных Нацый павінен стаць міжнародным святам і рэкамендавала краінам-членам адзначаць яго як дзяржаўнае свята.
Зараз у міжнародную арганізацыю ўваходзяць 193 дзяржавы, кожная таксама з’яўляецца членам Генасамблеі ААН. Галоўныя органы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый: Генеральная Асамблея, Савет Бяспекі, Эканамічны і сацыяльны савет, Міжнародны суд. ААН мае таксама шэраг уласных спецыялізаваных устаноў — міжурадавых арганізацый па эканамічных, сацыяльных і гуманітарных пытаннях.
Дзень Арганізацыі Аб’яднаных Нацый уваходзіць у Тыдзень ААН, які штогод ладзіцца 20-26 кастрычніка.
Анатоль РОСТАЎ
Главные новости
