Драмлёва – вечны боль і ўспамін

У мемарыяльным комплексе “Драмлёва” 20 сакавіка прайшоў мітынг-рэквіем, прысвечаны памяці спаленых вёсак Беларусі.

Удзел у ім прынялі старшыня раённага Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі Анатоль Шалтанюк, намеснікі старшыні райвыканкама, кіраўнікі сельвыканкамаў, прадстаўнікі працоўных калектываў, сілавых структур, грамадскіх арганізацый раёна, навучэнцы школ раёна, а таксама неабыякавыя жыхары Жабінкі, Брэста і Кобрына.

Напярэдадні 78-годдзя хатынской трагедыі мітынг-рэквіем стаў самотным напамінам пра ахвяр “вогненных вёсак”. Прысутныя ўспомнілі не толькі трагічны лёс Драмлёва, больш за 180 жыхароў якога фашысты спалілі жывымі (а тых, хто хацеў уцячы, расстралялі) 11 верасня 1942 года. Такая ж доля неўзабаве спасцігла вёску Хатынь, спаленую карнікамі 22 сакавіка 1943-га разам са 149 жыхарамі, сярод якіх было 75 дзяцей. Усяго ў бязлітасным агні Вялікай Айчыннай загінулі разам з жыхарамі больш за шэсць соцень беларускіх вёсак, 186 з іх больш не змаглі адрадзіцца. Фашысты і іх мясцовыя памагатыя не шкадавалі нікога – ні нямоглых старых, ні немаўлят. Таму абавязак кожнага беларуса – памятаць пра незлічоныя ахвяры, пакуты нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і не дапусціць падобнага цяпер.

– Сёння мы аддаём даніну памяці ўсім знішчаным фашыстамі беларускім вёскам, – сказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк. – Мы ніколі не змірымся з жахам бацькоў, на вачах якіх паміралі дзеці, са страхам малых, якія не разумелі, за што ў іхадбіраюць жыццё. Аплакваючы ахвяр тых жудасных падзей, аплакваем кожнага трэцяга жыхара Беларусі, што загінуў падчас вайны. Менавіта таму кожны год у мемарыяльны комплекс “Драмлёва” прыходзяць і будуць прыходзіць людзі, каб ушанаваць памяць загінулых і зрабіць усё магчымае, каб такія трагедыі не паўтараліся. Сёння горка ўсведамляць, што сучасны свет забывае сумныя ўрокі мінулага. Ваенныя пагрозы, тэрарыстычныя акты, міжнацыянальныя канфлікты прыносяць незлічоныя ахвяры. Існуе і пагроза захаванню стабільнасці і згоды ў нашым грамадстве. Таму, лічу, своечасовым стала рашэнне пра аб’яўленне 2021 года Годам народнага адзінства.

Анатоль Вітальевіч звярнуўся да моладзі з заклікам берагчы мір на беларускай зямлі, зрабіць яе яшчэ лепшай і больш стабільнай, каб у нашай краіне панаваў спакой.

Ад імя старэйшага пакалення зварот да маладых людзей прадоўжыў кіраўнік раённай ветэранскай арганізацыі Анатоль Старыцкі. Ён адзначыў, што сёлета спаўняецца 80 гадоў з пачатку Вялікай Айчыннай вайны, памяць пра ахвяр якой мы павінны захоўваць і берагчы, каб не паўтарыліся горкія старонкі мінулага. Асабліва цяпер усім нам трэба памятаць пра гэта і не дапусціць падобных падзей у Беларусі.

– Усё менш і менш застаецца сярод нас ветэранаў – прамых сведак трагічнага мінулага. Памяць – адзінае, што застаецца з намі назаўжды і чым мы можам аддзячыць тым, хто аддаў сваё жыццё за нашу будучыню.

Навучэнка 11 класа першай гарадской школы Ульяна Максімчук прамовіла:

– У Беларусі нямала месцаў, якія сталі сімвалам гераізму жыхароў краіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У кожным рэгіёне ёсць мемарыялы, падобныя “Хатыні”, што нясуць скрозь час памяць аб вёсках і чалавечых лёсах, якія забрала вайна. Нельга забываць тое гора, тыя пакуты, якія давялося вытрываць людзям у гады гітлераўскай акупацыі. Забыцца – значыць здрадзіць сучаснасці і мінуламу. Мы, маладое пакаленне, павінны ўшаноўваць памяць загінулых продкаў, дзякуючы якім мы сёння жывём у свабоднай мірнай краіне, і зрабіць усё магчымае, каб не паўтарыліся зверствы, што прынёс фашызм на нашу зямлю.

Пасля хвіліны маўчання ў памяць пра загінулых мірных жыхароў Беларусі ўдзельнікі мітынгу ўсклалі вянкі і кветкі да помніка ў Драмлёве.

Наталля ВАЛОШКА

Фота аўтара