Пад такой назвай 20 лютага ў Жабінкаўскай дзіцячай школе мастацтваў прайшоў цудоўны канцэрт, прысвечаны Дню роднай мовы.

Вядучыя імпрэзы нагадалі прысутным, што Міжнародны дзень роднай мовы быў абвешчаны Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА 17 лістапада 1999 года і адзначаецца 21 лютага. А паколькі святочны канцэрт у Жабінкаўскай дзіцячай школе мастацтваў ладзіўся ў пятніцу, тым самым яго ўдзельнікі яшчэ й падтрымалі акцыю “Кожная пятніца – роднае, сваё!”.


Вучні і настаўнікі школы мастацтваў стварылі непаўторную атмасферу, дзе гучалі не толькі словы пра важнасць і прыгажосць роднай мовы, але і музычныя творы беларускіх кампазітараў.
Парадавалі сваімі выступленнямі вакальны ансамбль “Валошкі” і хор “Вясёлыя ноткі”, вакальны ансамбль “Мажорынкі”, дуэт Паліны Уласюк і Сафіі Кіневай, Іуліта Літвінюк і Меланія Старун – ігрой на фартэпіяна, Дзіна Любачка – на домры, Вера Пракапук – на акардэоне. Паліна Барысевіч выканала цудоўную беларускую “Купалінку” на цымбалах у суправаджэнні канцэртмайстра Дар’і Клімук. Ансамбль баяністаў “НьюАнс” перадаў, як гучаць “Вясновыя ручаі”, а вось ансамбль гітарыстаў, якія навучаюцца ў Кацярыны Святловай, кранальна сыграў вядомую ўсім кампазіцыю “Хата бацькоў”. Да глыбіні душы праняло выкананне кампазіцыі “Жураўлі на Палессе ляцяць” – на трубе яе сыграў Іван Чыж. “Папуры на тэмы трох беларускіх песень” на цымбалах да ўвагі гледачоў прапанавала Ангеліна Клімчанка, чым скарыла іх сэрцы.
Няхай даруюць нам маленькія і дарослыя выканаўцы, чые імёны мы не назвалі: газетнай плошчы не хопіць, каб выказаць захапленне талентамі ды ўменнямі ўсіх юных спевакоў і музыкантаў, што далучылі прысутных да свету прыгожага.
Акрамя таго, вядучыя прапанавалі гледачам своеасаблівае падарожжа па прыпынках “Знаўцы беларускага фальклору”, “Пазнай слова”, “Перакладчыкі”, “Старонкі мінулага і сучаснага”. Тыя, хто завітаў на свята роднай мовы, з задавальненнем перакладалі словы з рускай мовы на беларускую, завяршалі прыказкі па іх пачатку, называлі словы па іх лексічным значэнні, адгадвалі загадкі. На прыпынку “Старонкі мінулага і сучаснага” гледачам неабходна было назваць другі хлеб беларусаў, жывёлу і птушку – сімвалы Беларусі, самы старажытны горад нашай краіны, беларускага першадрукара, возера, якое называюць беларускім морам. А вы ведаеце адказы на гэтыя пытанні?
Завяршылі канцэртную праграму нумары ў выкананні народнага аркестра народных інструментаў настаўнікаў школы мастацтваў, якім кіруе Святлана Зотава. Свята яшчэ раз нагадала нам, наколькі важна ведаць і шанаваць сваю спадчыну.

























































Наталля ВАЛОШКА
Фота Дзіяны МЕЛЬНІКАВАЙ
Больше фото
