Кастрычнік для іх сапраўды святочны месяц. Спачатку яны адзначаюць Сусветны дзень музыкі, затым Дзень настаўніка і нарэшце Дзень работнікаў культуры. Гаворка ідзе пра выкладчыкаў Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў Алену КАЗІНСКУЮ і яе былую вучаніцу, а сёння калегу Ксенію ФІЛІПУК. Настаўнік і вучань, вопыт і маладосць… Вашай увазе прапануюцца два партрэты ў музычным інтэр’еры.
І.
Алена Казінская з дзяцінства была ўлюбёная ў музыку, лавіла чуйным слыхам кожны гук.
— Музыка была маёй радасцю, крыніцай натхнення, — прызнаецца Алена Сцяпанаўна. — На маім шляху сустракалася нямала таленавітых педагогаў, якія адыгралі знакавую ролю ў маім жыцці. Напрыклад, Іван Ісакавіч ПІШЧУК адвёў мяне ў музычную школу, дзе маімі любімымі настаўнікамі былі Наталля Аляксееўна ГАРЛАЧОВА і Ірына Аляксандраўна ШЧАРБАКОВА.
Дзяўчына скончыла другую гарадскую і музычную школы ў Жабінцы, а затым Брэсцкае музычнае вучылішча. Атрымала спецыяльнасць “педагог па класе фартэпіяна, канцэртмайстар”. З цеплынёй Алена Сцяпанаўна ўспамінае і цудоўнага педагога Тамару Рыгораўну БУБЕН, і яе непаўторныя ўрокі. Улівацца ў прафесію Алене Казінскай давялося на Камянеччыне, далейшая дарога прывяла на малую радзіму.
— У тым, што я стала педагогам, лічу, немалаважная роля маіх бацькоў-настаўнікаў Зінаіды Цімафееўны ЯКІМОВІЧ і Сцяпана Навумавіча МУХІ, — дзеліцца мая суразмоўніца. — Яны былі прыкладам адданасці сваёй справе, любові да дзяцей, мелі аўтарытэт і павагу ад людзей.
Ужо цэлых 35 гадоў Алена Казінская навучае юных жабінкаўцаў ігры на фартэпіяна. Шмат працавала і ў якасці канцэртмайстра, неаднаразова ўзнагароджвалася дыпломамі і граматамі за высокае педа-гагічнае майстэрства і карпатлівую працу ў падрыхтоўцы ўдзельнікаў конкурсаў. А Падзяк і Лістоў падзякі за высокі прафе-сіяналізм, мэтанакіраванасць і дзейнасць па заахвочванні маладых пакаленняў да мастацтва — не злічыць! Яе выхаванцы пастаянна прымаюць удзел у разнастайных музычных конкурсах і фестывалях. Дачка Кацярына і Ксенія Філіпук, да прыкладу, адзначаліся за лепшае выкананне кантыленнай п’есы ў адкрытым фестывалі-конкурсе юных выканаўцаў “Пралескі”, Аліна ІЛЬЯНКОВА — у конкурсе “Новыя гарызонты”.
Сёння у Алены Сцяпанаўны тузін наву-чэнцаў, якім яна адкрывае новыя гарызонты, а трое яе былых вучаніц пайшлі дарогай свайго педагога, скончылі Брэсцкі музычны каледж імя Рыгора Шырмы і самі навучаюць дзетак музыцы. Гэта Юнона КРАСАВІНА, Алена ПРЫБЫШ і Ксенія ФІЛІПУК.
ІІ.
Ксенія ўлілася сёлета ў дружны згуртаваны калектыў дзіцячай школы мастацтваў як малады спецыяліст. Тыя, хто прысутнічаў 1 верасня на ўрачыстай лінейцы, пры-свечанай першаму званку, і на канцэрце да Сусветнага дня музыкі, атрымалі са-праўдную асалоду ад ігры Ксеніі Філіпук на фартэпіяна і яе вакальнага выступлення.
Малады спецыяліст адчувае двайную адказнасць: яна не толькі робіць першыя крокі ў прафесіі, але й ажыццяўляе іх поруч са сваім педагогам Аленай Казінскай. Старэйшая калега падтрымлівае і падба-
дзёрвае: “Усё будзе добра, усё атрымаецца!”
Алена Сцяпанаўна ведае, аб чым гаворыць. За плячыма Ксеніі сем гадоў музычнай школы і чатыры гады навучання ў Брэсцкім музычным каледжы імя Шырмы, перамогі ў розных конкурсах.
Зараз Ксенія Віктараўна, як называюць яе вучні, перадае сваю любоў да музыкі маленькім жабінкаўцам. Адкрываецца крышка раяля, пальцы педагога, нібы матылькі, пырхаюць над клавішамі — і нараджаецца чароўная мелодыя… А музыкант, як чараўніца, пераносіць слухачоў у розныя часы і месцы, кранае струны душы і сэрца.
Ксенія Філіпук — таленавітая асоба: любіць спяваць, гатаваць і чытаць. У Жабінкаўскай дзіцячай школе мастацтваў для яе ўсё роднае, знаёмае, як кажуць, дома і сцены дапамагаюць. Не страшная працоўная дарога, калі побач плячо педагога!
Няхай творчы тандэм Настаўніка і Вучня падорыць нам нямала цікавых праектаў, нумароў, выхавае яшчэ нямала лаўрэатаў і дыпламантаў розных фестываляў.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота аўтара
