“Зімовая казка” прыйшла 21 снежня ў кінатэатр “Юбілейны”. Пад такой назвай тут ладзіўся навагодні ранішнік для выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.
Пад дахам Дома кіно сабраліся Дзед Мароз і Снягурка, Мэры Попінс і Баба Яга, сняжынкі і снегавічкі, каб павіншаваць дзетак з надыходзячым Новым годам і Раством Хрыстовым.
Тэатралізаванае прадстаўленне з песнямі і танцамі, урыўкамі з фільмаў і мультфільмаў парадавала малечу і падарыла шмат прыемных незабыўных хвілін.
Дзеці вераць у Дзеда Мароза, у казку, у цуды. Выдатнымі былі выступленні навучэнцаў першай гарадской, Ленінскай і Якаўчыцкай школ, якія падрыхтавалі для сваіх равеснікаў з карэкцыйнага цэнтра святочныя нумары.
А які ж навагодні ранішнік без падарункаў? У ролі добрых чараўнікоў выступілі супрацоўнікі “Беларусбанка” і фермерская гаспадарка “Бярозка”, якія набылі для дзяцей ласункі-падарункі і пажадалі, каб салодкіх казачных хвілін у іх жыцці было як мага больш.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота аўтара










