“Маладым паўсюль у нас дарога…” Гэтыя словы з вядомай песні прыгадваюцца, калі бачыш, як істотна амаладзіўся кадравы састаў Жабінкаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Тут з ахвотай прымаюць на службу маладых байцоў, каб выгадаваць неўзабаве сапраўдных агняборцаў-арлоў.
Гонар дачкі
Са снежня 2020 года вадзіцелем у РАНС шчыруе стараселец Аляксандр Цераз. А пачыналася Сашава служэнне людзям і Радзіме з аддзела Дэпартамента аховы. Каля дзясятка гадоў малады чалавек ахоўваў спакой жабінкаўцаў, за абясшкоджанне небяспечных злачынцаў нават быў узнагароджаны і прэміраваны. Дарэчы, побач з Аляксандрам у ахове служыў брат Віталь. Зараз ён на варце закону і правапарадку ў горадзе над Бугам.
З цягам часу Саша вырашыў памяняць міліцэйскую форму на пажарную, паспрабаваць сябе ў новым амплуа. Кіраўніцтва раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях прыхільна прыняло пад сваё “крыло”, за маладым вадзіцелем замацавалі настаўніка Ігара Бандарчука. Сёння Ігар Мікалаевіч – начальнік дзяжурнай змены, у якую, акрамя Аляксандра Цераза, уваходзяць старшы інструктар-выратавальнік Аляксандр Місіюк, дыспетчар Сяргей Пінчук, вадзіцель Сяргей Семянюк і выратавальнік-пажарны Андрэй Баран.
– Тэхніку вельмі люблю, даглядаючы, даводжу яе да дасканаласці, – дзеліцца Аляксандр Цераз. – Усялякая машына мне падуладная: і пяцітоннік, і дзесяцітоннік, і аўталесвіца. Апошнюю аддзел набыў нядаўна, і мы вельмі ганарымся, што яна ў нас ёсць. Выкарыстоўваецца такі аўтамабіль, калі пажар здараецца ў шматпавярховым доме.
Дачка Аляксандра Аліна ганарыцца татам-выратавальнікам, але пакуль не вызначылася, ці хоча ў далейшым пайсці бацькавай сцежкай. Дзяўчынцы нядаўна споўнілася 11 гадоў, ёсць час падумаць над выбарам будучай прафесіі. Сам Аляксандр Аляксандравіч не вельмі хацеў бы, каб дачка падалася ў пажарную службу:
– Усё ж такі выратавальнік – гэта мужчынская прафесія, якая патрабуе мужнасці, сілы, вынослівасці. Даводзіцца сутыкацца і з гібеллю людзей на пажарах, у здарэннях на дарозе і вадаёмах. Жанчынам лепш гэтага не бачыць. Няхай вучаць або лечаць людзей.
А на вадаёмы дай бог выязджаць не па трывожным выкліку, а каб парыбачыць і адпачыць.

Старшы інструктар-выратавальнік
Таварыш Цераза па дзяжурнай змене Аляксандр Місіюк па часе амаль столькі ж служыць у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, але імкліва ўзнімаецца па кар’ернай лесвіцы, гэтак жа, як і па пажарнай, калі здараецца бяда. Пачынаў Аляксандр шараговым пажарным, затым камандаваў аддзяленнем аварыйна-выратавальнага паста №12 у Шпіталях, а з мінулага лістапада ён старшы інструктар-выратавальнік пажарнай часці №1 у Жабінцы.
Да таго ж Саша не стамляецца вучыцца. У 2021 годзе ён скончыў Салігорскі горна-хімічны каледж і завочна паступіў у сталічны Універсітэт грамадзянскай абароны МНС Беларусі, дзе займаецца зараз на чацвёртым курсе.
Як і ў сям’і Церазаў, так і ў шматдзетнай сям’і Місіюкоў Саша не адзіны і не першы, хто прысягнуў на вернасць Радзіме, закону і парадку. Старэйшы брат Дзмітрый амаль дзясятак гадоў адслужыў у паветрана-дэсантных войсках, малодшы Яўген заканчвае чацвёрты курс Ваеннай акадэміі.
– Мужчына – гэта абаронца: Айчыны, сям’і, жанчыны, – перакананы Аляксандр Місіюк. – А стаць дужымі і мужнымі нам дапамагаюць штодзённыя заняткі: баявыя разгортванні на тушэнне ўмоўнага пажару, выкананне нарматываў па фізічнай падрыхтоўцы. Вялікую ролю ў станаўленні нас, маладых, адыгрывае і падтрымка з боку кіраўніцтва ды старэйшых калег. Асабіста я на работу іду з радасцю, а дадому – з гонарам.
Саша інструктуе сваіх калег у тым ліку і па тыпах касцюмаў выратавальнікаў. Для кожнага надзвычайнага здарэння яны розныя. Ёсць робатападобны цяплоадбівальны касцюм ТОК, які зберагае ад высокіх тэмператур на пажары, а таксама ахоўны воданепрамакальны касцюм для групы выратавання на вадзе.
Але я чамусьці ўпэўнена, што маладыя хлопцы-агняборцы з большым задавальненнем апранулі б сёння касцюм Дзеда Мароза, каб павіншаваць усіх са святамі ды пажадаць моцнага здароўя і сухіх рукавоў калегам.
Слова начальніку
Да гэтых пажаданняў далучаецца і начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Алег Бутрым. Напярэдадні Дня выратавальніка Алег Анатольевіч жадае калегам дабрабыту, мірнага неба над галавой, шчасця, спакою, як мага менш выездаў на барацьбу з рознымі стыхіямі. А маладым агняборцам – двум нашым героям – начальнік зычыць кар’ернага росту і надзейнага тылу, прамаўляючы:
– Два Сашы – гонар наш, растуць прафесійна не па днях, а па гадзінах. Шкодных звычак не маюць, у футбол з захапленнем гуляюць, людзей ратуюць-абараняюць. Надзейная змена расце!
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота аўтара
P.S. А чытачам “Сельскай праўды” кіраўнік жабінкаўскіх выратавальнікаў раіць пазбягаць пажаранебяспечных сітуацый, выконваць правілы пажарнай бяспекі, бо загаранні лягчэй папярэдзіць, чым патушыць.
