Калі рагазнянцы сёлета першымі закончылі жніво, дык хлебаробы з “Вазнясенскага” першымі займелі вадзіцеля-двухтысячніка
Летась у гэтыя дні раён ужо рапартаваў аб заканчэнні ўборачнай кампаніі, а сёлета яе тэрміны расцягнуліся з-за дажджоў. На жаль, цяжкія зернеўборачныя камбайны- “дванаццаткі” часам гразнуць, таму не ўсюды ў нізінах можна пусціць тэхніку.
— У нас засталося ўборкі на два-тры дні. Каб не “азёры” на палях, даўно справіліся б, — кажа дырэктар ААТ “Вазнясенскі” Надзея Кандрацюк. — Мяркуем атрымаць збожжа не менш, чым летась. Спадзяемся, што надвор’е паспрыяе нам і не “заплача” зноў дажджамі, бо трэба ўбіраць хлеб. А яшчэ — звозіць салому, рыхтаваць глебу пад ураджай будучага года.
І хаця да фінішу ўборкі зерневых засталося ўсяго некалькі крокаў, вазнясенцы не перастаюць здзіўляць дасягненнямі: у гаспадарцы шмат рупліўцаў, якія намалацілі тысячу тон. А вось вадзіцель Сцяпан Кандрацюк пераўзышоў усіх: перавёз ад камбайнаў ажно дзве тысячы тон збожжа! Улічваючы, што каласавыя ў “Вазнясенскім” яшчэ не абмалочаныя, гэтая лічба падрасце. Чым не нагода адзначыць такі выдатны своеасаблівы рэкорд прыемным падарункам ад райкама прафсаюза работнікаў АПК?! Яго старшыня Любоў Каберна ў панядзелак уручыла лідару жніва каштоўны падарунак з пажаданнямі займець у скарбонцы яшчэ мінімум адну тысячу тон перавезеных хлебных зярнятак.
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара
