І колькі б ні мінула гадоў, але ж ёсць даты, якія трэба трымаць у памяці ды прапісаць на сэрцы на вечныя вякі. Нават за межамі Беларусі знаёмае імя Хатынь, дый памятнае 22 сакавіка 1943 года, калі яна пера-тварылася ў попел. У той панядзелак праваслаўная царква ўзгадвала Сорак Себастыйскіх мучанікаў. Той дзень стаў апошнім і для 149 мучанікаў хатынскіх.
Бывае, лічбы гавораць грамчэй, тужлівей, жудасней за словы. Мы прыгадаем усяго тры лічбы, якія сведчаць пра лёсы нашых населеных пунктаў:
9097 знішчана
628 знішчана з людзьмі
186 знішчана з людзьмі
і больш ніколі і нікім
НЕ АДРАДЗІЛІСЯ.
Гэтыя 186 населеных пунктаў летам 1969 года ўвекавечаны на ўнікальных хатынскіх “Могілках вёсак”. Сярод вёсак, што пасля вызвалення не вярнуліся да жыцця, і нашае Драмлёва. У ім прыпынілася жыццё яшчэ раней — 11 верасня 1942 года, калі людзі адзначалі свята Усячэння галавы Іаана Хрысціцеля, або прасцей — Галавасек.
Калі ўзнікне ў каго нагода пабываць у Хатыні, не пашкадуйце кветак — пакладзіце да урны з драмлёўскаю зямлёй. Яе знайсці даволі проста. Запомніце ці запішыце адрас: мемарыял “Хатынь” паблізу Мінска, у ім ёсць “Могілкі вёсак”:
ДРАМЛЁВА — 3-я ў 9-м радзе.
Анатоль БЕНЗЯРУК
