“Злачынства лягчэй папярэдзіць, чым раскрыць”, — лічыць старшы ўчастковы інспектар Жабінкаўскага РАУС маёр міліцыі Сяргей Галоўчык. Таму прафілактыка займае галоўнае месца ў яго рабоце. Нездарма ўзровень злачыннасці на ягоным участку адзін з самых нізкіх не толькі на Жабінкаўшчыне, але і на Брэстчыне.
Сяргей Паўлавіч турбуецца пра бяспеку амаль трох тысяч жыхароў на хмелеўскім участку на працягу апошніх дзевяці год. Ведае ўсіх мясцовых. Адны вяскоўцы з павагай адносяцца да свайго ўчастковага, іншыя, што “сябруюць” з “саракаградуснай” ці ўчыняюць сваркі, — пабойваюцца. З такім “кантынгентам” Сяргей Галоўчык па рабоце сустракаецца часцей. Праводзіць таксама рэгулярна сустрэчы са школьнікамі, гутарыць са “складанымі” падлеткамі і не губляе з полю зроку тых, хто ўжо аднойчы меў сутычкі з законам. Пенсіянеры — асаблівая кагорта яго падапечных, бо адзінока пражываючыя бабулі і дзядулі часта становяцца ахвярамі зламыснікаў, якія пад відам продажу тавараў могуць “абчысціць” вясковую хату. Сяргей Паўлавіч рэгулярна наведвае пажылых людзей, тлумачыць, што нельга давяраць “гандлярам” і адчыняць дзверы незнаёмым. Яго нумар тэлефона ведаюць многія вяскоўцы і звоняць у любы час сутак, калі неабходна дапамога. Узгадваецца выпадак, калі ў вёску Сенькавічы з буйной пакупкай да мясцовага жыхара прыехаў сябар. Веласіпед паставіў ля сцяны хаты, а сам з гаспадаром накіраваўся на кухню. У гэты час па вуліцы ішла жыхарка вёскі, пабачыла пакупку, пакінутую на багажніку, ціхенька сцягнула і частку рэчаў схавала пад ложкам у сваёй хаце, астатняе аддала знаёмай. Думала, што ніхто не даведаецца, аднак Сяргей Паўлавіч вельмі хутка выйшаў на след сквапнай да чужога. Жанчына, дарэчы, ужо сядзела на лаве падсудных.
Сяргей Галоўчык — сапраўдны прафесіянал сваёй справы, умее аналізаваць абставіны, прымаць правільныя рашэнні, прыходзіць на дапамогу і папярэджваць злачынствы. Яго паважаюць калегі, цёпла адгукаюцца жыхары Хмелеўскага сельсавета.
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара
Главные новости
