Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.
У рамках рэспубліканскага месячніка “Чалавек з белым кіем” па ўсёй краіне праходзіла акцыя ГА “БелТІЗ” “Даступнасць паслуг і сэрвісаў банкаў для людзей з інваліднасцю па зроку”. Не засталася ў баку ад яе і раённая арганізацыя Беларускага таварыства інвалідаў па зроку: на базе ЦБП № 109 ААТ “Беларусбанк” г. Жабінка быў праведзены круглы стол са спецыялістамі банкаўскай сферы. Пытанні, якія абмяркоўваліся падчас яго, тычыліся даступнасці банкаўскіх паслуг для невідушчых і слабавідушчых, а менавіта даступнасці будынкаў, банкаўскіх тэрміналаў і інфакіёскаў, анлайн-сэрвісаў і іншага.
Агучыла тэму круглага стала і прадставіла яго ўдзельнікаў старшыня раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” Раіса Ліскова.
Намеснік начальніка аддзела сацыяльнай абароны ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Галіна Ткачук расказала аб рэалізацыі ў нашым раёне падпраграмы “Безбар’ернае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб” Дзжяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016-2020 гады. Мэта падпраграмы — стварыць для гэтай катэгорыі грамадзян свабодны доступ на аб’екты сацыяльнай сферы і жылфонду.
Так, за кошт праграмных сродкаў і пазапраграмных расходаў уваходныя дзверы ў раённую паліклініку абсталяваны гукасветлавым сігналам, устаноўлена таблічка са шрыфтам Брайля; у райбальніцы пастаянна абнаўляецца кантрасная афарбоўка на першай і апошняй прыступках лесвічнага марша, ёсць маркіроўка на ўваходных дзвярах і ручках; паніжаны бардзюрны камень пры рамонце прыдваровых тэрыторый на Моладзевай, 6 і Цэнтральнай, 8; на тэрыторыі школы-інтэрната пакладзена тактыльная плітка ад спальнага корпуса да гаспадарчага, тратуарныя дарожкі і пандусы абсталяваны поручнямі.
Галіна Цімафееўна адзначыла, што пры ўзвядзенні новых аб’ектаў, рамонце будынкаў стварэнню безбар’ернага асяроддзя надаецца вялікая ўвага. Так, ля магазіна “Санта” паніжаны бардзюрны камень, пешаходны пераход абазначаны тактыльнай пліткай, на месцах для паркоўкі аўтамабіляў ёсць спецыяльныя для інвалідаў, уваходныя дзверы ў гандлёвую кропку абазначаны кантраснай маркіроўкай.
Пры рамонце перона чыгуначнага вакзала, а таксама будынка райвыканкама ў пэўных месцах пакладзена тактыльная плітка, абуладкаваны пандус з поручнямі. Выступоўца парэкамендавала спецыялістам банкаў прадоўжыць работу па стварэнні безбар’ернага асяроддзя для інвалідаў па зроку, калясачнікаў і іншых катэгорый грамадзян.
Пра этыку зносінаў з неві-душчымі людзьмі гаварыла ў сваім выступленні загадчык аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі дзённага знахо-джання для грамадзян пажылога ўзросту Жабінкаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Вольга Рэбякеўша. Вольга Аляксандраўна спынілася на агульных правілах этыкету і аказанні дапамогі невідушчым і тым, хто мае праблемы са зрокам, калі мы выступаем у якасці іх суправаджаючых. Прывяла прыклады, якім чынам работнікам патрэбна абслугоўваць такіх лю-дзей у банках і гандлёвых кропках, як весці сябе нам, калі хочам ім дапамагчы. Расказала таксама пра работу аддзялення.
У круглым стале прынялі ўдзел работнікі банкаў: намеснік дырэктара ЦБП № 109 ААТ “Беларусбанк” г. Жабінка Наталля Букланава і кіраўнік аперацыйнай службы банка Людміла Ларчык, начальнік ЦБП № 102 ААТ “Белаграпрамбанк” г. Жабінка Аляксандр Лаўрынчык і галоўны спецыяліст ЦБП № 402 ААТ “Белінвестбанк” г. Жабінка Аляксей Масяйчук. Спецыялісты спыніліся на паслугах, якія аказваюць іх установы пажылым лю-дзям, інвалідам, на тых праграмах, што накіраваны на адаптацыю банкаўскіх паслуг для грамадзян з абмежаванымі магчымасцямі і аслабленым зрокам.
Круглы стол прадоўжыўся практычнай часткай, падчас яе Людміла Ларчык пазнаёміла сяброў раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” з мультыкарыстальніцкім месцам працы для кліентаў банка, з работай інфакіёска і банкамата. Карты кодаў інтэрнэт-банкінгу атрымалі ў той дзень інваліды па зроку Міхаіл Макарук і Надзея Заціраха.
